Выбрать главу

Хлопчык доўга не ўмеў чытаць і пісаць па-беларуску. Бывала, з зайздрасцю глядзіць на старэйшага брата, як той чытае кнігі, бачыць новы свет, усміхаецца яму. А ён, Пеця, павінен кожны дзень глядзець на адну і тую крапіву пад плотам ды на пасечаную калодку з уваткнёнай у яе сякерай. Яму таксама захацелася ўбачыць што-небудзь іншае. Аднаго разу хлопчык узяў звязаны нітачкай з двух палавінак аловак, кавалак тоўстай паперы, у якой маці прывозіла з горада мыла, і стаў выводзіць каракулі. Але ні чытаць, ні пісаць так і не навучыўся. Аднойчы брат Мікалай узяў яго за руку і паказаў, як пішуцца літары.

Прыязджаючы на канікулы, Мікалай апавядаў пра далёкія краіны, пра СССР, пра Днепрагэс. Пеця заганяў авечкі на Магілянскія горы, садзіўся дзе-небудзь у зацемку і марыў. Вось ён, вялікі і дужы, раптам стане інжынерам. Прыедзе ён тады ў Магіляны, перагародзіць плацінай Свіслач, пабудуе электрастанцыю і ўсім вёскам правядзе святло. Навакол вырастуць казачныя белыя дамы, ахутаныя сакавітай зелянінай. Сяляне дзякуюць бацькам за такога сына. Бацькі шчаслівыя і задаволеныя. Эх, як добра адчуваць, што ты зрабіў нешта карыснае людзям!..

Гэта было ў тыя гады, калі Пеця праз кавалачак каляровага шкельца мог паўдня захапляцца светам...

Але Мікалай скончыў школу, не атрымаў работы і вярнуўся дадому. Пецю мінула пятнаццаць гадоў. Абавязкі пасвіць авечак прыйшлося перадаць малодшай сястры, а самому шукаць заробкаў.

Аднойчы Мікалай з Пецем узялі косы і пайшлі ў суседнюю вёску Круглікі да памешчыцы Пачобут наймацца касіць. Мікалая пані забракавала адразу. Слабыя Пецевы рукі пакінулі на пракосе грыву, пані заўважыла гэта і прагнала яго з сенажаці. Гэтак скончыліся пошукі работы.

У малодшага Дзеншчыкава пачала прабуджацца свядомасць дарослага чалавека. I Пеця адчуў на сваім жыццсвым шляху такую перашкоду, пераадолець якую было гэтак немагчыма, як прабіць галавой скалу. Старэйшыя сябры абнадзейвалі:

- Пачакай, брат, мы яшчэ сваё возьмем!..

У Магілянах дзейнічала падпольная камсамольская арганізацыя, Пятро ўступіў у яе. У глыбокай канспірацыі ён збіраў сродкі на МОПР (Міжнародную арганізацыю дапамогі рэвалюцыянерам), на падтрымку іспанскіх рэспубліканцаў, біў вокны здраднікам, хаваў тых, каго шукалі паліцыянты, вадзіў ноччу людзей на Магілянскія горы для сустрэчы з кіраўнікамі падполля.

Пасля вызвалення Заходняй Беларусі Пятро збіраўся паступіць у школу, выношваў новыя планы, але ўсё абарвала вайна, і ён пайшоў на фронт.

Летам 1952 года жыхары суседніх з Магілянамі вёсак выбралі старшынёй узбуйненага калгаса імя Сталіна, дэмабілізаванага з арміі, Пятра Іосіфавіча Дзеншчыкава. Між іншым, калгасу перадалі і зямлю памешчыцы Пачобут.

2.

Ад мінулых часоў засталася спадчына. Жыхары тутэйшых вёсак верылі ў розныя прымхі і забабоны. Іншы селянін, асцерагаючыся якога-небудзь ашуканства, адмаўляўся падпісацца нават на паштовым бланку! У некаторых хатах віселі дошчачкі з выбітым сучком: праз яго цадзілі малако, гэта, па разуменню тутэйшых цётак, прыбаўляла надоі карове. Няўдалае вядзенне арцельнай гаспадаркі папярэднікамі новага старшыні зарадзіла ў людзей абыякавасць да калгасных спраў.

Набліжалася першая веснавая сяўба. Не было гною. Новы старшыня на праўленні прапанаваў: пакуль яшчэ падмерзлае балота трымае, на поле навазіць торфу! Усе ведалі добра, колькі трэба торфу для адной гаспадаркі. Таму раней яго нават і не вазілі. Хіба можна ўдабрыць усё калгаснае поле? I таму на прапанову старшыні толькі ўсміхаліся. А нехта проста заявіў:

— Пра гэта толькі хораша чытаць у кніжках! Жывёле былі патрэбны фермы, і новы старшыня з вялікай цяжкасцю дастаў пілараму. У той час па вёсцы ездзіў зборшчык утыльсыравіны і мяняў усякі тавар на жалеза. I Дзеншчыкаў пачуў, як хтосьці з натоўпу сказаў:

— Ну, цяпер будзе што нашаму магілянцу мяняць на папяросы!

Нават вестка аб тым, што сельгасарцелі выдзелена аўтамашына, была прынята без усякай радасці. А некаторыя нават упікнулі:

— Во цяпер будзем на яго працаваць, а ён сабе — катацца.

Прыкра і балюча было слухаць такія заўвагі ад людзей, якім Пётр Іосіфавіч з першых дзён працы аддаў усе свае сілы. I толькі разуменне таго, што гэтыя людзі ні ў чым не вінаватыя гаротнікі, якія так доўга не маглі выйсці з адвечнай цемры, дадавала старшыні сілы не кідаць пачатую справу. Пётр Іосіфавіч аднёсся да людзей добразычліва і з душой, без крыўды, ён адчуў у сабе прызванне вывесці іх на дарогу.

Па прыкладу сваіх Магілян, Дзеншчыкаў ведаў, што ў вёсцы заўсёды ёсць некалькі сялян, да якіх прыслухоўваюцца ўсе і лічацца з іхняй думкай. Разам з сакратаром партарганізацыі ён павёў справу так, што менавіта з такіх людзей было выбрана праўленне і брыгадзіры.