Выбрать главу

Наташка слухала, што пра яе матка кажа, чырванела, усхоплівалася з месца, потым вярталася — перажывала.

— Мо і не трэба было табе, Жэня, нам расказваць гэтую гісторыю з Наташкай, бачыш, як ты яе ўразіла? Дзяўчына сама не свая, — зазначыў як між іншым Янка.

— Ты праўду сказаў, што не свая, а ўжо невядомая чыя. Навошта ёй чужы муж? Хіба мала вольных хлопцаў? Не, знюхалася ў тых гарах, пагрэліся! Цяпер ім будзе цёпла, як стануць жыць па чужых кватэрах, а ён яшчэ аліменты будзе плаціць на дваіх дзяцей.

— А гэтая дзяўчынка не яе, што з ёю гуляе? — спытаўся Янка.

— Не, гэта старэйшае, тая ж таксама ў Мінску, на чужой кватэры дзяцей гадуе. Усё грошы на кааператыў збіраюць, апошнія сілы кладуць. А тут ад нас пры такім гаспадары якая дапамога? Ніякай! Тут і сабе не хапае, а не яшчэ дзецям памагчы, як ім трэба. Адзінае, што яшчэ карова нас корміць — ды яшчэ кабанчыка ў год раз заколем, гэтым і жывём. Праўда, цялушачку нядаўна здалі ў калгас, то трохі дапамога была...

Тут на дварэ паказаўся хлапчук на гадоў дзесяць-дванаццаць, Янка яго бачыў год назад, і тады ён быў яшчэ маленькі, як вузельчык, а тут падлетак ужо, глядзі, стане хутка і на дзяўчат заглядацца.

— Сынок, ідзі палуднаваць, ты ж галодны з самага ранку, дзе ты быў? — загаварыла Жэня да сына Алега, які быў самы малодшы ў яе сям’і, перад ім ішлі тры дзяўчыны, пра якіх вось яны тут гутарылі.

— Мамка, дзякую, мо потым, я не галодны, — адмовіўся хлопец і пачырванеў. На матку ён быў зусім не падобны, хутчэй на бацьку.

Тут яшчэ Янкава маці дадала трохі пра ўнука:

— Бацька называецца! Хлопца зусім замэнчыў — па дзесяць вёдраў вады цягаць прымушае, цэлую бочку. А цяпер салому ўсім вазіў, то хлопец машыну таптаў — адну, другую, трэцюю, — дык ужо зусім ашлягнуў. Рука пачала тузацца, вока левае скакала, да доктара вазілі...

Так, слова за слова, перайшлі да сваякоў. Маці Янкава зноў пачала:

— Гэта ж нядаўна памерла Верка, дзеда Івана дачка. Яшчэ і жыла б, але дзеткі давялі, дачка з зяцем. П’юць на пару, на матку не зважаюць, яшчэ лаюцца. Перад гэтым зяць быў прапаў, думалі, уцёк з дому. А ён пайшоў на работу, у канцы п’яны зваліўся з ног у некім закутку — і ляжыць. А дачка ледзь знайшла яго, прыцягнула дадому. Маці кажа дачцэ: кінь ты гэтага п’яніцу, вунь цётка Ганя адна пражыла, не захацела другога мужа, пагадавала дзяцей. А дачка крычыць: лепш ты падыхай, ты нам жыць не даеш, а яго я не кіну, ён мне ў сто разоў даражэй, чым ты... Як памірала Верка, сабраліся сваякі, суседзі, прыйшла сястра Ганя. Пазнавала ўсіх, была пры памяці. Потым клікала: мама, мама! Колькі дзён назад зяць сніў сон: прыйшоў Костусь, цесць — ён ужо даўно памёр — ды нейкі заклапочаны вельмі. Пытаюць у яго мужчыны: мо па маму Верку? Не, кажа, па яе прыйдуць два мужчыны. I падае шмат фатаграфіяў, паказвае на двух: во гэты і гэты. А другі і быў якраз яго зяць-зяцёк, што давёў яе да дамавіны...

У Янкі, здаецца, ажно спухла галава ад таго, што тут яму нарасказвалі яго родная маці і сястра Жэня. Добра, што ёсць у цябе, Яначка, свае крэўныя людзі, што з імі ты можаш пагаварыць па душах, што яны, як трэба, паспачуваюць табе ў бядзе, і памогуць, і парадзяць, і ў крыўду не дадуць. Праўда, яны не вунь якія, не багатыя, у іх няма таго, што маюць многія, але затое ў іх шчырыя, адкрытыя душы, гатовыя адклікнуцца на чужое гора і бяду. Бо яны самі шмат яго бачылі, шмат чаго перажылі, а перажытае вучыць чала­века, робіць яго больш відушчым, больш абачлівым і нават мудрым.

Відаць, нешта падобнае перажывала і Рагнеда, якая ў кампаніі не любіла заставацца ў цені, магла паспрачацца, магла стаць першаю скрыпкаю. А сёння яна неяк ненатуральна паводзіла сябе ў кампаніі гэтых людзей, якіх яна яшчэ мала ведала, але якіх добра ведаў яе муж Янка, які вырас побач з імі, якія памагалі яму ўсім, чым маглі, ён пайшоў у свет, у людзі, стаў нейкім трохі вядомым — сяму-таму — пісьменнікам. Таму яна і не хацела «паказвацца», дала ім поўную волю і ўсякую ініцыятыву: я тут госця, вы гаварыце што хочаце, я гатова слухаць — хоць, можа, што і не надта прыемнае для сябе. Нават згодна і на такое...

I ўсё ж такі Рагнеда паставіла кропку ў гэтай доўгай бяседзе-гутарцы, і нават, відаць, здзівіла ўсіх, у тым ліку і самога Янку, бо для яго тое, што яна сказала, было навіною.

Яна пачала трохі здалёк — пра свой дом, пра родны кут і яго ролю ў жыцці кожнага чалавека — не пра сябе канкрэтна. Як гэта важна, калі чалавек, яшчэ дзіцем, расце ў сваім доме, са сваімі бацькамі, братамі і сёстрамі, дзедкамі і бабкамі, побач з нейкаю там жыўнасцю — канём, кароваю, свіннямі, авечкамі, курамі і гусямі. Усё гэта яго выхоўвае, памагае яму расці — і любіць гэта ўсё, і цаніць, і абараняць, калі трэба, нават пакласці галаву, калі так давядзецца. Ён прырастае да ўсяго гэтага, зжываецца з ім, яно ўсё ўваходзіць у яго свядомасць, у душу, робіцца часткаю, а мо нават асноваю, падмуркам яго чалавечага «я».