«На мяжы двух стагоддзяў», «Пачатак веку» і «Паміж дзвюх рэвалюцый» — мемуарная трылогія Андрэя Белага — як лічаць даследчыкі яго творчасці, лепшае, што напісана Белым пасля «Пецярбурга».
Л. К. Даўгаполаў, аўтар першай савецкай кнігі пра Белага, піша: «Мы многае б не ведалі пра літаратурны рух на мяжы стагоддзяў, калі б гэта трылогія не была напісана. Белы стварыў абагулены вобраз часу — катастрафічнага, багатага на выбухі і ўзрушэнні сусветнага маштабу і значэння.»
Пра тое ж казаў і Л. Флейшман у калектыўнай амерыканскай манаграфіі пра рускага пісьменніка:
«Ніякія іншыя надрукаваныя мемуары, якія датычацца рускай літаратуры мадэрнізму, не могуць сапернічаць з мемуарамі Белага па багацці інфармацыі, па шырыні адлюстравання літаратурнага жыцця ці па таму ўнёску, які зрабіў іх аўтар у развіццё рускага сімвалізму».
Гэтая трылогія выйшла ў 1989 годзе ў шаноўнай намі, кнігалюбамі, «Серыі літаратурных мемуараў». Знаўцы сцвярджаюць, што яна па шырыні ахопу гістарычнага жыцця, багаццю яркіх характарыстык, паўнаце аўтабіяграфічнай споведзі роўная «Былому і думам» Герцэна ды «Гісторыі майго сучасніка» Караленкі.
Барыс Бугаёў, будучы Андрэй Белы, нарадзіўся ў сям’і прафесара матэматыкі Маскоўскага ўніверсітэта. Закончыў матэматычны факультэт таго ж універсітэта. Выхоўваўся ў асяроддзі тагачаснай маскоўскай прафесуры.
Ім, юнакам канца стагоддзя, усё было зразумела. Звыклы быт, дамашнія ачагі, сямейныя чаяванні. Яны наперад ведалі свой шлях. І раптам — мяжа веку. І невядомыя ім удары лёсу. Ліхалецце. Разгубленасць.
Нават спакойны Аляксандр Блок, аднагодак Белага, захваляваўся: «Что же делать? Что же делать? Нет больше домашнего очага!.. Радость остыла, потухли очаги. Двери открыты на вьюжную площадь».
«Не прайшло і пяці гадоў, — піша і Андрэй Белы, — як гэтыя «чайныя сталы», за якімі мы адпачывалі, выгнаныя адусюль, зрабіліся гурткамі, салонамі, рэдакцыямі, кнігавыдавецтвамі» .
У мінулым засталося старое стагоддзе, дзяцінства, дзе ён для ўсіх быў проста «Боранька».
«Брусава не цкавалі так, — скардзіўся Барыс Мікалаевіч, — таму што ён і не быў «Валенькай»; а я, Андрэй Белы, я менавіта «Боранькам» — быў: сядзеў на каленях Льва Талстога і мяне кармілі канфектамі».
Дзяцінства на каленях Талстога? Цікава. Але звычайна. Леў Мікалаевіч заходзіў да іх д ад ому. Заступаўся за каго-небудзь: тата Боранькі быў дэканам, і таму прыходзілі многія — прасіць за студэнтаў.
«Выразна памятаю, — згадвае Боранька, — мне гады чатыры; сяджу на каленях; і — пальчыкамі беражна за пылінкай здымаю пыліначку я з шараватых штаноў; бачу: з-за пляча шэры касмыль барады высоўваецца, густы, ён казыча шчочку; і голас, здавалася, такі, нібы ў плачы, мяккі, але густа-выразлівы, як у Танеева, штосьці даказвае; а бацька пацірае рукі; і чымсьці задаволены; і чуецца:
— Леў Мікалаевіч!
Я ведаю ўжо, што той шэры, упэўнены барадач — Леў Талстой; хто такі Леў Талстой, я не ведаю; і думаю: званне гэта, ці пасада ганаровая; пра Льва Талстога я чуў ужо вельмі часта; і — вось ён: здымае з каленяў, паварочвае; я стаю між каленяў, са здзіўленнем бачу такую вялізную бараду; такіх я ніколі не бачыў!»
Якія вобразы — і таго, пра каго расказваецца, і самога таго, хто расказвае! А якая дакладнасць малюнка!
Бацькі няма дома, маці разбірае бялізну, каб аддаць прачцы. Рэзкі званок, пытаюцца пра бацьку. Яму адмовілі. Маці пытаецца: «Хто быў?» — «Ды нейкі сівы дзядок з простых». Маці раптам зрываецца з месца, бяжыць да парэнчаў. «Леў Мікалаевіч, а вы мяне не хочаце і бачыць?» — «Не, чаму ж!» — усміхаецца
Талстой. Смех мяккі і старэчы». Вяртаецца. Маці няёмка: «Не, не сюды, тут я бялізну перабіраю». Дзядок настойвае, каб яна працягвала працу. Садзіцца побач. «Я той жа час злучыў гэты вобраз з тым, які жыў у памяці; і адразу заўважыў, што шэрая барада зрабілася зусім белаю, парадзела яна і зменшылася» .
А які партрэт Пятра Бабарыкіна, вядомага на той час раманіста!
«Бабарыкін быў лысы, такі ж; але быў жаўтавусы, а не сівавусы, худы і барвовы; высокі, вельмі рухавы, ён круціў галавою на тонкай выгібістай шыі з такой хуткасцю, што здавалася: адкруціцца; успыхваў, ускокваў з месца, рукамі хапаючыся за крэслы; і зноў садзіўся, каб зноў ускочыць і — стаць у позу, адну руку схаваўшы за жоўты пінжак (хадзіў у жоўтым ён), закінуўшыся галавою і спінаю і настаўляючы ларнет на вочы, на якіх, калі памяць мне не здраджвае, ужо былі акуляры.
Ён любіў уговорваць маці стаць актрысаю:
— Артыстычныя схільнасці, а — тут дом, быт і іншае.