Выбрать главу

Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею Акадэміі навук у Пецярбургу.

На вялікі жаль, калекцыя, сабраная на «Паладзе», у гэты музей не трапіла: «Дзіяна», другі карабель эскадры, на якім яна захоўвалася, затануў падчас буры.

Потым Гашкевіч быў першым рускім консулам у Хакадатэ. У знак вялікай павагі яму дазволілі наведацца ў глыбіню Японіі. Ён нярэдка бываў у сталіцы Эда (цяперашні Токіа) яго прымаў сам сёгун-імператар.

Усе яго называлі проста: «Белавалосы консул», усе любілі і паважалі.

Аднак, час ужо нам вяртацца, як кажуць, у свае воды. Прабач, а гэтыя, у якіх мірна туркоча наш мінны тральшчык, хіба не свае нам? Яны ж амаль тыя, якія тады падміналі пад сябе і «Палада», і «Дзіяна», і іншыя караблі пуцяцінскай эскадры.

Пра гэта я напісаў эсэ «Гашкевіч: на фрэгаце і на зямлі» і надрукаваў яго ў часопісе «Беларусь», дзе тады працаваў, пад рубрыкаю «Беларусы ў свеце». Дарэчы, пад гэтаю рубрыкаю я змясціў у «Беларусі» і шмат іншых эсэ: «Прэзідэнт Гавайскіх астравоў» (Судзілоўскі), «Целаахоўнік Сталіна» (Уласік), «Калі не стае Кардыльераў» (Дамейка), «Той, хто на «ты» з гетэраструктурамі» (Алфёраў), «Вялікае жыццё беспрытульніка» (Алейнікаў), «Бацька якуцкай літаратуры» (Пякарскі), «Да белых плямаў Сібіры» (Чэрскі), «Архіпрамяністы» (Зан), «У шкляным доме, без занавесак» (Булгарын), «Маці Ягелонаў» (Гальшанская), «Балерыны з прыгоннага тэатра» (Азарэвічавы), «Паперадзе звышгуку» (Сухі) і іншыя публікацыі пра нашых землякоў.

Як хораша беларусы дапамагалі свету жыць і радавацца жыццю!

Калі сюды дадаць і кароткія заметкі, якія я друкаваў усё ў той жа «Беларусі» пад рубрыкай «ХХ стагоддзе ў творах беларускіх мастакоў» (М. Шагал, М. Савіцкі, М. Селяшчук, В. Бялыніцкі-Біруля, Я. Батальёнак, Л. Шчамялёў, Я. Драздовіч, Г. Вашчанка, А. Марачкін, Ф. Рушчыц, П. Сергіевіч, Н. Шчасная, В. Шаранговіч, Ул. Басалыга, М. Станюта, К. Малевіч ды іншыя), мне здаецца, атрымалася б неблагая кніга. І нават назва ў яе ўжо, ведаеце, ёсць, — «Крыламі дакрануцца да Радзімы».

Потым, вярнуўшыся з Далёкага Усходу, я зацікавіўся Друцкім княствам, Друцк, сталіца якога, знаходзіўся кіламетрах у трыццаці ад маёй роднай вёскі. І яшчэ пазней на старажытных картах Друцкага княства я з радасцю сустракаў і свае Зубрэвічы. А калі ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя» выйшла навукова-папулярная кніга «Друцк старажытны», выдадзеная да тысячагоддзя Друцка, я аж ахнуў, аж зніякавеў ад нечаканасці: аказваецца, Друцкае княства — вельмі ж, ну вельмі маё княства! Аказваецца, мае Зубрэвічы ў старажытнасці таксама былі своеасаблівай сталіцаю, у іх знаходзіўся княскі маёнтак, у іх жыў князь Мітка Сякіра, сын славутага князя Сямёна Дзмітравіча Друцкага, з якім лічыліся і дружылі кароль Польшчы Ягайла і вялікі князь ВКЛ Вітаўт. Міцька на ўсіх сваіх паперах падпісваўся: «Князь Дзмітрый Зубрэвіцкі». І я, урэшце, зразумеў, што востраў Пуцяціна, які ў Ціхім акіяне, мае, хоць і невялікія, але ўсё ж прыкметныя сувязі з маімі роднымі Зубрэвічамі.

Род Сямёна Дзмітрыевіча Друцкага быў моцны і магутны. Два ягоныя сыны — Іван Баба і Іван Пуцята — сталі пачынальнікамі іншых слынных родаў: Бабічавых і Пуцятаў, Пуцяціных.

«Паводле расійскіх радаводаў, — чытаю ў кнізе «Друцк старажытны», — сын Івана Бабы Васіль даў пачатак князям Бабічавым, якія былі вядомы ў Расіі на працягу наступных стагоддзяў.

Да таго ж маскоўскія радаводы ведаюць чатырох братоў (Васіля, Багдана, Андрэя і Юрыя Дзмітрыевічаў Друцкіх), невядомых па крыніцах ВКЛ, якія нібыта выехалі з ВКЛ пасля паражэння мяцяжу Міхаіла Глінскага ў 1508 г.»

І далей у гэтым жа энцыклапедычным выданні я знаходжу:

«Род Івана Сямёнавіча Пуцяты працягнулі яго сыны Міхайла, Васіль, Дзмітрый і Іван Пуцяцічы. Ад Івана Іванавіча пайшлі князі Пуцяціны, прычым у ВКЛ іх лінія спынілася ўжо ў наступным калене, на пачатку 16 ст. Ад яго выводзіўся і род князёў Пуцяціных у Расіі».

Да таго ж, унук Івана Сямёнавіча Пуцяты Юрый у 1500 годзе ў бітве на Вядрошы трапіў у маскоўскі палон, застаўся ў Маскве, а ягоны сын Дзмітрый Юр’евіч ужо кіраваў абаронай супраць татар на рацэ Угра ў 1531—1543 гадах.