— Наш брат не мае права ўхіляцца ад працы дзеля прыватных спраў, — тлумачыў ён сваёй прыяцельцы Гедзе. — Бо мы ж такі, зрэшты, найперш — мастакі, — казаў ён, і твар яго набываў складаны горда-пераможны, пакутніцкі выраз.
Барбара, якая праводзіла дні ў спорце, чытанні, маляванні і пісьмах, альбо на выстаўках, альбо ў універсітэце, часам вечарамі заходзіла ў тэатр па Гендрыка. Бывала, яны праводзілі гадзінку ў грымёрнай альбо ў "Г. М.", — праўда, Гендрык не вельмі любіў гэта. Падазраючы, што жонка будзе падбіваць супроць яго калегаў, ён усяляк перашкаджаў кантактам паміж ёю і трупай. Марна спрабавала Барбара зрабіць накіды дэкарацый для адной зімовай прэм'еры. Гендрык шмат разоў абяцаўся ёй перагаварыць з тэатральнай дырэкцыяй, дабіцца заказу, і кожнага разу прыходзіў з адказам, што дырэктары Шміц і Кроге зусім не супроць такой ідэі, але што ўсё рушыцца ад супраціўлення фраў фон Гэрцфэльд.
І гэта не было высмактана з пальца. Геда і насамрэч рабілася нязноснай і змрочнай, як толькі гаворка заходзіла пра Барбару. Палкая рэўнасць рабіла разумную жанчыну злоснай і несправядлівай. Яна не магла дараваць "гэтай" Барбары, што Гендрык ажаніўся з ёю. Наўрад ці фраў фон Гэрцфэльд была настолькі пахапная, каб мець нейкія сур'ёзныя віды на Гендрыка. Яна ведала пра дзіўныя густы любага ёй чалавека, яна была прысвечана ў змрочную таямніцу ягоных узаемінаў з прынцэсай Тэбаб. Роля, якою яна мусіла задавольвацца — і шмат гадоў задавольвалася — была роля сястры і даверніцы. І раптам менавіта гэтую ролю ў яе аспрэчвае Барбара. Геда цешыла сябе тым, што суперніца грае ролю недасканала... Гендрык не гаварыў пра гэта адкрыта і ясна, але абвостраны інстынкт раўнівіцы і без таго адгадваў усё сам: фраў фон Гэрцфэльд ведала, што тут крыецца, — дачка тайнага радцы занадта патрабавальная. Трэба забыць пра сябе, адмовіцца ад сябе, каб сужыцца з Гендрыкам Гёфгенам. Бо такі чалавек, як ён, найперш думае пра сябе. А Барбара патрабавала ад яго занадта шмат. Яна прэтэндавала на шчасце. З гэтага фраў фон Гэрцфэльд толькі пагардліва пасмейвалася. Чаго ж не разумее фанабэрыстая Барбара? Адзінае шчасце, якое можа даць мужчына тыпу Гендрыка Гёфгена,— гэта яго хвалюючая прысутнасць, яго чароўная блізкасць...
Нешта падобнае адчувала і маленькая Ангеліка, але мілае і пяшчотнае стварэнне ў адрозненне ад ужо прыстарэлай Гэрцфэльд здолела цалкам аддацца волі лёсу. Маленькая Зіберт пакутавала, але не ненавідзела. Жонку Гёфгена Барбару яна прыняла з нясмелым шанаваннем. Калі тая, якой яна зайздросціла, аднаго разy ўпусціла з рук хусцінку, Ангеліка хуценька нагнyалася падняць. Барбара не без подзіву падзякавала, а маленькая Зіберт пачырванела, бездапаможна ўсміхалася і спалохана мружыла блізарукія вочы.
Адносіны Барбары з безнадзейна закаханымі ў яе мужа фраў фон Гэрцфэльд і Ангелікай былі заблытаныя і цяжкія, але тым шчыршыя былі яны з астатнімі дамамі трупы. З Моц яна мела звычку падрабязна абгаворваць цэны на прадукты, краўцоў і хібы мужчын наогул і характарнага актора Петэрсана ў прыватнасці. Барбара ўмела так міла выслухоўваць словацечывы прастадушнай, тэмпераментнай жанчыны, што Моц прыйшла да высновы, якую яна ахвоча выказвала, што маладая фраў Гёфген "класная баба". Гэтае меркаванне падзяляла і Морэнвіц: Барбара нават не мазалася і наогул ані не прэтэндавала на "інфернальнасць", а тым самым ніяк не магла быць канкурэнткай адстаўленай Рахэлі.
І Петэрсэн і Рольф Банэці называлі маладую жонку Гёфгена "сваім хлопцам"; тата Ганзэман буркліва дабразычыў ёй, бо яна спраўна плаціла за ежу; швейцар Кнур вітаў яе па-вайсковаму, бо ведаў, што яна дачка тайнага радцы; дырэктары Шміц і Кроге часта гутарылі з ёю. Шміц спачатку абмяжоўваўся паблажлівымі какетлівымі жартамі, але неўзабаве зразумеў яе разумную і дзейсную цікавасць да фінансавых клопатаў тэатра і ўжо ўцягваў яе ў працяглыя размовы на гэтую заўсёды актуальную, вечна трывожную тэму. Оскар Х. Кроге, са свайго боку, адкрыў ёй сваю скруху пра сумніўны рэпертуар Мастацкага тэатра. Стары паборца інтэлектуальнага тэатра, ён быў сведкам таго, як у ягонай установе скетчы і аперэты пачалі выціскаць сур'ёзныя рэчы. Віна тут клалася не толькі на Шміца, які пра ўсё павінен быў меркаваць з пазіцый касавага збору. За зніжэнне літаратурнага ўзроўню быў адказны таксама і Гёфген, як парадаксальна гэта ні магло здацца. Ён гаварыў пра рэвалюцыйны тэатр, а сам ставіў дурныя п'ескі на забаву публіцы. Рэвалюцыйны тэатр — так і не адчынены — апраўдаў бы пастаноўку баевікоў. Кроге, нягледзячы на сваё прынцыповае непрыняцце камунізму, зайшоў аж так далёка, што ўжо актыўна выступаў за неадкладнае адкрыццё запланаванай студыі, якая разам з рэвалюцыйным духам унесла б у тэатр свежы струмень сапраўднага мастацтва. А Гендрык, выдалікачваючыся ў красамоўстве, сцвярджаў, што спачатку трэба абсалютна заручыцца любоўю публікі і прэсы на пастаноўках рэчаў лёгкіх і даступных, а ўжо толькі тады замахвацца на стварэнне рэвалюцыйнага тэатра. Магчыма, што Ота Ульрыхс, такі ж самы цярплівы, як і поўны энтузіязму, і верыў гэтым довадам свайго добрага сябра. Але Барбара была больш скептычная.