І заканчваў панегірыкам захаду, эмансіпацыяй жанчыны ці шпількамі па адрасе
В. І. Танеева.
— Гэта таму, — усміхаўся Танееў, — што гады тры назад Бабарыкін падыходзіць і пытаецца: «Ты чытаў мой апошні раман?» Ну, а я адказваю: «Павінен табе заўважыць, што я ніколі не чытаю цябе.» З таго часу ён і лаецца. Хто ж, акрамя дурня бязмозглага, будзе чытаць Бабарыкіна».
Які жывапіс! Не, я не чытаў гэта, а бачыў! Я быў там, і на маіх вачах ператваралася ў арыгінальнага чалавека, у жывую субстанцыю гэтае ўцялесненае слова Белага.
Белы, калі яму трэба было знайсці нечаканае слова, часам зазіраў у лексікон Веліміра Хлебнікава.
Я ж Хлебнікава нават адважыўся перакладаць.
Непадобны ні на каго Велімір Хлебнікаў — легенда паэзіі ХХ стагоддзя. Ён здзіўляў усіх сваім незвычайным няўдзелам у звычайнай чалавечай мітусні.
«Быў ён, — піша яго вучань Мікалай Асееў, — падобны больш за ўсё на даўганогую задумліваю птушку, з яго прывычкай стаяць на адной назе, і яго ўважлівым вокам, з яго раптоўнымі адлётамі. і ўлётамі ў часаванне будучыні».
А яго настаўнік акмеіст Міхаіл Кузьмін запісвае ў дзённіках: «Прыйшоў Хлебнікаў. у яго рэчах ёсць штосьці яркае і небывалае. Чытаў свае рэчы геніяльна-вар’яцкія».
Сам жа ён называў сябе «Грамадзянінам свету». І нават не супраць быў узначаліць Урад Зямнога Шара, пра што і піша ў «Адозве Старшынь Зямнога Шара».
А на труне, у якой Хлебнікаў, трыццацісямігадовы паэт, «апушчаны ў магілку 1% аршына глыбінёю на могілках у Ручаях Наўгародскай губерні Цімафееўскай воласці, у левым заднім вуглу каля самой агароджы паміж елкаю і сасной», было напісана: «Першы Старшыня Зямнога Шара».
З якой апантанасцю я перакладаў некаторыя яго вершы:
Там, где жили свиристели,
Где качались тихо ели.
Вось як яны загучалі па-беларуску:
Там, дзе пелі амялушкі
І дзе белень елкі гушкаў,
Праляцелі, нібы птушкі,
У чародцы часары.
Там, дзе елкі век шумелі
Дзе пяюны крык прапелі,
Праляцелі, паляцелі
У чародцы часары.
А «Закляцце смехам»! Па-мойму, і яно ў мяне атрымалася:
О, засмейцеся, смяюны!
О, засмейцеся, смяшліўцы!
Што смяюцца смехунамі, што смяяняцца смяшліва,
О, засмейцеся усмейна!
О, рассмешышч смехатлівых — смех засмейных смеюноў!
Хлебнікаў ганарыўся гэтым сваім вершам. Нават у кароценькай аўтабіяграфічнай заметцы згадвае яго як падзею: «Надрукаваў: «О, засмейцеся, смяюны».
Праўда, у гэтай жа заметцы ёсць і іншыя цікавыя падзеі:
«Пераплыў заліў Судака (3 вярсты) і Волгу каля Енатаеўска. Ездзіў на незацугляных конях з чужых стайняў».
«У 1913 годзе быў названы вялікім геніем сучаснасці і гэтае званне захоўваю і да сёння».
«Не быў на ваеннай службе».
Перачытваю вялікі том Веліміра Хлебнікава «Творения». З вензелем «VX» на вокладцы, са здымкамі і малюнкамі. Гэта вельмі ёмкая кніга выбранага, у якой каля 200 вершаў, 26 паэм, драматычныя творы, «звышаповесці», проза, дэкларацыі, заметкі, аўтабіяграфічныя матэрыялы.
Я белорукая,
Я белокожая,
Ручьям аукая,
На щук похожая,
О землю стукая,
Досуг тревожу я.
Ах, гэта мова! Ах, яе вытанчанасць, прыгажосць! Яна ж сама сабою любуецца. Цешыцца. Гуляе! Так і чэшуцца рукі — хочацца адразу ж перакладаць, каб такое было і па-беларуску!
А некаторыя вершы, калі б іх захацелася перастварыць па-нашаму, перакладаць вельмі нават лёгка. Як, да прыкладу, вось гэтыя радкі:
Бруву ру ру ру ру ру!
Піце цапе сэ сэ сэ!
Бруву руру-ру-ру-ру!
Гэта з так званай «заумной» паэзіі Хлебнікава. З яго мудрагельства. А зірніце як лёгка перакладаецца на нашу мову: «пицце» замяніў на «піце» — і ўжо перакладзена, і ўжо па-нашаму..
А вось што і як гаворыць яго афрыканскі бог Ункулункулу:
Рапр, грапр, апр! Жай!
Каф! Бзуй! Каф!
Жраб, габ, бака — кук ртупт! тунт!
Гэта з паэмы «Зангезі». Пакуль перапісаў — замучыўся. Запісваў па літарах. Па некалькі разоў пераправяраў. Усё думаў, ці правільна запісаў.
Затое перапісаў — і верш ужо адразу перакладзены! На ўсе мовы свету! Бо гэта не словы, а толькі гукі. А гукі не перакладаюцца. Яны ж для ўсіх моў аднолькавыя. Як, скажыце, можна перакласці мяўканне кошкі, гаўканне сабакі, мычанне каровы.Ну і футурысты! Футурыст Уладзімір Маякоўскі, пра якога Іосіф Вісарыёнавіч Сталін сказаў, што ён «быў і застаецца найлепшым, таленавітым паэтам нашай савецкай эпохі». Застаецца такім і сёння. Сёння ў Расіі паэтаў, здаецца, шмат, а Маякоўскага — няма.