Мікалай Гумілёў перакладаў вавілонскую паэзію, эпас «Гільгамеш» на рускую мову.
І я таксама перакладаў вавілонскую паэзію — на сваю, беларускую, мову. У вялікай падборцы вершаў вавіланян ёсць таксама і ўрыўкі з «Гільгамеша», з глінянай кнігі, у якой нярэдка сустракаеш і такое: «Ад гэтай табліцы захаваліся толькі фрагменты».
Ён абмыў сваё цела, уся зброя зіхцела,
І з ілба валасы на спіну ён закінуў,
З усім брудам расстаўся, ахінуўся ўсім чыстым.
Як накінуў ён плашч і як падперазаўся,
Як сябе ўвянчаў Гільгамеш тыярай, —
На яго прыгажосць заглядзелася Іштар, багіня:
«Я хачу, Гільгамеш, каб ты быў маім мужам».
Але Гільгамеш непахісны — нават багіню не хоча ён браць сабе за жонку!
Але ў жонкі сабе цябе не вазьму я!
І тлумачыць чаму:
З году ў год ты прыносіла адны рыданні.
Птушку-пастушка яшчэ ты любіла —
Ты яго ўдарыла, крылы зламала;
Ён жыве між лясоў і крычыць: «Мае крылы!»
І льва ты любіла, дасканалага сваёй сілаю, —
Сем і сем яму выкапала пастак.
І каня ты любіла, слаўнага ў бітве, —
Бізун, цуглі і плётку яму ты судзіла,
Мутнае піццё ты яму дазваляла наперад.
І яшчэ ты любіла пастуха — казапаса,
Які табе насіў папяловыя хлябцы,
Кожны дзень сасункоў табе рэзаў:
Ты яго ўдарыла — у ваўка ператварыла, —
Ганяюць яго цяпер свае ж падпаскі,
І сабакі свае яго за лыткі кусаюць.
Адчуваеце, з якою асалодаю я перакладаў на родную мову гэтыя даўнявечныя радкі!
І ў Афрыцы нібыта таксама сутыкнуліся нашы шляхі.
Мікалай Сцяпанавіч, прагнучы ўбачыць «загадкавыя, нецывілізаваныя землі», паехаў у Афрыку і дасягнуў цэнтра мацерыка — у Эфіопію ён трапіў увесь абадраны, у лахманах, з хвораю нагою, з чырвонымі ад запалення вачамі. Пасля вяртання ён напісаў афрыканскую паэму «Мік».
Сквозь голубую темноту,
Неслышно от куста к кусту
Переползая, словно змей,
Среди трясин, среди камней
Свирепых воинов отряд
Идет — по десятеро в ряд.
Мех леопарда на плечах,
Меч на боку, ружьё в руках, —
То абиссинцы; вся страна
Их негусу покорена,
И только племя Гурабе
Своей противится судьбе,
Сто жалких деревянных пик —
И рассердился Менелик.
Менелік? Цар цароў? Сам негус? Пра імператара Эфіопіі Менеліка ІІ я ўжо сёе-тое ведаў. Дзякуючы беларусу Аляксандру Булатовічу, — гусару, удзельніку Расійскага экспедыцыйнага корпуса ў Абісініі, які з войскам цара цароў прайшоў усю Эфіопію, аж да возера Рудольфа. У гэтым паходзе ён вёў эфіопаў! Булатовіч быў асабістым госцем Менеліка, Менелік узнагародзіў яго залатым шчытом і шабляю. «Я паслаў на вайну з расам Вальдэ Георгісам Аляксандра Булатовіча», — паведамляе цар цароў у Расію.
Булатовіч напісаў успаміны «З войскам цара цароў». Дзякуючы яму, чытаючы яго кнігу, і я прайшоў разам з імі той і складаны, і цікавы шлях па Афрыцы.
І таму каментарыі, якія зрабіў да паэмы «Мік» сам Гумілёў, мяне парадавалі, бо амаль усё з іх, што ён тлумачыць, я ведаў. Ведаў, што Аўта-Георгіс — ваенны міністр Абісініі, які вырас да гэтай пасады з рабоў; што Гурабе, маленькае негрыцянскае племя на паўднёвай мяжы Абісініі, якое захопліваў і Булатовіч; што Менелік — абісінскі негус; што негус — гэта цар; што Харар — горад у Абісініі: ад Харара да Энтата Булатовіч ехаў наперадзе войска; што тэдж — гэта абісінскае піва, любімы напітак эфіопаў.
Дзякуючы земляку мне ўдалося напісаць сваё афрыканскае апавяданне, якое ўвайшло ў кнігу «Зубрэвіцкая сага».
Увесь час мне карцела перакласці што-кольвек з Марыны Цвятаевай. Яе вершы ўражвалі і здзіўлялі. Яны ў савецкай паэзіі нібыта стаялі асобна. І гэта разумела сама паэтэса.
Моим стихам, написанным так рано,
Что и не знала я, что я — поэт.
Ворвавшимся, как маленькие черти,
В святилище, где сон и фимиам.