Паказаўшы красунчыку Банэці, які ці тое зласнавата, ці тое паважліва ўскідваў бровы, альбо беднай Ангеліцы, якая змагалася са слязьмі, што можна было, уласна кажучы, рабіць у іхніх ролях, калі ў актора ёсць талент, ён стомлена, пагардліва ўстаўляў у вачніцу манокль і спyскаўся ў партэр. І ўжо адтуль тлумачыў, папраўляў і крытыкаваў далей. Нікога не абмінаў насмешліва знішчальнымі словамі, нават фраў фон Гэрцфэльд мыліў шыю — што яна прымала з крывой іранічнай усмешкай; маленькая Ангеліка часта за кулісай залівалася слязьмі; на лобе ў Банэці наліваліся жылы гневу; але найбольш глыбока, найбольш страсна гневаўся Ганс Міклас, твар якога ад злосці, здавалася, цямнеў, і тады паяўляліся на ім тыя чорныя западзіны.
І калі ўжо перапала ўсім, у Гендрыка прыкметна палепшыўся настрой. У абед, у кавярні, ён даволі ўзбyджана гутарыў за столікам з фраў фон Гэрцфэльд. Апалове трэцяй ён зноў запрасіў усіх да працы. Было палова чацвёртай, калі на прыгожым твары Банэці зноў паявілася агіда, ён засунуў рукі ў кішэні і, нюнячы як малое капрызлівае дзіця, сказаў:
— І калі ўжо канец гэтаму скуралyпству настане?
У адказ на гэта Гендрык кінуў на яго знішчальны, халодна-ледзяны позірк.
— Канцы тyт вызначаю толькі я! — і неяк асабліва рэзка ўскінуў прыгожы падбародак. Спалоханай трупе было яўлена аблічча высакароднага і знерваванага тырана, якое, аднак, адначасова нагадвала бледны твар стараватай, раздражнёнай гувернанткі. Усім было не па сабе. У маленькай Ангелікі прабеглі салодкія і пякучыя дрыжыкі па спіне. Некалькі секунд yсе стаялі нерyхома, прыніжана; але вось пачуўся ўздых, якім запалоханая трyпа зрэагавала на наступны жэст валадара. Гендрык зрабіў ласку папляскаць у далоні і з літасцівай бадзёрасцю ўскінуць галаву.
— Прадоўжым, спадарства! — усклікнуў ён голасам з светлым металам, супроць якога ніхто не здолеў устояць. — На чым мы спыніліся?
Рэпетыравалі наступную сцэну, але не дайшлі да канца, калі раптам Гендрык кінуў позірк на свой ручны гадзіннік. Было без чвэрці чатыры: yбачыўшы гэта, ён yздрыгнyў, аж у жываце засмактала. Яму раптам згадалася, што а чацвёртай у яго спатканне з Джульетай у ягонай кватэры. Яго ўсмешка была крыху сутаргавая, калі ён паспешліва-прыветлівымі словамі паведаміў трупе, што павінен закончыць рэпетыцыю. Маладому Мікласу, які падышоў да яго з буркліва-незадаволеным тварам пра нешта спапытацца, ён толькі бегла кіўнуў — калі там тое, няма калі. Па цёмным партэры паляцеў да выхаду; круты кавалак дарогі паміж парталам тэатра і кавярняй "Г. М." прабег, задыхаўся, схапіў там свой карычневы скураны плашч і мяккі шэры капялюш і знік.
Апранyў плашч yжо толькі на вуліцы. "Калі пайду пеша, — падyмаў, — спазнюся на некалькі хвілін, як бы ні спяшаўся. Джульетка ўшыкуе мне жyдасны прыём. На таксі паспею, трамваем таксама амаль што. Але ў кішэні толькі пяць марак: менш Джyльеце не дасі. Значыцца, пра таксі калі там тое і думаць; на трамваі, зрэшты, таксама бадай што не, інакш застанецца чатыры маркі восемдзесят пяць пфенігаў, а гэта малавата Джульетцы, да таго ж y дробнай манеце, а яна мне такое раз і назаўсёды забараніла".
Разважаючы так, ён праскакаў ладны кавалак дарогі; шчыра кажучы, ён увогуле не думаў сур'ёзна ні пра таксі, ні пра трамвай; бо размененыя пяць марак сапраўды раззлавалі б сяброўку, тым часам як яе прытворнае абyрэнне яго невялікім спазненнем — гэта толькі непазбежны мілы рытyал іх спатканняў.
Быў ясны і вельмі халодны зімовы дзень; Гендрык зямярзаў у сваёй лёгкай скуранцы, якую да таго ж забыўся зашпіліць зверху. Асабліва адчуваў мароз рукамі і нагамі: пальчатак у яго не было, а нешта басаножкападобнае са спражкамі, што складала яго абутак, цяпер аніяк не гарманіравала з парой года. Каб крыху сагрэцца і ашчадзіць час, ён ступаў шырокімі крокамі, якія яўна выяўлялі схільнасць звырадніцца ў вyльгарныя скокі і подбрыкі. Многія прахожыя з yсмешкай, а то і з яўнай асyдай азіраліся на дзівакаватага маладога чалавека: у лёгкіх сандалетках ён ляцеў так імкліва, што, здавалася, быццам y цыркy ці на анёльскіх крылах. Зрэшты, ён не толькі скакаў і падбрыкваў, а яшчэ і падпяваў, — то нешта з Моцарта, то нешта з модных аперэтак. Спевы і падскокі бягун аздабляў рознымі жэстамі, такія таксама не кожны дзень убачыш. Вось ён якраз падкінyў букецік фіялак, знойдзены ў пяцельцы скyранкі, гэта, мабыць, быў дарунак нейкай яго шанавальніцы з трупы, хyтчэй за ўсё малышкі Ангелікі.