Ніхто не мог засумнявацца, што ён робіць надвор'е: ён валадарыў у "Г. М.", у канцылярыі, на сцэне. Яго ганарар павысіўся да тысячы пяцісот марак. Гендрыку ўжо не давялося рабіць сабе клопату і бураю ўрывацца ў кабінет дырэктара Шміца, строіць з сябе гарэзлівае дзіця і падражнівацца; ён выбіў падвышку стрымана, без лішніх слоў. З Кроге і Гэрцфэльд ён абыходзіўся амаль як з падначаленымі, маленькай Зіберт, здавалася, зусім не заўважаў, а да таварыскага тону, пакінутага для Ота Ульрыхса, дадалася нотка панібрацкай, крыху паблажлівай неахайнасці.
І толькі аднаго чалавека яму не ўдалося пераканаць, задобрыць і зачараваць. Недавер, з якім глядзела на Гендрыка Барбара, пасля гісторыі з Мікласам, толькі паглыбіўся і абвастрыўся. Але ён не трываў, каб побач з ім доўга быў чалавек, які не захапляўся б ім, не верыў бы ў яго. Яны з Барбарай за зіму зусім аддаліліся адно ад аднаго. І Гендрык з новым імпэтам узяў разбег, каб цалкам адолець гэтую адчужанасць. Ці не самалюбства прымушала яго так рупліва адваёўваць Барбару? Ці не дамяшалася якое новае пачуццё? Чаму ён зноў заклікаў на дапамогу ўвесь свой дар спакушэння, каб скарыць яе? Ён называў яе сваім "добрым анёлам". Але гэты добры анёл зрабіўся дакорам нячыстага сумлення. Ціхая незадаволенасць Барбары азмрочвала ўсе яго перамогі. Каб спакойна цешыцца з перамогаў, трэба было ацерці гэты цень, і Гендрык заваёўваў Барбару амаль з такім самым запалам, як і ў першыя тыдні іх адносінаў. Ён ужо не дазваляў сабе распускацца пры ёй. Не, цяпер у яго заўсёды гатовыя і жарты, і досціпы, і сур'ёзныя словы.
Каб яна часцей бачыла яго ў хвіліны самых яркіх праяваў яго магутнасці, ён пачаў часта запрашаць яе на рэпетыцыі.
— Ты ж даеш такія каштоўныя парады, — гаварыў ён жаласным, слухмяным голасамі апускаў павекі над мігатлівым позіркам.
Аднаго разу, калі Гендрык кіраваў прымеркай касцюмаў для сваёй новай апрацоўкі адной афенбахаўскай аперэты, Барбара ціха ўвайшла ў глядзельную залу і села ў апошнім радзе цёмнага партэра. На сцэне стаялі танцоўшчыцы, выкідвалі ногі і выкрыквалі прыпеў нейкага шансона. Перад іх беззаганна выцягнутым фронтам скакала маленькая Зіберт — Амур: са смешнымі крылцамі на голых плечыках, са стралой і лукам на шыі і чырвоным носам на бледным перапалоханым і прыгожым тварыку.
"Якую нявыйгрышную ролю прыдумаў ёй Гендрык, — уздыхнула сама сабе Барбара. — Меланхалічны Амур". І яна адчувала нешта накшталт шкадавання і спачування беднай Ангеліцы, якая дрыгала ножкамі і скакала па сцэне. Можа, Барбара ў гэты момант зразумела, што гэтым жаласным і спалоханым выразам твару Ангеліка абавязана Гендрыку.
Гёфген стаяў у позе тырана, раскінуўшы рукі, у правым куце сцэны і кіраваў усімі. Ён тупаў нагамі ў адпаведнасці з рытмам аркестра, яго бледны твар скараў рашучасцю.
— Стоп! Стоп! Стоп! — бушаваў ён, і, калі аркестр нечакана аціх, Барбара спалохалася амаль гэтак сама, як застылыя на памосце дзяўчаты з кардэбалета, як маленькая Ангеліка, якая змагалася са слязьмі.
А рэжысёр выскачыў на сярэдзіну сцэны.
— У вас свінец у нагах! — закрычаў ён на дзяўчат, і тыя сумна звесілі галовы, як кветкі пад парывам ледзянога ветру.
— Вам не Афенбаха танцаваць, а жалобны марш!
Ён загадна кіўнуў дырыжору і, калі той зноў махнуў палачкай, пачаў танцаваць сам. Не, гэта ўжо быў не лысы герык у шэрым, крыху паношаным будзенным касцюме! Якое бессаромнае, хвалюючае ператварэнне! Сярод белага дня! Ужо ці не Дыяніс гэта, бог віна, у экстазе выкідвае рукі і ногі. Барбара глядзела на яго ашаломленая. Вось жа толькі што Гендрык Гёфген быў палкаводцам — раздражнёны, фанабэрысты, няўмольны, стаяў ён перад сваім войскам — перад дзяўчатамі з кардэбалета. І раптам, без усякага пераходу, аддаўся вакхічнаму шалу. Канвульсіі прабягалі па бледным твары, брыльянтавыя вочы закаціліся, з губоў ляцелі жарасныя хрыплыя стогны. Танцаваў ён бліскуча, дзяўчаты з захапленнем глядзелі на беззаганную тэхніку рэжысёра, сама прынцэса Тэбаб не нарадавалася б, гледзячы на яго.
"Адкуль гэта ў яго? — думала Барбара. — І што ён цяпер адчувае? І ці адчувае што-небудзь наогул? Альбо проста дэманструе дзяўчатам, як трэба падкідаць ногі?"
Тут шалёныя практыкаванні Гендрыка былі спынены. Малады чалавек з канцылярыі асцярожна прайшоў па партэры і падняўся на сцэну. Ён мякка дакрануўся да пляча натхнёнага рэжысёра і шапнуў, што гер Гёфген павінен прабачыць за турботу, але дырэктар Шміц просіць гера Гёфгена паглядзець эскіз афішы да прэм'еры аперэты, яго трэба неадкладна адправіць у друкарню. Гендрык даў знак музыцы спыніцца, ён ужо стаяў у вольнай позе, уставіў у вока манокль: ніхто б веры не даў, што гэты гер, які крытычным вокам азіраў нейкую паперыну, дзве хвіліны таму назад тросся ў дыянісійскім трансе. Але раптам ён згамтаў паперу і крыкнуў незадаволеным, рыпучым голасам: