І, нарэшце, цяжкое, як прысуд:
Вы под Верлена выпиваете
с набитым плотно животом.
Вы всех поэтов убиваете,
чтобы цитировать потом!
Слізгануў вачыма па змесце: «Ты ў каханні, вялікая, ацелая», «Верш адзеў на галінку я», «Босая жанчына каля рэчкі». А вось «Капенгагенская сустрэча». Аэрадром у Капенгагене. І раптам ідзе стары ў простай зялёнай куртцы з капюшонам. Ён не з’явіўся, а ўзнік. Ён — нібыта толькі што ад штурвала.
И, расстегнув рубахи грубый ворот,
Он отвергая вермут и перно,
спросил у стойки рюмку русской водки,
и соду он отвел рукою: «No.»
...Он так похож был на Хемингуэя!
...А после я узнал, что это был Хемингуэй.
Ага, у гэтай кнізе яшчэ не было тых адкрытых радкоў, якія на нейкі час стануць нібыта візіткаю Еўтушэнкі, будуць паблажліва ўсміхацца на шмат якіх вуснах і выклічуць нават непрыстойныя пародыі:
Кровать была расстелена,
И ты была растеряна.
Ты спрашивала шёпотом:
— А что потом? А что потом.
Не было тут яшчэ і ягонай паэмы «Мама і нейтронная бомба», у якой ён, расказваючы, як шукаў свае беларускія карані ў вёсцы Хомічы, што на Гомельшчыне, у Калінкавіцкім раёне, вельмі перабольшаў, а то і гіпербалізаваў наша, беларускае, умельства піць гарэлку — маўляў, баба Ганна, яго родзічка, наліла поўную шклянку самагонкі, выпіла да дна, а тады другую, а пасля — трэцюю, пятую, дзясятую, і толькі потым пачала расказваць.
Словам, кніга і без усяго гэтага запала мне ў душу. І я пачаў шукаць яе. Сіненькую такую кніжачку. З серабрыстымі палосамі на ёй.
А тут раптам на радаснай пачостцы, на якую нас, сваіх сяброў, запрасіў Грыша Барадулін — у яго нарадзілася дачушка Ілонка! — з’явіўся Фёдар Яфімаў з важкім пакункам у руках, у якіх была гэтая сіненькая кніжачка. Можа, дзесяць, ці нават больш экзэмпляраў. Фёдар, нібыта штосьці прадчуваючы, не хацеў нават разгортваць пакунак, аднак яго ўсё ж змусілі гэта зрабіць. Усе перадавалі кнігу з рук у рукі, усе разглядалі, гарталі яе, цмокалі языкамі, прасілі Яфімава прадаць яе ім, аднак кніжнік, суворавец, афіцэр-пехацінец, камандзір узвода і малады рускі паэт, якога я ўжо ведаў па першай кнізе вершаў «Армія», па яго армейскім афарызме: «Я ввинчивался в армию через левое плечо», нікому не аддаў ніводнага экзэмпляра.
І таму Грыша, калі Фёдар некуды адлучыўся на хвілінку, бачачы, што на кнігу найбольш гарэлі мае вочы, хуценька дастаў з пакунка адзін томік і махнуў яго па падлозе пад шафу.
Вярнуўся Фёдар, пералічыў кнігі — адной не хапае! Абшукаў літаральна ўсіх нас — няма! Абшукаў і ўсё, і ўсюды ў пакоі — таксама нідзе не знайшоў. А зазірнуць пад шафу — не здагадаўся.
Мы з Грышам маўчалі. А то і дапамагалі Фёдару шукаць. А я, вядома ж, не знайшоў у сабе сілы, каб падказаць Фёдару Архіпавічу: «Паглядзі пад шафаю. Можа, яна там.»
Назаўтра я забраў у Рыгора кнігу.
Ведаеце, я і сёння вінюся перад Яфімавым, мне няёмка, што я ў яго, па сутнасці, скраў кнігу. Але ж як я ганарыўся тады перад сябрамі — у мяне ёсць «Узмах рукі» Я. Еўтушэнкі!
Яна і цяпер стаіць у мяне на кніжнай паліцы. Сіненькая такая, з серабрыстымі палосамі.
Я, пішучы гэтае эсэ пра кнігі, узяў яе, пакарыстаўся, выпісаў цытаты і зноў беражліва паставіў на паліцу. І зноў сказаў:
Даруй мне, Фёдар Архіпавіч.
А, можа, з яе і пачаць?
3
Якую ж кнігу адшкадаваць, зняць з паліцы першаю?
Амаль кожную тады трэба было даставаць. І каб лягчэй гэтае даставанне адбывалася, завязваліся знаёмствы з кнігарнямі, кніжнымі базамі, у калектывах ствараліся таварыствы кнігалюбаў. Гэтыя таварыствы на сваіх пасяджэннях разглядалі, каго ўзнагародзіць з іх кнігаю «за працоўныя поспехі», арганізоўвалі жараб’ёўкі, каб вызначыць шчасліўчыка, які атрымае вельмі дэфіцытную падпіску. Тады нават выдаваліся спецыяльныя, так званыя «макулатурныя кнігі», для набыцця якіх трэба было абавязкова здаць пэўную колькасць кілаграмаў папяровай макулатуры.
Да гэтага кніжнага дэфіцыту падключаліся райкамы, гаркамы, абкамы і нават ЦК партыі, дзе складаліся свае спісы шчасліўчыкаў.
Мая аднакласніца, з якой я сядзеў за адной партаю ў школе і якая потым загадвала прадуктовым магазінам, нядаўна на сустрэчы аднакласнікаў пахвалілася мне:
— І ў мяне вялікая бібліятэка. Да мяне заўсёды прыходзілі хлопцы з райкама партыі са спісамі кніг і падпісак і пыталіся: «Што, Яфімаўна, будзем браць?» Ці паверыш, у мяне ўвесь Меражкоўскі стаіць!