Выбрать главу

«Пісьмо Дастаеўскага да брата пра жыццё на катарзе».

«Сёння даволі-такі добрая нядзеля. У Хатэкскім скверы чытаў творы Дастаеўскага».

«Заўвага Макса пра Дастаеўскага, пра тое, што ў яго творах вельмі шмат псіхічна хворых. Зусім няправільна. Гэта не псіхічна хворыя. Азначэнне хваробы ёсць не што іншае, як сродак характарыстыкі, прычым сродак вельмі мяккі і дзейсны. Да прыкладу, калі ўвесь час гаворыш чалавеку, што ён абмежаваны і тупы, то, як толькі ў ім ёсць зерне дастаеўшчыны, гэта падштурхне яго паказаць усе свае магчымасці».

А вось што ён выпісвае з кнігі «Подзвігі Вялікага Аляксандра» рускага пісьменніка Міхаіла Кузьміна: «Дзіця, першая палова якога была мёртваю, ніжняя ж — з усімі прыкметамі жыцця. дзіцячы труп з чырвонымі ножкамі, якія варушацца». «Нячыстых цароў, Гогу і Магогу, якія харчаваліся чарвякамі і мухамі, загнаў у скалы, і там, у расколінах, да сканчэння свету запячатаў Саламонаваю пячаткаю». «Каменныя патокі, што замест вады нясуць з грукатам камяні, пясчаныя ручаі, якія тры дні цякуць на поўдзень, тры дні — на поўнач». «Мужчынападобныя жанчыны, з выпаленымі правымі грудзямі, кароткімі валасамі, у мужчынскім абутку». «Кракадзілы, якія мачою спальваюць дрэва».

Паміраючы, Кафка завяшчаў знішчыць усе яго рукапісы. Аднак ягоны сябра і душапрыказчык Макс Брод не паслухаўся ягонага запавету. І таму, калі пры жыцці Кафку ведалі толькі ў вузкім інтэлігентным асяроддзі, то пасля смерці ён атрымаў міжнароднае прызнанне.

Кнігу-біяграфію Гаршына, — якая выйшла ў 1962 годзе ў папулярнай серыі «ЖЗЛ» і якую мне не ўдалося набыць у Мінску, я прывёз з вострава Пуцяцін, што ў Ціхім акіяне. І на ёй тады напісаў: «Востраў Пуцяцін. 1964 г. »

Менавіта тады, у 1964 годзе, мы з Уладзімірам Дамашэвічам, афіцэры запасу, праходзячы вайсковыя зборы на Ціхім акіяне, працавалі ў газеце Ціхаакіянскага флоту «Боевая вахта», бывалі ў камандзіроўках — нават на самых новых марскіх базах.

З бухты Стралок на Пуцяцін мяне прывёз мінны тральшчык. Высадзіў на бераг, а сам паплыў па сваіх справах далей. Мне сказалі, што калі будуць вяртацца назад — забяруць.

Я абышоў увесь востраў. Пакупаўся ў возеры лотасаў, што пасярод выспы, зайшоў у адзіны астраўны магазінчык, ён маленькі і цесны, здаўся мне вельмі прасторным, бо людзей у ім, як, здаецца, і на ўсім востраве, не было зусім.

Узрадаваўся, убачыўшы на паліцы «Гаршына», і купіў кнігу. Яна каштавала усяго толькі 61 капейку, аднак рэшты ва ўсім магазіне не знайшлося нават з траячкі.

На востраве не было грошай! Усе з нецярпеннем чакалі іхняга чарговага завозу.

Я яшчэ раз, ужо не спяшаючыся, абышоў востраў.

Мінны тральшчык пакуль не вярнуўся. Чакаючы яго, сеў на траву каля возера

і залюбаваўся лотасамі, якія, буйныя і далікатныя, настойлівыя і вельмі прыгожыя, нібыта выстрэльвалі са спакойнай вады па ўсёй шырыні воднай прасторы: глядзі, дружа, запамінай, казаў я сабе, бо наўрад ці зможаш ты яшчэ калі-небудзь патрапіць сюды.

Потым разгарнуў толькі што набытага «Гаршына», якога напісаў Уладзімір Парудомінскі, і зачытаўся.

«Гаршын мала пражыў. Гаршын мала паспеў напісаць. Збор яго твораў — адна невялікая кніжка».

«Гаршынскія апавяданні (у іх, па словах самога пісьменніка, кожная літара вартая кроплі крыві) — гарачы пратэст супраць гвалту і несправядлівасці, вялікая любоў да людзей, якія пакутуюць і, прыніжаныя, шукаюць выйсця».

«Не было ў жыцці Гаршына дня, які б ён не марыў прысвяціць служэнню людзям. Не было ў творчасці Гаршына радка, у якім бы ён не сцвярджаў права чалавека на шчасце».

2 лютага 1855 года ў маёнтку «Прыемная даліна» Бахмуцкага павета Екацярынаслаўскай губерні ў ротмістра кірасірскага палка Міхаіла Ягоравіча Гаршына і яго жонкі Кацярыны Сцяпанаўны Акімавай нарадзіўся сын Усевалад.

Калі яму было пяць гадоў, у хлопчыка пачаўся вельмі бурны перыяд яго жыцця. Яго кралі: спачатку маці ў бацькі, а затым — бацька ў маці.

«Снег, снег. Палазы лёгка слізгаюць па наезджаным шляху. І раптам, як у казцы: «Стой! Стой!» Шалёныя чорныя коні аднекуль збоку, быццам якраз з-пад снегу, вырваліся на дарогу. Вазак спалохана нацягнуў лейцы. Кацярына Сцяпанаўна рэзка расчыніла дзверцы. Нечакана з’явіўся Пётр Васільевіч. Прапхнуў плечы ў вазок, узяў Усевалада пад паху: «Пойдзеш да мяне?» Нянька Ефрасіння ўчапілася ў хлапчуковую шубку, завыла, загаласіла: «Не аддам! Не аддам! Барын не дазволіў!» — «Ды пусці ты!» Рукаў шубкі затрашчаў. «Хутчэй! Хутчэй!» — крычала маці ўжо з кібіткі, якая стаяла поперак дарогі. «Грэх! Грэх!» — узняўся над белым стэпам няньчын голас. Усевалада загарнулі ў папону. «Пайшоў!» — загадаў Завадскі, падаючы на сядзенне побач з маці».