Які малюнак! Гэта зноў жа ён, Эрнест Хемінгуэй. У сваім «Свяце, якое заўсёды з табою».
Франсуаза Саган — наша равесніца. Таму мы вельмі пільна сачылі, наколькі гэта было магчыма тады, за кожнай яе кнігаю.
Сваю першую аповесць «Вітанне, смутак» гэтая французская пісьменніца напісала ў 1954 годзе. Ёй тады не было яшчэ і дзевятнаццаці год. А ўжо першая кніга Франсуазы стала сапраўднай сенсацыяй не толькі ў Францыі, але і ў свеце. У дзевятнаццаць гадоў яна, дачка прамыслоўца і студэнтка літаратурнага факультэта Сарбоны, зрабілася літаратурнай зоркаю. Пра яе шмат пісалі, яе здымкі ды інтэрв’ю з ёю з’явіліся ў многіх газетах і часопісах. Яна, гэтае «даўганосае, узлахмачанае дзяўчо з разумнымі і сумнымі вачамі», хвацка, зухавата, на вар’яцкай хуткасці вадзіла свой «Ягуар» босая, была заўсёдніцай фешэнебельных пляжаў і рэстаранаў, піла віскі і пісала свае аповесці пра Сесіль, Поль ды Наталі.
А яе ж ваеннае дзяцінства было гэткім жа, як і наша. Яна жыла ў бабулі і, таксама, як і мы, ела «суп з бручкі», пра што піша Франсуаза ў сваёй кнізе «Сінякі душы».
Яе гераіні рабілі балюча іншым, але часцей за ўсё самі сабе. Пісьменніцу атаясамлівалі з яе гераінямі, якія адчуваюць сваю непатрэбнасць у жыцці, бо яна вельмі шмат чаго ўклала ў іх свайго, аўтабіяграфічнага. Саган злавалася на тых, хто так гаварыў, і я таксама быў на яе баку: не, Сесіль — гэта не Франсуаза. Не можа ж пісьменніца вось так давесці да самагубства чалавека, як Сесіль давяла сваю мачаху, а потым спакойна і нават з нейкім задавальненнем апісваць усё гэта ў сваім творы. Не, не, не! Франсуаза гэта Франсуаза, а Сесіль — гэта Сесіль. Сесіль, якую Франсуа Марыяк назваў «чароўнаю маленькаю пачвараю», не можа напісаць такую адкрытую кнігу. Проста па этычнай прычыне.
Першы аднатомнік Франсуазы Саган, у які ўвайшлі аповесці «Вітанне, смутак», «Ці любіце вы Брамса?» і «Крыху сонца ў халоднай вадзе», выйшаў у 1974 годзе. Думаю, вы не сумняваецеся, што ён стаіць і сёння на кніжных паліцах маёй бібліятэкі.
Мне ў ім найбольш спадабалася «Крыху сонца ў халоднай вадзе». Кніга пра няздзейсненае, няспраўджанае каханне. Пра той «туман ілжы і жалю, што навісае над абдымкамі».
З тэмай невыразнага смутку прыйшла ў літаратуру Саган. А ён, гэты смутак, згінае слабых і ламае нават моцных.
Наталі з аповесці «Крыху сонца ў халоднай вадзе» — моцная натура. Але ж.
Муж паставіў ёй умову: «Або заставайся зараз, або ўходзь назаўсёды».
Каханы, да якога яна прыйшла, п’яніца, гуляка, любіць іншых жанчын. Надоечы яна дала яму дзве аплявухі — Жыль усю ноч правёў у доме спатканняў пасля папойкі на Манмартры, а яна чакала яго адна.
Жылю ўжо ніхто не верыць, нават родная яго сястра не разумее, як з ім можна быць шчасліваю, а яна кахае яго.
Безвыходнае становішча.
І вось вялікая доза гардэнала. Бальніца. Рыжы доктар бядуе: «Вельмі позна».
І яе перадсмяротная запіска:
«Ты тут ні пры чым, мой дарагі. Я заўсёды была крыху экзальтаваная і ніколі нікога не кахала, акрамя цябе».
І ён бяжыць з бальніцы — куды, чаму, навошта? І толькі ўжо на апошняй прыступцы лесвіцы спыняецца. І чуе голас доктара, які крычыць яму ў пралёт:
— У яе нікога няма, акрамя вас?
І ён, задыхаючыся ад сэрцабіцця, «завагаўся, аднак адказаў праўду — ён ведаў, што гэта праўда:
— Нікога».
Эрве Базен, выдатны пісьменнік Францыі, якога я ведаў па раманах «Змяя ў кулаку», «Смерць коніка» і «Крык савы», спрабуючы разабрацца ў «новай хвалі» ў літаратуры, у сваім «Пісьме да маладога пісьменніка, які хоча атрымаць Ганкураўскую прэмію», піша і пра Саган:
«Па-першае, ёсць прытулак для Маленькага Я: сваё ўласнае нутро, Месье, Мадам і трэці; самалюбаванне: якія ж мы адзінокія ўдваіх, якія расчараваныя! Услед за Саган — за яе зманлівым поспехам — кідаецца цэлае пакаленне».
Прызнаюся, што і для нас, маладых і пачынаючых, проза Франсуазы Саган была своеасаблівым наркотыкам — мы ўвесь час памяталі, што яна ёсць у свеце. Аднак я шкадаваў тады, шкадую і цяпер, што ў нас, у нашай прозе не знайшлося ніводнай таленавітай паслядоўніцы гэтай выдатнай французскай пісьменніцы. У паэзіі, праўда, былі Жэня Янішчыц і Рая Баравікова, чый шчыры, захоплены, звонкі голас хваляваў, якія цудоўна пісалі і пра радасць, і пра сум на дваіх, а вось у нашай прозе такой жанчыны-пісьменніцы чамусьці не з’явілася дасюль, хоць беларускай літаратуры гэта, лічу, вельмі і вельмі трэба.
Дарэчы, Яўгенія Янішчыц і Раіса Баравікова сваёй маладой і бездакорна-адкрытай, сардэчнай паэзіяй так высока ўзнялі планку нашай беларускай жаночай лірыкі, што, на маю думку, і сёння ніхто не змог яе пераадолець.