І ў маёй бібліятэцы ёсць Меражкоўскі. Таксама, здаецца, увесь. Выбраныя творы ў чатырох важкіх тамах. А да рэвалюцыі поўны збор ягоных твораў выйшаў у 17 кнігах.
Дзмітрый Меражкоўскі — адзін з пачынальнікаў рускага сімвалізму, люты вораг савецкай улады.
Эстэтызм, індывідуалізм, крайні містыцызм, штучнасць тону паэзіі, бледныя вобразы ў прозе. Такім бачылі Меражкоўскага сучаснікі. Мусіць, ёсць такія думкі пра яго творчасць і сёння.
Самы значны твор Меражкоўскага ў прозе — гэта яго трылогія «Хрыстос і Антыхрыст». Пісьменнік выбіраў для даследавання самыя вострыя перыяды змагання паміж язычніцтвам і хрысціянствам, калі гэтая барацьба праяўлялася з найбольшай сілаю. Першы раман «Смерць багоў» (Юліян Адступнік) — пра гібель элінскага свету. «Уваскросшыя багі» — пра славутага Леанарда да Вінчы, які адначасова малюе «Тайную вячэру» і брыдкія твары язычніцкіх ідалаў, сумяшчаючы ў сабе два пачаткі — язычніцкі і хрысціянскі. І трэці раман — «Петр і Аляксей», бацька і сын, цар і царэвіч, дзе даследуецца супярэчлівасць старога і новага пачаткаў у гісторыі.
Тая ж, ужо згаданая, першая савецкая «Літаратурная энцыклапедыя», якая выходзіла ў 30-ыя гады пад рэдакцыяй А. В. Луначарскага, у сваім сёмым томе, дзе змешчаны і некралог з выпадку смерці Анатоля Васільевіча, піша пра герояў меражкоўскіх раманаў:
«Яны вядуць схаластычныя спрэчкі, цытуюць элінскіх мудрацоў, бачаць доўгія сны, вядуць вельмі сумныя дзённікі. Халоднае рэзанёрства, фальшывы пафас і прарочы тон пераважаюць у размовах і заглушаюць нямногія яркія старонкі».
Вось яшчэ некаторыя цытаты з той жа самай энцыклапедыі:
«Пралетарскую рэвалюцыю Меражкоўскі сустрэў з дзікай фанатычнай злосцю».
«Мастацкая творчасць Меражкоўскага эмігранцкага перыяду з’яўляецца яркім прыкладам ідэйнай дэградацыі і культурнага дзікунства белай эміграцыі».
«У плане літаратурнай спадчыны творчасць Меражкоўскага, рэакцыйная ад пачатку да канца, уяўляе безумоўна адмоўную велічыню».
Я не сумняваюся і радуюся, што мая аднакласніца чытала Меражкоўскага. Аднак яшчэ больш радуюся, што яе бібліятэка будзе чытацца і ў будучыні: сын ее — навуковец, выкладчык універсітэта, і яму кнігі, сабраныя маці, будуць вельмі і вельмі патрэбныя.
Значыць, Меражкоўскі ёсць і ў мяне. Ёсць і Андрэй Белы. Ягоны славуты раман «Пецярбург». Збянтэжанасць, разгубленасць пачуццяў.
Да «Пецярбурга» Белы — паэт, найвядомейшы паэт. З выдатнай рэпутацыяй. Ён папулярны і яго чытаюць. Ён — побач з Блокам. Тэарэтык і практык сімвалізму.
Раман пачаты ўвосень 1911 года. Гэта своеасаблівы вобраз, партрэт Пецярбурга. Партрэт праз людзей і падзеі.
Ліхалецце. Нейкі няпэўны час, які заражае няўпэўненасцю і аўтара. Аўтар не ведае, куды, у які бок павярнуць усё сваё даследаванне часу, светапоглядную мітусню. І гэтую яго няўпэўненасць адчуваем і мы. Зараз, у новым тысячагоддзі.
Белы разумее, што Расія стаіць на самым парозе нейкага новага павароту, нейкага новага жыцця. Але не разумее, якога. Ён ведае, што так, як жыла Расія, далей жыць немагчыма, але як трэба жыць — не ведае. Таму і мітусіцца.
А наперадзе — вайна, рэвалюцыя. А войны ж ды рэвалюцыі ніколі і нікому не дапамагалі разабрацца, не тлумачылі, як можна і трэба жыць.
І войны, і рэвалюцыі заўсёды толькі забівалі. Гэта тысячы, сотні тысяч, мільёны, дзясяткі мільёнаў забітых маладых людзей. Хлопцаў і маладых мужчын, ды і жанчын таксама, — у самым росквіце жыцця! — якім толькі жыць, кахаць, нараджаць дзяцей. Рэвалюцыі і войны — гэта катастрофы, якія вынішчаюць усё тое, што самае дзетароднае.
«Праблемы творчасці». Вялікі, тоўсты, амаль тысячастаронкавы фаліянт. Гэта — калектыўная манаграфія пра жыццё і творчасць Андрэя Белага — Барыса Мікалаевіча Бугаёва. Першая, лічыце, манаграфія.
«Як мы пішам» і «Пра сябе як пісьменніка» — роздум над сваёй літаратурнаю працаю і пра мастацкую творчасць увогуле. І яшчэ пра тыя абавязковыя сувязі з чытачом, пра якія павінен думаць і рупіцца кожны пісьменнік. Тут размова ідзе пра ўзаемаадносіны А. Белага са сваімі чытачамі. Белы вучыць чытачоў, як трэба чытаць. Цікавая думка: агульнадаступнасць для ўсіх друкаванага тэксту стварыла ілюзію яго лёгкага разумення. Пісьменны, умееш чытаць — і любая кніга адкрыта перад табою. Белы ж абвяргае гэту думку, сцвярджаючы, што чытанне — не толькі напружанне зроку, але і намаганне ўнутранага слыху, псіхалагічнага настрою, мабілізацыя сіл і працы: «Незразумелае не тое, што цяжкае (цяжкае сёння, заўтра — лёгкае); незразумела тое, што ў выніку намаганняў навучыцца па-мастацку чытаць, застаецца незразумелым».