Важнае пісьмо прыйшло ад маленькай Ангелікі Зіберт. Хто б мог падумаць, што менавіта Ангеліка, якую Гендрык так жорстка, так зняважліва не заўважаў, сыграе вырашальную ролю ў ягоным жыцці! Гендрык даўным-даўно забыў, што ёсць нейкая маленькая Зіберт, і, калі цяпер спрабуе ўявіць сабе яе твар, маленькі, баязлівы тварык трынаццацігадовага падлетка з блізарукімі светлымі вачыма, яму здаецца, быццам ён быў вечна заліты слязьмі, а маленькая Ангеліка плакала няспынна, не прасыхаючы. Але ж ці не давалі ёй даволі часта поваду для слёз? Гендрык вельмі добра памятаў, як подла ён сам з ёю абыходзіўся... Але ўпартае, пяшчотнае сэрца заставалася яму верным. Гендрык здзіўляўся. І ў яго былі ўсе падставы — ён жа меркаваў пра іншых па сабе і заўсёды разлічваў на эгаізм і подласць у сваіх блізкіх. Добрыя ўчынкі заўсёды ўводзілі яго ў разгубленасць. У пустым гасцінічным нумары, вывучаным да драбніц, ён заплакаў над пісьмом Ангелікі. Слёзы на вочы нагнала не толькі нервознасць, не толькі стомленасць — ён быў шчыра расчулены. Якая шчаслівая была б Ангеліка, як бы яна была ўзнагароджана за свае пакуты, калі б магла пабачыць, як той, праз каго яна праліла столькі слёз, сам плача над яе пісьмом! Гэта ж яе каханнне напоўніла дарагія, халодныя вочы салёнымі кроплямі.
У сваім лісце Ангеліка паведамляла, што яна ў Берліне, часам здымаецца ў фільмах, і жывецца ёй няблага. Адзін малады ўдачлівы рэжысёр убіў сабе ў галаву ажаніцца з ёю, "але, вядома, я пра гэта і думаць не магу", — пісала яна, і Гендрык усміхаўся, чытаючы гэтыя радкі: вось якая яна недаступная, незачэпа, адхіляе ўсе прапановы і падкопы, якія б вабныя яны ні былі, упарта апантаная недаступным і растрачвае свае пачуцці на таго, хто іх не заўважае, хто яе не цэніць. На здымках вялікай камедыі з жыцця пачатку ХІХ стагоддзя яна пазнаёмілася з актрысай Ліндэнталь — той смай дамай, якая была першай інжэню ў Ене і прыяцелькай лётчыка — нацыянал-сацыяліста. Гендрык прагна і з нянавісцю сачыў за нямецкімі падзеямі па газетах і ведаў, што гэты лётчык належыць да ліку магутных варацілаў новага рэйха. Выходзіць, Лота Ліндэнталь зрабілася ўплывовай асобай. Якраз перад ёю Ангеліка і хадайнічала за Гендрыка.
У летуценных тонах пісьмо паведамляла пра дзівосную абаяльнасць, розум, далікатнасць і вытанчанасць Лоты Ліндэнталь. Ангеліка запэўнівала, што гэтая найдабрэйшая і мілая дама можа паўплываць на свайго магутнага сябра самым спрыяльным чынам. Яна і цяпер ужо многае зрабіла, асабліва для тэатра. Вялікі муж мае прыхільную цікавасць да драмы, аперэты і оперы. Яго каханыя — альбо дамы, якім ён праяўляў адмысловую павагу, — былі ў большасці актрысы пачуццёвага складу. Ён гатовы быў на любую ласку дзеля іх, калі ішлося не пра штосьці сур'ёзнае, а толькі пра вясёлыя дробязі накшталт акторскай кар'еры. Маленькая Зіберт звярнула ўвагу Лоты Ліндэнталь на тое, што Гендрык сядзіць у Парыжы і не рашаецца вярнуцца ў Германію. Тут фаварытка валадара дабрадушліва засмяялася. "Чаго ж баіцца гэты чалавек?" — і яна зрабіла наіўныя вочы. Гёфген жа не яўрэй, хутчэй залатавалосы рэйнец, і не належыць ні да якой партыі? Дарэчы, ён сапраўдны майстар — фройляйн Ліндэнталь бачыла яго ў ролі Мэфіста.
— Без такіх людзей, як ён, нам проста не абысціся, — сказала гэтая дама і абяцала таго ж дня перагаварыць са сваім сябрам.
— Ах, ён наскрозь ліберальны, — гаварыла першая інжэню з Ены: ужо ж яна яго ведае! І ўсе прысутныя адчулі багавейнае трапятанне, калі яна такім інтымным тонам загаварыла пра свайго жахлівага волата.
— Ён не злапомны. Хай Гёфген раней і рабіў розныя выбрыкі і глупствы — ён гэта ўсё разумее, калі гаворка ідзе пра мастака вялікага маштабу. Бо галоўнае — здаровае зерне, — гаварыла Лота крыху бяссэнсава, але вельмі сардэчна.
І яна зрабіла, што абяцала. Калі ўсемагутны ўчыніў ёй вячэрнюю візітацыю, яна пачала яго ўмольваць:
— Мілы, ну будзь добры, ну, калі ласка!