Рагнеда стала расказваць пра сябе, пра Янку — што вось яшчэ варушацца-працуюць, а яна сама ўжо збіраецца на пенсію, а там праз некалькі гадкоў пойдзе і Янка. Пра дзяцей гаварыла як нехаця: што кватэру давялося размяняць, Янкавы дзеці атрымалі двухпакаёўку-хрушчоўку, а Янка асобны пакой у яе, Рагнедзінай кватэры.
— А навошта было разменьваць трохпакаёўку? Няхай бы і жылі там дзеці, — сказала маці, як бы папракнуўшы сына, што ён так зрабіў — размяняў кватэру пасля смерці першае жонкі.
— Можа, я і не разменьваў бы, але ж там сталі пасяляцца Вальчыны сваякі. Адна дзяўчына заняла адзін пакой, другая — другі, а маіх дачок сагналі ў адзін пакой, самы меншы. Ну, я павінен быў зрабіць выгляд, што перасяляюся да дзяцей і прашу іх вызваліць жылплошчу. Я там яшчэ быў прыпісаны, кватэра была на мне. Ну, як яны выселіліся, мы і пачалі шукаць абмен. Гэта доўгая гісторыя, быў пецярны абмен-размен. Выйшла так, што я свой пакой памяняў з жанчынаю, якая жыла ў Рагнедзінай кватэры, стаў яе суседам, — кіўнуў на жонку.
— А Божа, я і не разабралася, што ты нагаварыў, як разменьваў, — успляснула рукамі маці. — Гэтыя гарады — не дай Бог людзям тае пакуты, я там і дня не магу выжыць. Я ж была ў цябе, калі ты з дочкамі і Валькаю жыў яшчэ на нейкай Чарняўскай ці Чарнышэўскай вуліцы.
Янка добра памятаў той прыезд маткі, яна пажыла ў іх некалькі дзён і папрасшася дадому: вада з крана здалася ей не толькі нясмачнаю, але нават шкоднаю для яе. Як потым казала яму сястра Жэня, маці збіралася пажыць у сына хоць бы зіму, ажно не вытрымала і аднаго тыдня. Ёсць няпісанае правіла: старое дрэва не перасаджваюць, яно можа засохнуць. Так і стары чалавек: да чаго ён прывык, да чаго прырос, ад таго ўжо яго нельга адарваць.
Але маці хацела ўсё ведаць — як пра дзяцей, так і пра ўнукаў, ёй здавалася, што яны там робяць нешта не так, як трэба, што не раяцца са старымі бацькамі, усё хочуць жыць сваім родумам, таму і жывуць не так, як трэба, таму ў іх і ўсякіх-усялякіх напасцяў аж задужа. А яшчэ — што ў царкву не ходзяць, Богу не моляцца. Але што ў царкву? Цяпер сваіх багоў напрыдумлялі, вунь як яе зяць Анупрэй. Збяруцца кампаніяй і моляцца, Біблію чытаюць, а потым — віно п’юць. Дома нічога не глядзіць. Вунь у хляве страха цячэ, то накрывае сена плёнкаю з сярэдзіны, гніе сена, а страхі не паправіць. Веранду падшыць ужо дзесяць год збіраецца, і тут страха цячы пачынае. Падлога не пафарбавана, шпалеры паклеіць Жэні няма з кім, мо дзеці з Мінска прыедуць ды памогуць. Цяпер трохі менш п’е, але ўсё роўна сварыцца, крычыць: куры на дварэ корміце, зерне на зямлю сыплеце! Чаму карову не так корміце, чаму застаецца ў жолабе? Трэба каб усё з’ела, нават цыбуры. А не хоча — хай стаіць, пагаладае — даесць... Пчолы прыбіліся, распладзіліся, было тры вуллі, дык сталі прападаць. Адзін вулей у хату ўнеслі на зіму, а другі застаўся — кажа, што ўцяпліў. Але не той бок уцяпліў, пчолы і пагінулі. Не любяць пчолы, што ад яго бензінам дыхціць, ды і віном таксама. А тут яшчэ гэтае пратручванне пустазелля... Нічога не выходзіць з пчолаў... Гаспадар — не дай Бог такіх бачыць. Карова яго баіцца, куры баяцца, нават каты ўцякаюць, як яго ўгледзяць... Летась ішоў п’яны, а якраз цялушку заганялі. Ён стаў на праходзе пры плоце і стаіць, як пень — як знарок. Ледзь прагналі тую цялушку, так яго баялася. Потым прыходзіць, здымае туфель — ды бух Жэні па галаве, я крык узняла — дык ён і мне, я і абсунулася. Жэня крычыць: яшчэ раз падымеш руку — пайду ў міліцыю, у суд, хай даюць рады... А як раней сядзеў дзесяць сутак, дык стараўся перад начальствам падлізацца, перабраў пракурораву машыну, зрабіў яе як новую... А грошай Жэні не дае, калі часам дробнае што купіць — і ўсё, як іх і не было. Дык Жэня павінна была дзве стаўкі браць: здароўе надарвала, ціск падымаецца, збіраецца кідаць тую работу — нейкаю тэхнічкаю там робіць у канторы, дзе і Анупрэй шафёрыць.
Зачапіла маці і ўнучак, стала расказваць пра адну, другую, трэцюю. Жэня крывілася, але выслухоўвала, не перабівала, часам і сама што дадавала:
— Гэта ж во, самая меншая мая, Наташка, замуж выскачыла — за жанатага, яшчэ не развядзёнца, жонка разводу не дае. Пазнаёміліся недзе ў гарах, альпіністы, ён нават нейкі інструктар, водзіць групу. Збіраюцца аж на Памір — абое. Навошта ім той Памір здаўся — адзін Бог ведае. А жывуць асобна — яна ў інтэрнаце, а ён на кватэры. Разводу трэба чакаць тры гады — па законе. Ад яго бацькі адракліся, не пішуць, не прыязджаюць. Яны, мусіць, і багатыя, нейкія па гандлі ці дастаўцы. А тут ім сынок новую нявестку знайшоў...