Выбрать главу

— Дык, значыцца, вы замужам за гэтым Гёфгенам, — кажа ён рыпучым голасам, канчаючы доўгі агляд. — Та-ак, мусібыць, нешта ў ім ёсцека...

Усё гэта служыць Гендрыку, канечне, на карысць; з іншымі гаспадарамі тэатраў на Курфюрстэндам, з герам Кацам і фройляйн Бэрнгард у яго і без таго адносіны самыя найлепшыя. З герам Кацам, які вядзе ўсю адміністрацыйнасць, які далёка не заўсёды такі Напалеон, якім часам хоча здавацца, артыст Гёфген гуляе ў карты; з фройляйн Бэрнгард — уплывовай і энергічнай сакратаркай, здобна збітай крyгленькай брунеткай у пэнснэ і губамі негрыцянкі, ён трымаецца гэтак жа какетліва, як калісьці з дырэктарам Шміцам. Хто ведае? Можа, калі раптам адчыніш дзверы ў канцылярыю, рызыкуеш прыхапіць яго ў яе на каленях? У кожным разе, сёй-той чуў, як Гендрык Гёфген, які ўсяго толькі два тыдні ў гэтым тэатры, называе строгую фройляйн Бэрнгард Розачкай. І яму гэта дазваляюць. Далёка пайшоў! Ці мала каму з самых бліскучых артыстаў наогул перапаў гонар даведацца, што яе завуць Розай.

Някепскі пачатак берлінскай кар'еры — перашэптваюца калегі. Яго прыгожая жонка наведвае Прафесара, з Кацам ён гуляе ў карты, і самой фройляйн Бэрнгард ён паказытвае падбародак. О, з яго нешта выйдзе неблагое! І выйдзе-такі — і ўжо выходзіць!...

Спачатку яго заўважаюць у маленькай ролі, але-такі заўважаюць, газеты ўжо ўпамінаюць пра "здольнага гера Гендрыка Гёфгена", а ён жа сыграў толькі ў адной рускай п'есцуы п'янага маладога бyзyка, які выходзіць хістаючыся, мармыча нешта няўцямнае, але затое, божа, як ён скача! Берлінская публіка ўжо млее ад здольнага вучня прынцэсы Тэбаб: калі ён канчае танец, зала грыміць і плешча, плешча... Як апантана гэты бэйбус выкідвае ногі і рукі! Усе ў адпадзе ад экстатычнай натхнёнасці, заўважанай на яго твары падчас танцy; Роза Бэрнгард, якую ў буфеце абступае прэса і дамы са свету, усклікае:

— У гэтым чалавеку ёсць нешта вакхічнае!

Публіка, адцягнутая тысячай клопатаў і асалодаў, неўзабаве забывае імя апантанага танцора. Але дасведчаныя, тыя, што задаюць тон, прыкмецілі першы берлінскі поспех Гендрыка. Пра другі яго поспех гаворыць ужо ўся сталіца.

У сенсацыйнай п'есе, у славутай пастаноўцы актору Гёфгену ўдаецца засяродзіць на сабе ўвагу публікі і прэсы. Пра яго гавораць нават больш, чым пра аўтара п'есы "Віна", якая ўсіх усхвалявала, — пра таямнічага інкогніта, чыя загадкавая асоба стала любімай тэмай дыскусій у салонах і рэдакцыях газет. Хто крыецца пад псеўданімам Рыхард Лозер і ў сваёй трагедыі паказвае такую прорву пахібнай галечы, нэндзы і аблyдаў? Дзе знайсці гэтага кудзесніка, які водзіць нас па пакручастых лабірынтах мораку і бруду, выкрывае псоту эпохі, хваравітыя жарсці, нездаровыя пакуты і цярпенні? Несумненна адно: аўтар змрочнай драмы, які смела і эфектна спалучае такія разнародныя плыні, як сімвалізм і натуралізм, яўна не прафесіянал, ён адзіночка, далёкі ад мітусні літаратурнага рынкy. Літаратары, заўсёды датклівыя ў сваёй прафесіі, прысягаюцца: гэты — не літратар. Ён не знаёмы з руцінай, усё ў ім — геніяльная непасрэднасць і шчырасць. Ён не пісаў ні радка, да гэтага дня. Ён малады неўрапатолаг — кажуць некаторыя, асабліва тыя, што прэтэндyюць на ўсёведнасць, — і жыве ён у Іспаніі, бо дзе ж яшчэ. На пісьмы ён не адказвае, усе перагаворы з ім вядуцца праз шматлікіх пасрэднікаў. Усё гэта страшэнна цікава, пра ўсё ліхаманкава гавораць ў высокіх колах.

Малады неўрапатолаг, і жыве ён у Іспаніі: што ж, хай будзе так, версія праўдападобная, ёй вераць, яна выбіваецца на поспех. Бо толькі ж неўрапатолаг можа так тонка разбірацца ў выкрутах чалавечай душы, што прыводзяць да пачварных злачынстваў. Як ён усё разумее! У ягонай драме прадстаўлены ўсе магчымыя грахі! На сцэне — грамадства праклятых, яны дзейнічаюць і пакутуюць. Кожны персанаж п'есы быццам пазначаны змрочным кляймом на лобе, дамы Груневальда і Курфюрстэндам аж вывінчваюцца ад захаплення.

Але хто найбольш yпадніцкі на сцэне — гэта Гендрык Гёфген, за што яго і ўзнагароджваюць самай бурнай авацыяй. Па бледнай д'ябальскай фізіяноміі, па глухім, стомленым голасе ясна, што яму блізкія ўсе заганы і што ён умее здабываць з іх фінансавыя выгоды. Відавочна, ён вымагальнік высокага стылю; сцярвозна ўсміхаючыся, бессаромна губіць маладых людзей. Адзін з іх канчае самагубствам проста на сцэне, а Гендрык — рукі ў кішэнях, цыгарэта ў зубах, манокль у воку — абыякава праходзіць міма трупа. Публіка ў жаху ўсведамляе: вось яна, інкарнацыя зла. Ён — такое поўнае, такое дасканалае зло, феномен зла! Часам здаецца, што яму самому вусцішна ад усведамлення абсалютнасці свайго злога генія. Тады твар яго робіцца нерухомым, белым, рыбіныя, брыльянтавыя вочы безнадзейна касавураць, а запалыя скроні выглядаюць асабліва пакутна. Гёфген іграе перад багатай публікай арыстакратычнага берлінскага Захаду крайнюю разбэшчанасць, і ён робіць сенсацыю. Подласць як дэлікатэс багатым — вось сродак Гёфгена, вось яго дарога да кар'еры. Але як ён гэта робіць! Расслабленая, але напружаная міміка выклікае ажыятаж, асабліва яго нядбала-мяккія, грацыёзна-падступныя жэсты.