— Можа, трэба было Г аршына пакласці ў лячэбніцу?
Фрэй замахаў рукамі:
— Што вы! Што вы! Ён жа вось-вось з сабою пакончыць!
— Тады тым больш гэта трэба было зрабіць!
Фрэй раззлаваўся:
— Я не жадаю, каб у маёй бальніцы хто-небудзь канчаў самагубствам! Хай едзе ў Кіславодск.
Рэчы ўжо былі складзены. Рана раніцою Гаршын ціха выйшаў на лесвіцу. Зірнуў у лесвічны пралёт.
Ведаў, што гэта нельга рабіць. І ўсё ж пералез цераз поручні.
— Зачыталіся? — пачуў я над сабою. — Во схаваліся — ледзь знайшоў. Паплылі дадому.
Матрос падаў мне руку, і мы разам з ім пайшлі да берага, ля якога ўжо стаяў мінны тральшчык, каб забраць мяне з вострава Пуцяціна і завезці «дадому» — у бухту Стралок.
У маёй бібліятэцы — каля палавіны кніг з найпапулярнейшай у Савецкім Саюзе серыі «ЖЗЛ», якія выйшлі ў ёй за ўвесь час яе існавання. У мяне ёсць біяграфіі Спартака, Кромвеля, Еўрыпіда, Пятра Першага, Аляксандра Неўскага, генералісімуса Суворава. Паганіні і Рублёў, Жорж Санд і Вердзі, Бетховен і Эдгар По, Перыкл і Нільс Бор, Дэні Дзідро і Бажэнаў, Леанарда да Вінчы і Эдуард Манэ, Ліст і Бёрнс, Кант і Сен-Сімон, Рылееў і Жанна д’Арк, Фур’е і Ньютан, Міклуха-Маклай і Ганчароў. На маіх кніжных паліцах стаяць два «Дастаеўскіх» (Ю. Селязнёва і Л. Гросмана), два «Талстых», два «Рублёвых».
Аднак маё сэрца неяк пачынае шчымець, калі я бяру ў рукі кнігу «Гаршын», якую я прывёз з Пуцяціна — невялічкага астраўка ў Ціхім акіяне.
Я ведаў, што сваё імя аддаў востраву славуты рускі адмірал Пуцяцін, які, яшчэ зусім юны, зрабіў кругасветнае падарожжа, потым удзельнічаў у шмат якіх экспедыцыях, адкрыў шэраг астравоў, у тым ліку і гэтую невялічкую выспу сярод Ціхага акіяна, якую людзі назвалі востравам Пуцяціна.
А што я ведаю пра самога Пуцяціна? А што пра яго пісала мая першая дзесяцітомная «Малая савецкая энцыклапедыя», на якую я, яшчэ студэнтам, на сціплую стыпендыю, падпісаўся ў 1959 годзе?
Ага, вось ён, сёмы том. Пуцяцін Яўхім Васільевіч. Нарадзіўся ў 1803 годзе. Рускі дзяржаўны дзеяч, адмірал, член Дзяржаўнага савета. У 1842 годзе ўзначальваў рускую дыпламатычную місію ў Іране. У 1852—1855 гадах удзельнічаў у экспедыцыі на фрэгаце «Палада» на чале дыпламатычнай місіі. Заключыў спрыяльны для Расіі руска-японскі дагавор 1855 года ў Сімодзе.
Як заключаўся той дагавор, я ведаю. Бо чытаў пра гэта ў рускага пісьменніка Івана Ганчарова, які таксама ўдзельнічаў у гэтай экспедыцыі і напісаў кнігу падарожных нарысаў «Фрэгат «Палада», які ў маім васьмітомным Зборы твораў Івана Аляксандравіча склаў аж два важкія тамы.
Аднак, прызнаюся шчыра, тады ў запісках Г анчарова цікавілі мяне не Пуцяцін і нават не сам Г анчароў.
На фрэгаце «Палада» ў складзе місіі быў і наш зямляк Іосіф Гашкевіч. Я збіраўся пісаць пра яго эсэ, і таму мяне цікавіла ўсё, што згадваў пра Іосіфа Антонавіча Ганчароў.
У 1852 годзе з дыпламатычнай місіяй у Японію была паслана эскадра з чатырох караблёў («Палада», «Дзіяна» і інш.), якую ўзначаліў віцэ-адмірал Я. В. Пуцяцін. Сакратаром да яго быў прызначаны пісьменнік, аўтар рамана «Звычайная гісторыя» Іван Ганчароў, а драгаманам, перакладчыкам — наш зямляк, ураджэнец Міншчыны, дыпламат, вучоны-мовавед, даследчык Кітая і Японіі, натураліст Іосіф Антонавіч Гашкевіч. Яны, Ганчароў і Гашкевіч, плылі на флагманскім караблі, і, вядома, ж сустракаліся і з Пуцяціным, і самі між сабою.
Гашкевіч па дарозе збірае сваю калекцыю флоры і фаўны невядомых краёў.
Расказвае Ганчароў:
«Я заўважыў шмат велізарных мятлушак, потым штосьці падобнае на вос, з поўсцю і з плямаю на галаве. Адна такая, напярэдадні, седзячы ўжо на шпільцы ў скрынцы Гашкевіча, пракусіла наскрозь сігару, якую я ёй падставіў».
«Рыбы тут таксама разнастайныя, бліскучыя і дзіўныя, як і ўсё іншае. Гашкевічу прынеслі іх процьму: яны нанізаны былі на нітку. Якіх толькі дзівосаў не было тут! У адной толькі і ёсць што галава, а рот такі, што камар не пралезе; у другой адно пуза, трэцяя ўся складаецца са спіны, чацвёртая ў нейкіх шыпах, у іншай вочы пасярод цела».
«Тут Гашкевічу ўрачыста прынеслі змяю, такую вялікую, якой, за выключэннем удаваў, мы не бачылі: аршыны два даўжынёю і тоўстая. Яна варушылася ў бляшанай скрынцы; яе хацелі перасадзіць адтуль у вялікі шкляны слоік са спіртам; яна доўга ўпарцілася, аднак калі выгналі, то і самі не рады былі: яна раптам заслізгала па падлозе, і яе злавілі з цяжкасцю».
Гэта ў вольны ад працы час.
А вось і сама праца. Місія з «Палады» плыве ў Нагасакі на сустрэчу з японцамі:
«Ехалі на дзесяці шлюпках, якія расцягнуліся на вярсту. Парадак той жа, як і ў першую паездку ў горад, гэта значыць, наперадзе ехаў капітан-лейтэнант Пасвет, на адміральскай гічцы, каб сустрэць і расставіць на беразе каравул; далей, на баркасе, сам каравул, лікам пяцьдзясят чалавек; за імі кацер з музыкамі, потым кацер з крэсламі і слугамі, наступныя два займалі афіцэры: чалавек пятнаццаць з усіх судоў. Нарэшце адміральскі кацер: у ім, апрача самога адмірала, змяшчаліся камандзіры з усіх чатырох судоў: І. С. Ункоўскі, капітан-лейтэнант Рымскі-Корсакаў, Назімаў і Фуругельм, лейтэнант барон Круднер, перакладчык з кітайскай мовы І. А. Гашкевіч і ваш пакорны слуга».