Выбрать главу

— У яго кашэчыя спанатры, — захапляецца фройляйн Бэрнгард, якая дазваляе яму называць яе Розачкай. Злы кот! Які ён нябесна злы!

Яго манера гаварыць — хрыплы шэпт, што часамі пераходзіць у чароўны спеў. Гэтую манеру ўжо спрабуюць капіраваць у менш значных тэатрах.

— Ну, а я што казала! Ён сваю справу ведае, — кажа Дора Марцін Прафесару, і той ужо не спрачаецца з ёю.

— Ну, казала, казала, — кажа ён рыпучым голасам, цмокае языком і глядзіць летуценна. У глыбіні душы ён "гэтага Гёфгена" ўсё яшчэ не прымае сур'ёзна, як у свой час Оскар Х. Кроге. "Камедыянт", — думае Прафесар. Гэтак сама думаў і Кроге.

Асляпляльны камедыянт — так лічаць крытыкі, так лічаць дамы, так лічыць фройляйн Бэрнгард, так ужо не могуць не лічыць і яго калегі. П'еса "Віна" сваім незвычайным поспехам абавязана галоўным чынам Гёфгену. Спектакль праходзіць сто разоў падрад, Прафесар заграбае велізарныя грошы; сталася небывалае: Гендрыку павышаюць зарплату яшчэ да канца сезону, у дагаворы такое не прадугледжана — фройляйн Бэрнгард і Кац выклапаталі гэта ў свайго славутага шэфа.

Гэтую рэч можна было б пракрyціць і сто пяцьдзесят, і дзвесце разоў. Але прасочваюцца чуткі пра аўтара, і яны цвярэзяць. Раптам усё пра яго робіцца вядома. І зусім ён не які там легендарны неўрапатолаг з Іспаніі, не старонні, які ведае толькі прадонні чалавечай душы і не ведае банальных містэрый тэатральных будняў. Ён зусім не высакародны інкогніта. Ён проста гер Кац, спрытны дзялок, згарбyзаваў драму — і вось табе тая "Віна"! І тyт раптам усе разам бачаць, што ўся п'еса — набор вульгаршчыны і такая ж безгустоўная, як і пyстая. Усе адчуваюць сябе заскочанымі, усе ўжо лічаць, што гер Кац — распyста і цынік. Дастаеўскі знайшоўся! З якога гэта часу? — раздражняюцца ў колах, якія задаюць тон. Гер Кац — адміністратар і кансультант Прафесара. Пасада зайздросная. І хто даў яму права выдаваць сябе за іспанскага неўрапатолага і апускацца ў бездані чалавечай душы? Драму "Віна" трэба зняць з рэпертуару!

Капрызная грамадская думка адвярнулася ад Каца. Але справа зроблена. Гёфген прабіўся і сваёй дзівоснай злосцю канчаткова заваяваў усе сэрцы. Ён можа быць задаволены першым берлінскім сезонам, у яго ўсе падставы для выдатнага настрою: усе лічаць яго зоркай на ўзлёце.

Яго дагавор на наступны сезон, 1929/1930, выглядае ўжо зусім інакш: зарплата павялічана безмаль у тры разы, Прафесар, крэкчучы і стогнучы, пайшоў на гэта, Гёфген — канкурэнтамі нарасхват.

— Ну што ж, цяпер вы зможаце забяспечыць сябе свежымі кашулямі і лавандай, — віскліва-рыпучым голасам кажа Прафесар новай зорцы.

І Гёфген, пераможна ўсміхаючыся, адказвае:

— Адэкалон, гер Прафесар! Я карыстаюся толькі адэкалонам!

Вось і лета. Гендрык з'язджае з двух змрочных пакояў, здымае светлую кватэру на Новым Захадзе, на Рэйхсканцлерплац, купляе процьму кашуляў, жоўтыя туфлі і гарнітуры мяккіх тонаў, вучыцца вадзіць машыну, вядзе перагаворы з некалькімі фірмамі пра закупку элегантнага кабрыялета з адкідным верхам: ён хоча купіць яго па рэкламнай цане. Барбара едзе да генераліхі ў маёнтак. Удачлівы муж цікавіць яе менш, чым дзёрзкі, з дрыжыкамі ад незадаволенага славалюбства. Фраў фон Гэрцфэльд прыязджае ў госці, каб памагчы Гендрыку абставіцца ў новай кватэры. Яна выбірае модную сталёвую мэблю, а на сцены — рэпрадукцыі Ван Гога і Пікаса. Усё гола, элегантна, усё з заскокам y вытанчанасць. Гендрык упіваецца замілаванасцю фраў фон Гэрцфэльд, як заслужаную даніну прымае яе любоў, якая, здаецца, вырасла яшчэ больш. Геда адмовілася ад усякай іроніі. З прагным сумам, з пакорлівай палкасцю сочаць за любімым яе пяшчотныя, залаціста-карыя вочы.