— Бедная маленькая Зіберт зусім сплакалася, yся перавялася ад тугі па вас, — паведамляе яна, утоіўшы пры гэтым, што сама дайшла да таго, што аднаго разу нават прыплакнyла разам з Ангелікай, горка і доўга, па тым, што страціла, ніколі не меўшы.
Фраў фон Гэрцфэльд дазволена праводзіць Гёфгена на кінастудыю. Гэтым летам ён упершыню здымаецца ў кіно. У дэтэктыве "Трымайце злодзея" ён ігае галоўную ролю вялікага Невядомага — таямнічага злачынцы, які паяўляецца пераважна ў чорнай масцы. Усё на ім чорнае — нават кашуля; па колеры вопраткі можна здагадацца пра морак у ягонай душы. Яго называюць Чорным Сатаной, ён атаман банды фальшываманетчыкаў, гандлюе нароктыкамі, рабуе банкі, і ў яго на сумленні ўжо некалькі забойстваў. Чорным Сатаною кіруе не толькі карыслівасць і прага прыгодаў, але і меркаванні прынцыповага характару. Калісьці яму дужа не пашанацавала з маладзенькай дзяўчынай, і ён ператварыўся ў ворага чалавечага роду. Яму было ўжо сардэчнай патрэбай тварыць зло і няшчасці, ён злачынец па перакананні; у гэтым ён прызнаецца незадоўга да свайго арышту ў коле таварышаў, якія здзіўляюцца з яго і баяцца яго, бо яны крадуць, не ўдаючыся ў вельмі складаную матывацыю. Яны нешта бесталкова і збянтэжана балбочуць, даведаўшыся, як незвычайна ўсё складваецца з іхнім шэфам Чорным Сатаною, што ён, аказваецца, не заўсёды быў злачынны, а нават жа наадварот — быў гусарскім афіцэрам. У гэтай драматычнай сцэне зладзей здымае маску; яго твар пад кацялком, над зашпіленай цёмнай кашуляй — жахае сваёй бледнасцю, але ўсё яшчэ робіць уражанне арыстакратычнасці і трагізму, нягледзячы на пахібнасць.
Аўтарытэтных дзеячаў кіно вельмі ўражвае гэтая жорсткая, пакутніцкая маска. Гёфген нечаканы, ён своеасаблівы, ён дае добры збор як у сталіцы, так і ў правінцыі. Так кажуць аўтарытэты, і прапановы Гендрыку ад іх вышэй за ўсе яго спадзяванні. Ад сяго-таго нават даводзіцца адмаўляцца; яго звязвае кантракт з Прафесарам. Але магутныя дзялкі ад кіно тым пільней палююць на яго. Яны звязваюцца з герам Кацам і фройляйн Бэрнгард, прапануюць значныя адступныя, калі ім на некалькі тыдняў у сезоне саступяць артыста Гёфгена. Колькі тэлефонных перагавораў, колькі ліставання, колькі сустрэчаў! Бэрнгард і Кац не саступаюць, нават за добры кавалак грошай яны не згодныя цyрацца свайго любімца, Гёфгена дамагаюцца. Усім ён патрэбен. А той сядзіць у сваёй голай выштукаванай кватэры са сталёвай мэбляю, сцярвозна ўсміхаецца, іранічна каментуе барацьбу паміж тэатрам і кіно за яго неацэнную асобу.
Вось яна, кар'ера! Вялікая мара робіцца рэальнасцю. Трэба толькі ўмець марыць, думае Гендрык, са смелай мары заўсёды нараджаецца рэальнасць. Ах, яна яшчэ больш цудоўная, чым ён марыў! У кожнай газеце, якую ён разгортвае, ён шукае толькі сваё імя — вопытная Бэрнгард клапоціцца пра такія публікацыі, і цяпер яго імя заўсёды пішуць правільна і амаль такім самым тлустым шрыфтам, як імёны тых даўно выпрабаваных зорак, за славаю якіх калісьці ў кавяраньцы правінцыйнага тэатра ён сачыў з такой зайздрасцю. На тытульным лісце салідны ілюстраваны часопіс ставіць фотаздымак Гендрыка. Ну ж і фізіяномію скроіць Кроге, убачыўшы! А консуліха Мёнкебэрг? А тайны радца Брукнер? Усе, хто ставіўся да Гёфгена скептычна і крыху звысоку, цяпер багабаязна здрыгануцца, убачыўшы, як крута і галавакружна ён сягае ўгору.
У канцы сезона 1929/1930 Гендрык Гёфген стаіць значна вышэй, чым на пачатку. Усё яму ўдаецца — скрозь адны трыумфы. У тэатрах Прафесара да яго прыслухоўваюцца мала што не больш, чым да самаго шэфа (які, зрэшты, рэдка бывае ў Берліне, усё больш у Лондане, Галівудзе альбо Вене). Гёфген кіруе герам Кацам і мадам Бэрнгард; ён ужо даўно дазваляе сабе запанібратнічаць з імі, акyрат як колісь з Шміцам і з фраў фон Гэрцфэльд. Гёфген вызначае, якія п'есы прымаць, ад якіх адмаўляцца, разам з Бэрнгард размяркоўвае ролі сярод артыстаў. Аўтары ўлешчваюць яго; артысты, якія стараюцца выступіць, улешчваюць яго; свет — альбо кліка багатых снобаў, якая так сябе называе, — улешчвае яго: бо ён — чалавек дня.
Усё зноў як у Гамбургу, але ў іншым стылі, у іншых вямярэннях. Шаснаццацігадзінны працоўны дзень, а ў перапынках цікавыя нервовыя крызісы. У элегантным начным рэстаране "У дзікага вершніка", дзе Гендрык з гадзіны ночы да трэцяй раніцы збірае вакол сябе паклонцаў, ён часам раптам падае, трымаючы ў руцэ шклянку з кактэйлем, з высокага зэдля. Невялікае мленне, нічога страшнага, аднак жа ўсе прысутныя дамы вішчаць. Фройляйн Бэрнгард спяшаецца з сальміякам. Калі артыст Гёфген у такім становішчы, заўсёды паблізу знаходзіцца рачлівая жанчына. Ён зноў даволі часта дазваляе сабе гэтыя маленькія спектаклі: спачатку дрыжыкі або ціхая бяспамяць — потым канвульсіўныя выкрыкі. Яны ямy яўна на добрyю карысць: костка хyтка адыходзіць, ён устае пасвяжэлы, як з гаючый ванны, поўны новай сілы для цяжкага, стомнага, поўнага асалодаў жыцця.