Яна любіла гутарыць з Ульрыхсам. Ёй падабалася безумоўнасць і прастата ягонага мыслення. Сама яна больш схілялася да сумненняў. Зрэшты, яна запэўнівала, што нічога не разумее ў палітыцы, і ў гэтым Гендрык яе падтрымліваў.
— Ты не маеш аніякага ўяўлення, наколькі ўсё гэта сур'ёзна, — казаў ён ёй, накідаючы на сябе маску старой тыранічнай гувернанткі. — Ты да ўсяго падыходзіш з пазіцый гульні, з халоднай цікаўнасцю. Вера ў рэвалюцыю для цябе толькі пацешны псіхалагічны феномен. А для нас гэта святая святых.
Так гаварыў Гендрык. Ота Ульрыхс, які добрую палавіну жыцця і даходаў аддаў палітычнай працы, здаваўся менш строгім. Ён па-бацькоўску прывячаў Барбару, але заўсёды прыязна.
— Вы прыйдзеце да нас, Барбара, я ведаю, — казаў ён упэўнена. — Вы ж ужо цяпер ведаеце, што з намі праўда і будучыня. Вы толькі крышачку баіцеся прызнацца ў гэтым самой сабе і зрабіць адпаведныя высновы.
— Можа, я і праўда проста крышку баюся, — усміхалася Барбара.
А тым часам яна не магла ўдосыць наздзіўляцца з той дабрадушнай цярплівасці, з якою ён ставіўся да Гёфгена, які так марудзіў з рэвалюцыйным тэатрам. Яна прыспешвала Гёфгена, настойвала хутчэй адкрыць тэатр, зрэшты, яна мела на тое свае асабістыя, эгаістычныя падставы: ёй хацелася зрабіць эскізы дэкарацый для першай пастаноўкі з рэвалюцыйнага цыклу.
— Яно, канечне, так — справа гэта не мая, — ледзь не кожнага дня даводзіла яна Гендрыку, — у мяне вера ў сусветную рэвалюцыі не святая святых, але мне сорамна за цябе, Гендрык. Калі ты сур'ёзна не возьмешся за справу, ты проста паставіш сябе ў смешнае становішча.
Пасля такіх заўвагаў твар у Гендрыка бляднеў, рабіўся непранікальным. І вочы яго пачыналі касавурыцца ўжо не з какецтва, а ад раздражнення.
Ён звысака адказваў:
— Дылетанцкая балбатня. Твая цемната ў пытаннях рэвалюцыйнай тактыкі абсалютная.
Яго рэвалюцыйная тактыка заключыалася ў тым, што ён штодня прыдумваў ўсё новыя і новыя выкруткі, каб толькі адцягнуць рэпетыцыі для рэвалюцыйнага тэатра. Але каб хоць што-небудзь зрабіць для рэвалюцыі, ён неспадзявана рашыў выступіць з дакладам на тэму "Пра сучасны тэатр і яго маральную адказнасць". Кроге, які ўсё больш натхняўся гэтай тэмай, аддаў Гёфгену памяшканне Мастацкага тэатра на нядзельную раніцу. Даклад Гёфгена быў складзены часткова са слоў поўнага этузіязму дырэктара, часткова са слоў Ота Ульрыхса і зрабіў даволі моцнае ўражанне: гэта была патэтычная прамова, якая нікога ні да чога не абавязвала, у якой як ліберальна, так і па-марксісцкy настроеныя маладыя людзі з залы знайшлі шмат фраз і выразаў, якія ім вельмі спадабаліся. У канцы ўсе запляскалі, і амаль усе былі перакананыя ў сумленнасці мастацка-палітычных памкненняў Гендрыка. На другі дзень пра гэта падрабязна пісалі ў газетах. Такіх водгукаў якраз і чакаў Гендрык Гёфген.
— Цяпер сітуацыя выспела, пара дзейнічаць, — заявіў ён, па-змоўніцку пераглянуўшыся з Ульрыхсам.
Выбралі п'есу для прэм'еры ў рэвалюцыйным тэатры. Праўда, гэта была не тая радыкальная п'еса, якую выбралі і збіраліся рэпетыраваць летась. У апошні момант Гендрык з тактычных меркаванняў спыніўся на п'есе з эпохі вайны ў трох актах — пра жахі зімы 1917 года ў адным буйным нямецкім горадзе. П'еса мела расплывісты пацыфісцкі характар, у ёй не было яўна сацыялістычных ідэй. Барбара зрабіла эскізы дэкарацый: бедны пакоік, шэрая вуліца з чэргамі па хлеб. Ота Ульрыхсу і Гедзе фон Гэрцфэльд далі галоўныя ролі.
Гёфген-рэжысёр працаваў на першай рэпетыцыі з шалёным натхненнем. Калі ён са стрыманым пафасам дэкламаваў даўжэзную абвінаваўчую прамову, якую павінна была сказаць у канцы трэцяга акта фраў фон Гэрцфэльд у ролі трагічнай маці, Ота Ульрыхс крадком выціраў слёзы і нават Барбару прабрала. Але да другой рэпетыцыі Гендрык асіп на глебе нарваў. На трэцюю прыйшоў накульгам. У яго раптам зацякло правае калена, ён скардзіўся, што не можа яго разагнуць. І нарэшце, на чацвёртую рэпетыцыю явіўся з такім бледным і злосным тварам, што ўвагнаў усіх у страх і, як выявілася, не без падставаў, бо быў у самым агідным настоі, абазваў фраў фон Гэрцфэльд дурніцай, а суфлёрцы Эфой прыгразіў неадкладным звальненнем.