Выбрать главу

Дзеншчыкаў прыадкрыў перад імі заслону той будучыні, аб якой дарэмна марылі дзесяткі пакаленняў. Калгаснікі дружна ўзяліся за працу.

Восенню, у час разліку з калгаснікамі, толькі адзін сельмаг у вёсцы Пракопавічы прадаў сорак шэсць радыёпрыёмнікаў!

Калгас стаў мільянерам.

Калісьці масіўныя памешчыцкія пабудовы сялянам здаваліся вяршыняй гаспадарчай дасканаласці. Цяпер наяўнасць сродкаў дала магчымасць пабудаваць фермы настолькі лепшыя за памешчыцкія, наколькі тыя калісьці былі лепшыя за ўбогія сялянскія хлявы з вышчаранымі рэбрамі латаў.

5.

Многа клопатаў у старшыні калгаса. У жніво Дзеншчыкаў бывае дома не болей пяці — шасці гадзін у суткі. У пяць гадзін раніцы ён ужо праводзіць нараду брыгадзіраў.

Вось сабраліся яны.

— Трэба малаціць лубін. Не рана яшчэ, як вы думаеце?—пытае старшыня.

— Пара. Каб толькі не пабіў камбайн...— заклапочана кажа брыгадзір.

— Заўтра трэба паслаць дзве машыны па цэмент.

— А калі пашлём адну ў два рэйсы, а другую пакінем дома вазіць угнаенні на палі? — перабівае старшыню другі.

Усе згаджаюцца. Трэці ўстаўляе:

— Я думаю гной сёння прыворваць.

— Толькі тоненька, глядзі! А торф — лушчыльнікам,— раіць сусед.

— А табе трэба паслаць дваццаць чалавек на водаправод.

— Паслаць то пашлю, але хто яго ведае з гэтым водаправодам,— чэша патыліцу брыгадзір.— Вада з рэчкі, а летам у ёй столькі мікробаў...— Аднак, сустрэўшыся позіркам са старшынёй, відаць, успомніў мінулае, бо паправіўся:—Праўда, цяпер і на мікробаў управа ёсць...

I калі прыглядзецца, прыслухацца да гэтай нарады з боку, нават не падумаеш, што тут штаб вялікай шматгаліннай гаспадаркі. Быццам сабраліся радавыя, паважаныя людзі і спакойна, не спяшаючыся размаўляюць, спрачаюцца, а то і кідаюцца з'едлівымі словамі. Не вылучаецца сярод гэтых вусатых дзядзькоў і нізкарослы Дзеншчыкаў. Але пад знешнім спакоем і вытрымкай у гэтым чалавеку адчуваецца разумны і тонкі псіхолаг, цвёрдая воля камуніста.

Кіраўніцтва калгасам — справа творчая. А на творчасць здольны толькі людзі таленавітыя. Такім і аказаўся Дзеншчыкаў. Узаемная павага, давер'е, сумленнасць — вось якую атмасферу яму ўдалося стварыць сярод брыгадзіраў калгаса.

Гэтыя людзі бываюць і строгімі, калі трэба. Кошт працадня ў калгасе роўны прыкладна трыццаці рублям. Самым цяжкім пакараннем цяпер стала рашэнне праўлення спісаць з вінаватага некалькі працадзён. Гэта датычыць і членаў праўлення. Калі хто-небудзь з іх спазняецца на пяць хвілін, усе аднагалосна выносяць рашэнне аб штрафе. Аднойчы на праўленне спазніўся і сам старшыня. Тады нехта прапанаваў:

— Спісаць з Дзеншчыкава пяць працадзён!

Што ж, прыйшлося і ініцыятару такога парадку прагаласаваць і пакараць самога сябе на сто рублёў!

З самага пачатку сваёй дзейнасці Дзеншчыкаў дабіваўся, каб яго калгасная гаспадарка развівалася не аднабакова. Першы год ён думаў: «Ну, даб'юся вось гэтага, а там пойдзе лепш, адпачну». А дабіўшыся аднаго, ён ставіў перад сабой новую мэту. Калгас расце. Павялічваецца з кожным годам і аб'ём работ. Колькасць машын і трактараў пачалі лічыць ужо на дзесяткі. З'яўляюцца ўсё новыя і новыя клопаты.

Пабываў старшыня ў славутага агранома Мальцава. Той падказаў яму, чаму ўзаранае балота трэці год ляжыць мёртвым пластом: пры ворыве самы карысны слой балота загналі на метравую глыбіню. Цяпер старшыня для праверкі вопытаў Мальцава адвёў трыццаць гектараў.

У калгасе да гэтага часу не было добрага клуба, прыгожага школьнага будынка. I гэтым цяпер заклапочаны Дзеншчыкаў.

6.

Ідзе сяўба. Раптам чуткае вуха старшыні ўлавіла, што на полі змоўкла грукатанне трактара. Дзеншчыкаў сеў на каня і паімчаў да машыны.

— Задні мост перагрэўся! — разгублена паведаміў трактарыст.

Давялося зараз жа дапамагчы механізатарам.

Вяртаючыся з поля, Дзеншчыкаў заглянуў на птушнік. Там у гусятніцы Вольгі Пытлевіч свая бяда. Для гусак-нясушак нядаўна зрабілі спецыяльныя гнёзды. Думалі, усё будзе добра, ды не ведалі гусінае пароды. Гусакі, як выявілася, лішне клапатлівыя «мужы». Ходзяць яны парамі. Прывядзе ў гусятнік гэткі раўнівец сваю «жонку», пасадзіць на гняздо, стане ў дзвярах і нікога больш не пускае. Іншыя «мужы» скубуць яго так, што пух, нібы снег, лятае ўсюды, а ён не здаецца і горда стаіць на варце.

Дробязь? Гусі раскідаюць яйкі па полі, а гэтага толькі і чакаюць каршуны. Смех і гора!

А вось сакратар партарганізацыі прыйшоў параіцца. Працавітая дзяўчына Л. угаварыла сябе, што яна вельмі непрыгожая і ніхто не возьме яе замуж. Начытаўшыся рэлігійных кніжак, вырашыла пайсці ў... манастыр. Хто б падумаў, што такое яшчэ ў нас бывае?!