Выбрать главу

Зрэшты, цяпер яму няма патрэбы так часта хапацца за выратавальныя прыпадкі. Прынцэса Тэбаб зноў побач. У першую берлінскую зіму ён не адказваў на грозныя лісты чорнай дачкі правадыра, выкананыя ў велягурыстым стылі і поўныя арфаграфічных памылак. Але цяпер Барбара амаль канчаткова пакінула яго, яна не выносіць мітусні бліскучага мужа; усё радзей яна вяртаецца ў Берлін, яе пакой у рафінаваных апартаментах каля плошчы Рэйхсканцлера амаль увесь час пустуе, яна любіць больш ціхія памяшканні ў доме тайнага радцы альбо на віле генераліхі. І Гендрык рашаецца паслаць сваёй Джульеце грошы на дарогу — жыццё без яе страціла вастрыню, панылыя дамы, якія шпацыруюць у высокіх боціках па Таўэнтцінштрасэ, не могуць яе замяніць. Прынцэса Тэбаб даецца не на доўгія ўгаворы, яна адразу яўляецца ў Берлін.

Гендрык здымае ёй пакой ў аддаленым раёне і мінімум раз на тыдзень робіць туды візіты; як затоены злачынец, захінуўшыся шалікам да самага падбародка і глыбока насунуўшы на лоб капялюш, ён крадзецца да каханай.

— Як што мяне накрыюць у такім уборы, — шэпча ён, улазячы ў свой трэніровачны касцюм, — я прапаў! Мне хана!

Прынцэса Тэбаб забаўляецца ягоным страхам; яна смяецца сіпла і ад усяго сэрца. Дзеля прыемнасці бачыць, як ён трымціць, і каб вытрасці з яго больш грошай, яна ўжо соты раз прадказвае яму, што прыйдзе ў тэатр і завішчыць, як дзікая кошка, як толькі ён выйдзе на сцэну.

— Вось пабачыш, крошка, — дражніцца яна. — Праўда, я так і зраблю калі-небудзь на вялікай прэм'еры, вось хоць бы на тым тыдні. Надзену каляровую шаўковую сукенку, сяду ў першым радзе, — во, пярэпалаху будзе!

І цёмная паненка ўсхвалявана пацірае рукі. Потым яна патрабуе ад яго сто пяцьдзесят марак авансу, перш чым дазволіць яму рэпетыраваць новае па. Ён высока ўзнёсся — што ж, і яна цяпер больш патрабавальная. Цяпер яна карыстаецца даражэйшай парфумай, купляе каляровыя шаўковыя хусцінкі, звонкія бранзалеты і глазірафаную садавіну, якою любіць ласавацца, дастаючы яе грубымі, спрытнымі пальцамі з вялікіх пакетаў. Калі яна жуе, дык выскаляецца і, задаволеная, чэша ў патыліцы, яна вылітая малпа. Гендрык павінен плаціць. І ён плаціць. Яму падабаецца, што Чорная Венера так цынічна абыходзіцца з ім.

— Я ж кахаю цябе, як у першы дзень! — кажа ён ёй. — Я кахаю цябе нават больш, чым у першы дзень. Толькі калі цябе няма, я па-сапраўднаму разумею, што ты для мяне значыш. Строгія дамы з Таўэнтцінштрасэ нязносна нудныя.

— А твая? — высвятляе дачка джунгляў са змрочным хіхіканнем. — А твая Барбара?

— Ах, яна... — вымаўляе Гендрык гэтак сама горасна яе і пагардліва і адводзіць бледны твар.

Барбара ўсё радзей наязджае ў Берлін; ды і тайны радца амаль не паказваецца, дзе ён раней па некалькі разоў за зіму выступаў з дакладамі і бываў на прадстаўнічых сустрэчах. Тайны радца кажа:

— Бо і чаго мне цяпер бываць у тым Берліне. Ба, я ўжо пачынаю баяцца Берліна. Тут рыхтуецца нешта жудаснае, але самае жудаснае гэта — што людзі, з якімі стасункуюся, здаецца, не заўважаюць небяспекі. Усе як аслеплі. Забаўляюцца, спрачаюцца, прымаюць сябе на поўным сур'ёзе, а тым часам неба цямнее, і ніхто не бачыць, што насоўваецца навальніца, а яна ўжо вось-вось. Не, бо і чаго я не бачыў у тым Берліне. Можа, я пазбягаю яго, каб не пагарджаць ім...

І ўсё-такі ён яшчэ раз прыязджае; але ўжо не каб пабываць на адказнай сустрэчы альбо чытаць лекцыі ва ўніверсітэце. Не — а каб выступіць з вялікай прамовай пра культуру і палітыку. Назва прамовы: "Пагроза варварства"; гэтай прамовай тайны радца хоча, апошні раз, асцерагчы інтэлігенцыю ад блізкай рэакцыі, якая нахабна называе сябе "абуджэннем" і "нацыянальнай рэвалюцыяй".

Стары паўтары гадзіны гаворыць перад публікай, і яна бушуе — бура воплескаў, але і шумны шэпт пратэстаў.

Падчас сваго апошняга побыту ў сталіцы буржуазны вучоны, чыя паездка ў СССР выклікала нянавісць правых і пэўную падазронасць сярод дэмакратаў, вядзе гутаркі з многімі сваімі сябрамі, з палітычнымі дзеячамі, пісьменнікамі, прафесарамі. Усе гэтыя гутаркі прыводзяць да рэзкіх рознагалоссяў. Сябры пытаюцца не без сарказму:

— Куды падзелася ваша духоўная цярпімасць, гер тайны радца? Дзе вашы дэмакратычныя прынцыпы? Мы не пазнаем вас. Вы ж разважаеце як радыкальны палітыкан, а не як культурны, рассyдлівы чалавек. Усе культурныя людзі павінны згадзіцца, што да гэтых нацыянал-сацыялістаў ёсць толькі адзін падыход — выхаваўчы. Мы павінны зрабіць усё, каб утаймаваць гэтых людзей з дапамогай дэмакратыі. Мы павінны перацягнуць іх на свой бок, а не старацца перамагчы іх. Мы павінны пераканаць гэтых маладых людзей стаць на бок рэспублікі. Зрэшты, — дадае такі сацыял-дэмакратычны альбо ліберальны гер даверлівым, але ўжо прыглушаным голасам, пранізваючы Брукнера пранікнёным позіркам, — пагроза ідзе злева.