Выбрать главу

«Што са мною здарылася?» — падумаў ён».

Ого, цікава. Вельмі нават цікава. У нас, у Савецкім Саюзе, цяпер так не пішуць...

— Глядзі ты, сабраў нас, а сам не п’е, — сказаў хтосьці.

— П’ю, п’ю! — адказаў я. — За ўжо майго Франца Кафку! — я ўзяў са стала чарку, глынуў крыху з яе і, не закусваючы, зноў уткнуўся ў кнігу.

Там ужо ўсе хваляваліся.

Асцярожна пастукала ў дзверы маці: «Грэгар, ужо без чвэрці сем. Хіба ты не збіраўся ехаць?»

«Грэгар! Грэгар! — крычаў, грукаючыся, бацька. — Што здарылася?»

«Грэгар, — шаптала сястра, — адчыні, прашу цябе».

А як жа ён адчыніць тыя дзверы, якія звык, як і ў сваіх частых раз’ездах каміваяжора, замыкаць, зачыняць на ўсе засаўкі?!

«Яму патрэбны былі рукі, каб падняцца; а замест гэтага ў яго было мноства ножак, якія не пераставалі бязладна і з якімі ён да таго ж ніяк не мог саўладаць».

За сталом мае госці ўжо ажыўлена, забыўшыся на мяне, размаўлялі між сабою, а я быў у тым пакоі, дзе са свайго ложка спрабаваў злезці каміваяжор-насякомае.

«І ён пачаў выпіхвацца з ложка, разгойдваючы тулава па ўсёй яго даўжыні раўнамерна. Больш за ўсё турбавала яго думка пра тое, што цела яго ўпадзе з грукатам і гэта выкліча за ўсімі дзвярыма калі не жах, то ўжо ва ўсякім выпадку трывогу. І ўсё ж на гэта трэба было адважыцца».

І ён рыўком скаціўся з ложка.

«Удар быў гучны, але не тое каб аглушальны. Падзенне крыху змякчыў дыван, ды і спіна аказалася эластычней, чым думаў Грэгар, таму гук атрымаўся глухі, не такі ўжо і ашаламляльны».

І усё ж:

«Там штосьці ўпала», — усхвалявана сказаў кіраўнік фірмы, які прыйшоў ужо да Грэгара сам, каб разабрацца, чаму Земза не паехаў туды, куды яго паслалі.

Нарэшце, ён вызваліў сябе ад ложка! А як, з якімі цяжкасцямі, дапоўзшы, нарэшце, да дзвярэй, прысланіўшыся да іх, узняўся да замочнай адтуліны і ротам, у якім ужо не было зубоў, паварочваў, каб адчыніць у шчыліне ключ!

Адным словам, «Ператварэнне» я прачытаў у застоллі.

А раман «Працэс» смакаваў ужо дома.

Недзе нехта некага за нешта па нейкім, наперад устаноўленым, законе ўсур’ёз судзіць.

«Хтосьці, хутчэй за ўсё, узвёў паклёп на Йозефа К., таму што, не зрабіўшы нічога дрэннага, ён трапіў пад арышт. Кухарка яго кватэрнай гаспадыні фрау Грубах, якая штодзённа прыносіла яму сняданне каля васьмі, на гэты раз не з’явілася. Такога выпадку яшчэ не здаралася».

Ён крыху пачакаў і пазваніў. Адразу ж у пакой увайшоў нейкі чалавек.

— Хто вы такі? — спытаўся К. і прыўзняўся на ложку.

Аднак той, што ўвайшоў, нічога не адказаў, быццам бы ўсё гэта было звычайным, штодзённым, толькі сам спытаўся:

— Вы званілі?

— Хай Анна прынясе мне сняданне, — злосна адказаў К. і пачаў уважліва разглядаць незнаёмца.

— Ён хоча, каб Анна падала яму сняданне, — прычыніўшы дзверы, сказаў незнаёмец.

Там зарагаталі:

— Гэта не дазволена!

Ён выйшаў у другі пакой, але той, хто смяяўся, спыніў яго:

— Вам нельга выходзіць. Вы ж арыштаваны. Ідзіце ў свой пакой і чакайце.

Так быў арыштаваны хтосьці Йозеф К.

На поўным сур’ёзе пачынаецца, рыхтуецца працэс, у яго ўключаюцца шматлікія рэальныя інспектары, пракуроры, абвінаваўцы, ахова, выканаўцы, хоць сама па сабе сітуацыя робіцца зусім абсурднай, нерэальнай: ніхто не ведае, за што Йозефа К. арыштавалі, але ўсе імкнуцца даказаць, што ён вінаваты:

«Вось бачыш, Вілен, ён прызнаўся, што не ведае закона, а сам пры гэтым сцвярджае, што невінаваты».

І, урэшце, увесь гэты абсурд завяршаецца яшчэ большым абсурдам: уночы, недзе за горадам, каля невялікай закінутай каменяломні двое суб’ектаў-выканаўцаў у сурдутах і цыліндрах, якія, здаецца, прыраслі да іх валасоў, кладуць галаву Йозефа К. на камень і дастаюць нож — адзін на двух.

Ахвяра яшчэ паспявае падумаць: «Дзе ж суддзя, якога ён ні разу не бачыў? Дзе высокі суд, куды ён так і не трапіў?»

Відавочна, што так думае і сам Франц Кафка.

Ага, не для лёгкага чытання гэты раман.

Не, і сапраўды такога ў Савецкім Саюзе тады яшчэ не чыталі.

Пасля, у 1989 годзе, я набыў грунтоўны том твораў Кафкі, выдадзены ў серыі «Майстры сучаснай прозы». З цікавасцю перачытваю яго дзённікі, змешчаныя там. Аказваецца, ён цікавіўся рускай літаратурай, захапляўся Дастаеўскім.

15 сакавіка 1914 года Кафка запісаў:

«За труною Дастаеўскага студэнты хацелі несці яго кайданы. Ён памёр у рабочым квартале, на чацвёртым паверсе даходнага дома».

Шмат згадак пра Майстра і ў іншых месцах.