У першыя тыдні свайго новага берлінскага жыцця Гендрык жыў толькі адным помыслам: Лота Ліндэнталь павінна яго палюбіць. Бліскучым вачам і сцярвознай усмешцы яшчэ ніхто не здолеў супроцьстаяць, а ўрэшце яна таксама толькі чалавек, не больш таго. Цяпер на карту пастаўлена ўсё, трэба пусціць у ход усё сваё майстэрства — Лоту трэба заваяваць, як крэпасць. Хай сабе ў яе занадта пухлыя грудзі і вочы, як у каровы, хай яна правінцыйная, празаічная, пляваць на яе двайное падбароддзе і хімічную андyляцыю: для яго яна жаданая больш за любую багіню.
І Гендрык змагаўся. Ён быў глухі і сляпы да ўсяго, што адбывалася навокал. Яго воля, увесь яго розум скіраваліся на адну мэту: заваяваць белакурую Лоту. Толькі для яе ў яго былі вочы, больш ён нічога не заўважаў. Маленькая Ангеліка пралічылася, калі думала, што Гёфген з удзячнасці будзе хоць крышку дарыць яе сваёй увагай. Толькі першыя гадзіны пасля прыбыцця ён быў з ёю мілы. Але як толькі яна яго прадставіла Ліндэнталь, тyт жа і перастала існаваць. Ёй прыйшлося выплакацца на грудзях у свайго кінарэжысёра, а Гендрык адразу скіраваўся да адной мэты, імя якой — Лота.
Ці заважыў ён, як змяніліся вуліцы Берліна? Ці бачыў ён карычневыя і чорныя кашулі, сцягі са свастыкай, калоны моладзі? Ці чуў ваяўнічыя песні, якія распявалі на вуліцах, ляцелі з радыёпрыёмнікаў, з кінаэкранаў? Ці браў да ўвагі прамовы фюрэра, яго пагрозы і пахвальбу? Ці чытаў газеты, якія прыхарошвалі, замоўчвалі, хлусілі, але тым не меней выплюхвалі даволі страшныя ісціны? Ці турбаваў яго лёс людзей, якіх раней ён называў сваімі сябрамі? Ён нават не ведаў, дзе яны. Можа, сядзяць у якой-небудзь кавярні ў Празе, Цюрыху ці Парыжы, можа, іх катуюць у канцэнтрацыйных лагерах, можа, хаваюцца на гарышчах і ў сутарэннях Берліна? Гендрыка ані не цікавілі гэтыя змрочныя дэталі. "Я ж не магу ім патворыць, — гэтай формулай ён адганяў ад сябе ўсякую думку пра пакутнікаў. — Я сам у пастаяннай небяспецы, хто ведае, можа, Цэзару фон Муку ўжо заўтра ўдасца дабіцца майго арышту. Вось як буду ўпэўнены ў сваім становішчы, тады я змагу пасабляць іншым!"
Толькі з вялікай неахвотай, адным вухам, Гендрык прыслухоўваўся да чутак пра лёс Ота Ульрыхса. Камуніст — артыст і агітатар, арыштаваны адразу пасля падпалу рэйхстага, падвергся жахлівым працэдурам, якія тут называюцца "допытамі". Гэта мне расказаў адзін чалавек, які сядзеў у суседняй з Ульрыхсам камеры, — так баязліва, прыглушаным голасам сказаў тэатральны крытык Ірыг, які да 30 студзеня 1933 года належаў да крайне левых і быў перадавым барацьбітом за строга марксісцкую літаратуру, якая стаіць выключна на варце інтарэсаў класавай барацьбы. Цяпер ён мерыўся прымірыцца з новым рэжымам. Як трымцелі раней перад доктарам Ірыгам пісьменнікі, западозраныя ў буржуазна- ліберальных альбо, што яшчэ горш, у нацыяналісцкіх светапоглядах! Самы пільны і нецярпімы жрэц марксісцкай літары, ён аддаваў іх анафеме, праклінаў і знішчаў, называючы іх наёмнымі эстэтамі капіталізму. Чырвоны тата ад літаратуры не быў схільны бачыць нюансы і праводзіць дакладныя адрозненні. Яго думка была такая: хто не за мяне, той супроць мяне, хто піша не па рэцэптах, якія я склаў, той крывавы сабака, вораг пралетарыяту, фашыст. І калі яму самому пра гэта яшчэ невядома, дык ён даведаецца ад мяне — загадчыка літаратурным аддзелам навінаў. Катэгарычныя прысуды доктара Ірыга прымаліся ўсімі, хто залічваў сябе да левага авангарду, абсалютна сур'ёзна, хоць і друкаваліся на старонках буржуазнай газеты. Бо ў тыя часы біржавыя газеты любілі дзеля жарту аддаваць літаратурны аддзел марксістам — гэта надавала ім пікантнасці і нікому, па сутнасці, не замінала. Жыццёва важным аддзелам газеты быў гандлёвы аддзел. А ў падвале, куды не заглядваў ніводзін сур'ёзны камерсант, мог павыдурнівацца і чырвоны тата.
Доктар Ірыг "выдурніваўся" шмат гадоў падрад і стаўся рашаючай інстанцыяй ва ўсіх справах марксісцкай мастацкай крытыкі. Калі нацыянал-сацыялісты прыйшлі да ўлады, яўрэйскі рэдктар "Біржавых навінаў" склаў з сябе паўнамоцтвы. Доктару Ірыгу дазволілі застацца, бо ён здолеў даказаць, што ўсе ягоныя продкі як з боку бацькі, так і з боку маці былі арыйцы, а сам ён ніколі не быў членам ніводнай з сацыялістычных партый. Не доўга думаючы, ён згадзіўся весці літаратурны аддзел "Біржавых навінаў" у там самым строгім нацыянальным духу, у якім былі вытрыманы палосы палітычнага аддзела і які адчуваўся нават у аддзеле "Рознае".