Выбрать главу

— А хто мне казаў, што я сэнс твайго жыцця, і ўсякую такую бздуру? — лютавала прынцэса Тэбаб.

Гендрык закусіў губу, спрабаваў перапрасіцца.

— Ты мне хлусіў! — ягліла дачка правадыра. — Я заўсёды думала, што ты хлусіш сам сабе, але ты хлусіў мне, — божа, ніколі не ведаеш, якім подлым можа быць чалавек!

У яе раскацістым голасе і твары былі сапраўднае абурэнне і горкае расчараванне.

— Але я за табою не пабягу, — закончыла яна горда. — Я табе не тая, што як сучка бегае за кабялямі, хай другая, калі такую знайшоў, хлешча цябе плёткай колькі табе ўлезе, — калі ласка!

Гендрык быў рады, што яна не будзе бегаць за ім. Ён зрабіў ёй грашовы дарунак, яна, буркліва, прыняла яго. Але ўжо з парога яшчэ раз акінулася сваёй пераможнай усмешкай.

— Толькі не думай, што мы ўжо так сабе і паквіталіся, — сказала яна і весела кіўнула яму. — Калі спатрэблюся, сам ведаеш, дзе мяне знайсці!

Тэафіл Мардэр з'ехаў пасля бурных, катастрафічных перамоваў з Оскарам Х. Кроге. Аўтар "Кнорке" дабіваўся, каб дырэктар натарыяльна заверанай паперай абяцаў яму, што п'еса будзе паказана сама мала пяцьдзесят разоў. Кроге, натуральна, адмовіўся даваць такую гарантыю, на што Мардэр спачатку прыгразіў яму пракурорам, а потым, калі пагроза не памагла, абвясціў кіраўніка Гамбургскага мастацкага тэатра абсалютным нулём без асобы, без дысцыпліны, — ашуканцам, махляром, нікчэмным халтуршчыкам і тыповым прадстаўніком прасмердлай, асуджанай на здыхату эпохі.

На гэтыя знявагі нават такі згаворлівы чалавек, як Кроге, не мог рэагаваць спакойна. Сварыліся добрую гадзіну. Пасля чаго Мардэр y выдатным гуморы сеў у берлінскі экспрэс.

Гендрык, Нікалета і Барбара сустракаліся кожны дзень. Здаралася, што Гендрык бачыўся з Барбарай і без Нікалеты. Прагульваліся, каталіся на лодцы па Альстэры, сядзелі на тэрасах, наведвалі галерэі. Шмат балбаталі, зблізіліся, Гендрык расказваў Барбары, што лічыў ёй патрэбным адкрыць: ён патэтычна выказваў ёй свае перакананні, свае надзеі на сусветную рэвалюцыю і на місію рэвалюцыйнага тэатра. У драматычна прыхарошанай форме ён расказаў ёй гісторыю свайго дзяцінства, абмаляваў свой хатні побыт, бацькy Кёбеса, маці Бэлу і сястру Ёзі.

Пра сваё дзяцінства расказвала і Барбара. Гендрык зразумеў, якія дзве асобы былі да таго часу ў яе жыцці цэнтральнымі: любімы бацька і Нікалета, сяброўка, да якое яна ставілася з клапатлівай пяшчотай. Гэтая прагная да авантурных прыгодаў дзяўчына давала ёй ці мала прычын непакоіцца. Але самую вялікую трывогу Барбары прыносілі яе цяперашнія адносіны з Мардэрам. Барбара адчувала да яго агіду, Гендрык адразу адчуў гэта. Па яе незнарок кінутых пагардлівых намёках можна было зразумець, што Тэафіл, перш чым пазнаёміцца з Нікалетай, палка ўгоньваўся за Барбарай. А яна рэзка яго адшыла. І Тэафіл яе ўзненавідзеў, Тым больш яму пашанцавала з Нікалетай. Яна тлумачыла кожнаму, хто хацеў гэта чуць, вельмі выразна артыкулюючы, што Тэафіл Мардэр адзіны паўнацэнны, сапраўды сур'ёзны і значны чалавек, якім цяперашнім часам можа хваліцца Еўропа. Амаль кожнага дня яна доўга гутарыла з ім па тэлефоне, хоць Барбара давала ёй зразумець, наколькі балюча яна гэтага не ўхваляе. А Нікалета бліскучымі зычлівымі вачыма назірала за ўсім, што адбывалася паміж Барбарай і Гендрыкам. Ёй было прыемна, што Барбара, чый педагагічна-пяшчотны клопат крыху ўцяглівы Нікалеце, здаецца, сама ўблыталася ў сентыментальную прыгоду. Нікалета рабіла ўсё, што ад яе залежала, каб спрыяць іх адносінам. Яна казала Гендрыку, уваходзячы ў яго грымёрную:

— Я радая, што ў цябе з Барбарай усё клеіцца. Вы паберацеся, яна ж сама не ведае, што з сабой рабіць.

Гендрык быў супроць такой манернасці ў гаворцы, але дрыжучы ад радасці, пытаўся:

— Ты думаеш, Барбара не супраць?..

І Нікалета звонка смяялася.

— Я веру!? Вядома, думае. Ці ж бо ты не бачыш, як яна ўся перамянілася? Не тлумі сабе галавы, золатка, яе нібыта спагадлівасцю. Я яе ведаю — яна з тых жанчын, якія, калі маюць да каго схільнасць, заўсёды дамешваюць жальбу. Жаніся з ёю! Вам абаім гэта будзе разумная развязка. Апрача таго, гэта паспрыяе тваёй кар'еры. У старога Брукнера сувязі моцныя.