А пра дзяўчынку Ірачку, якая не вярнулася з прытулку, ужо ніхто і не ўспамінае.
У гібелі Марыны Іванаўны некаторыя даследчыкі яе жыцця і творчасці і сёння вінавацяць Мура, жорсткага, бескампраміснага, ганарыстага і таленавітага сына паэтэсы, які пакінуў гэты свет усяго толькі дзевятнаццацігадовым і якога яна так утрапёна і бязмежна любіла.
Мур, Георгій Эфрон, упарты і катэгарычны, у сваім дзёрзкім, нават цынічным хлапчукоўскім дзённіку вельмі недалікатна, з пагардаю і грэбліва, піша пра тую, што яго абагаўляла, сцвярджаючы, быццам бы яна так і не стала яму маці.
У Анастасіі Цвятаевай — таксама пісьменніцкі погляд, бездакорны стыль. Вось як па-мастацку яна апісвае з’яўленне ў іхнім доме Максіміліяна Валошына:
«І з ёй (Марынай) — я ніколі яшчэ не бачыла падобнага чалавека. Першае адчуванне — жаданне глядзець, слухаць, мець асалоду — і падрабязна разглядаць: вялікі? — не, зусім не. Але аграмадны. Сярэдняга росту. Нечалавечая галава на мажных, вельмі шырокіх плячах. Зеўс з татавай шафы! Гара кучараў, барада — невялікая. Як вогненная лава, што ўпала з кратара галавы. Каштанавая, з рыжынкаю. Рука — не па-мужчынску, а вялікая і цёплая, абдымае маю, вочы радасна, дапытліва ўцягваюць мой сустрэчны позірк. Вочы Пана з карціны Врубеля?! Не, не Пана. У таго — пустыя і страшныя. Гэтыя такія ж светлыя, як і тыя, але позірк запоўз у душу і ўлёгся там. Утульна, як кот, што скруціўся. Макс задаволена адпускае маю руку на волю, а позірк прадаўжаецца, і ў ім плаўна, без усялякай трывогі кружыцца пакой, уносячы мяне ў незнаёмую мне добразычлівасць, падбадзёрванне, супакаенне, пазнаванне. Вядзьмак! (Добры чарадзей з Марыніных вершаў?)»
Хіба гэта не мастацтва? Прафесійны пісьменніцкі погляд!
Аднак — стой! стой! стой! Пра Максіміліяна Валошына, пра ягоны Кактэбель я раскажу ў іншым месцы .
Я любіў слухаць, як чытала свае вершы Бэла Ахмадуліна. Словы, ціхія і даверлівыя, добрыя і шчырыя, клекаталі тады, як у птушкі, у яе горле.
У 1975 годзе у Ахмадулінай выйшаў у «Художественной литературе» тоненькі томік выбраных вершаў. Проста, але з вялікім густам аформлены. З прадмоваю самога Паўла Антакольскага. Прадмова цудоўная, але мне не спадабаўся пачатак. Прызнаны мэтр піша:
«Талент па-мужчынску моцны, розум па-мужчынску праніклівы. І калі пры гэтым Бэла Ахмадуліна прыгожая і абаяльная, то адным гэтым і абмежавана яе прыналежнасць да «слабой» паловы чалавечага роду. Яна паэт, а не паэтэса».
«Не! — хацелася мне пярэчыць знанаму паэту, якога я таксама любіў тады, хочацца ўсім пярэчыць і цяпер. — Не, Бэла Ахатаўна ў сваёй паэзіі заўсёды элегантная жанчына, яна менавіта паэтэса, а не паэт!»
Я вельмі люблю яе паэму пра Дождж.
Со мной с утра не расставался Дождь.
— О, отвяжись! — я говорила грубо.
Он отступал, но преданно и грустно
Вновь шел за мной, как маленькая дочь.
Дождь, как крыло, прирос к моей спине.
Его корила я:
— Стыдись, негодник!
К тебе в слезах взывает огородник!
Иди к цветам!
Что ты нашел во мне?
Меж тем вокруг стоял суровый зной.
Дождь был со мной, забыв про всё на свете.
Вокруг меня приплясывали дети,
Как около машины поливной.
Не, так ласкава мужчына-паэт не напіша. Так можа напісаць толькі жанчынапаэтэса!
Гэтая паэма «Казка пра дождж» прысвечана Яўгену Еўтушэнку. Ён, здаецца, быў тады ці не галоўны ў славутай тройцы — Ахмадуліна, Вазнясенскі, Еўтушэнка. І ўжо — муж Бэлы Ахмадулінай. Ці то яе мужам ён зрабіўся крыху пазней? А на той час быў проста закаханым у яе маладым паэтам.
У маёй бібліятэцы ранні Еўтушэнка сабраны амаль поўнасцю. А гэтай кнігі, я кажу пра «Узмах рукі», якая выйшла ў 1962 годзе, я пакуль што не меў. Пагартаў яе ў Барыса Сачанкі, у якога яна, вядома, ужо была. Спадабалася. Вершы пра Парыж. Толькі што, у 1960 годзе, напісаныя.
Какие девочки в Париже, черт возьми!
И черт — он с удовольствием их взял бы!
Гнеўны верш пра Верлена:
Мне гид цитирует Верлена,
Париж рукою обводя,
Так умиленно, так елейно
Под шелест легкого дождя.
Он не укладывался в рамки
благочестиво лживых фраз,
а он прикладывался к рюмке
и был безнравственным для вас.