Выбрать главу

Да пачатку адной рэпетыцыі Гёфген падышоў да Лоты Ліндэнталь, і голас яго гэтым разам дрыжаў без фальшу:

— Фраў Лота, у мяне да вас вялікая просьба.

Яна ўсміхнулася крыху спалохана:

— Я заўсёды пасабляю калегам і сябрам, калі магу.

І тады ён, гледзячы ёй у вочы глыбокім гіпнатычным позіркам, сказаў:

— Я павінен сыраць Мэфіста. Вы разумееце мяне, Лота? Я павінен.

Яго сур'ёзнасць напалохала яе, да таго ж яе ўзбуджала напорыстая блізкасць яго цела, ужо даўно ёй не абыякавага. Пяшчотна пачырванеўшы, апусціўшы вочы, як маладая дзяўчынка, якой робяць прапанову і якая абяцае параіцца з бацькамі, яна прашаптала:

— Я паспрабую ўсё, што магчыма. Сёння ж я пагавару з ім.

У Гендрыка вырваўся глыбокі ўздых палёгкі.

На раніцу сакратарыят дырэктарату дзяржаўных тэатраў паведаміў яму па тэлефоне, што пасля абеду яго чакаюць на першы збор актораў, занятых у будучай пастаноўцы "Фаўста". Гэта была перамога. Прэм'ер-міністр прасіў за яго. "Я ўратаваны", — думаў Гендрык Гёфген. Ён паслаў вялікі букет жоўтых ружаў Лоце Ліндэнталь; да кветак ён прыклаў цыдулку, на якой кранальна вуглаватымі літарамі надрапаў толькі адно слова: "Дзякую".

Яму здалося цалкам натуральным, што дырэктар Цэзар фон Мук перад рэпетыцыяй запрасіў яго да сябе ў кабінет. Нацыянальны пісьменнік выказаў яму самую глыбокую задушэўнасць, сыграную на куды большым мастацкім узроўні, чым высакародная стрыманасць Гёфгена.

— Я рады бачыць вас у ролі Мефістофеля, — сказаў драматург. Сталёвыя вочы яго мякка заблішчалі, і ён з мушчынскай сардэчнасцю схапіў абедзве рукі чалавека, якога марыў знішчыць. — Я, як дзіця, шчаслівы буду пабачыць вас у гэтай вечнай, глыбока нямецкай ролі.

Ясна было: дырэктар поўны рашучасці адразу і прынцыпова змяніць свае адносіны да Гёфгена з таго моманту, як прэм'ер-міністр заступіўся за яго. Вядома, як і раней, Цэзар фон Мук не забываў пра галоўную мэту: трэба было не дапусціць, каб гэты тып надта ўзнёсся і пры першай жа магчымасці турнуць яго з Дзяржаўнага тэатра. Але цяпер ён лічыў разумным павесці барацьбу супроць старога ворага больш тайна і хітра. Гер фон Мук ні ў якім разе не быў схільны сварыцца праз Гёфгена з магутным прэм'ер-міністрам альбо з гэтай Лотай Ліндэнталь. Дырэктар прускіх дзяржаўных тэатраў мае ўсе падставы імкнуцца да такіх самых добрых адносінаў з прэм'ер-міністрам, як і з міністрам прапаганды...

— Паміж намі, — сказаў далей дырэктар даверліва, — гэта мне вы абавязаны тым, што зноў будзеце граць Мэфіста. — У яго вымаўленні сёння быў асабліва адчувальны саксонскі акцэнт. Магчыма, такім спосабам ён хацеў падкрэсліць сваю прастадушную шчырасць. — Былі сякія-такія сумненні, — ён прыглушыў голас і скроіў грымасу шкадавання, — сякія-такія сумненні ў міністэрскіх колах, вы ж разумееце, мой мілы Гёфген... Баяліся, каб дух папярэдняй пастаноўкі "Фаўста" (у пэўным сэнсе бальшавіцкі дух, так там сказалі) вы не перанеслі ў нашу новую пастаноўку. Але мне ўдалося абвергнуць гэтыя апасенні, пераадолець іх! — радасна закончыў дырэктар і рашуча паляпаў артыста па плячы.

Гёфгену ў гэты такі паспяховы дзень давялося перажыць і моцны пярэпалах. Ступіўшы на сцэну, ён твар у твар сутыкнуўся з маладым чалавекам. Гэта быў Ганс Міклас. Колькі тыдняў Гендрык наогул не ўспамінаў пра яго. Вядома, Міклас жывы-здаровы, яго нават прынялі ў Дзяржаўны тэатр, і ён грае Вучня ў новай пастаноўцы "Фаўста". Да гэтай сустрэчы Гендрык не быў гатовы. Пра размеркаванне малых роляў ён неяк яшчэ і не думаў. Цяпер імгненна: "Што мне рабіць? Як трымацца? Гэты ўбоіна ўсё яшчэ ненавідзіць мяне. Гэта ясна. Злосны позірк, які ён толькі што кінуў на мяне, даволі красамоўны. Ён ненавідзіць мяне, ён нічога не забыў, і ён можа мне напаскудзіць, калі захоча. Гэта ж возьме ды ляпне Лоце Ліндэнталь, за што мы тады пасварыліся ў "Г. М.". Калі раскажа, я прапаў. Але не, не адважыцца, так далёка не пойдзе. Зраблю выгляд, быццам мне на яго напляваць, спалохаю яго сваёй пыхай. Тады ён падумае, што я ўжо зноў на кані, што ў мяне на руках усе казыры і што ён супроць мяне нуль".