Выбрать главу

I тут налятае нейкі віхор, усё гэта, што ён меў і любіў, разбурае, разносіць у шчэпкі, руйнуе — і на тым месцы, дзе стаяў яго дом ці дом яго бацькоў, не застаецца нават і следу, нават падмурка.

— Мы ішлі да вас лесам, — пасля кароткай перадышкі зноў загаварыла Рагнеда, — і па дарозе якраз і бачылі два разбураныя гнязды, бачылі толькі астаткі падмуркаў, і яны ўцалелі толькі таму, што ў лесе. А як у полі — там не застанецца і следу. Як не засталося следу ад тых — не дамоў, а хатаў, у якіх жыў ваш і мой Янка, у якіх жылі вы. Дык вось, вы малайцы, вы збудавалі сабе новы дом ці хату, называйце як хочаце, а вось Янка застаўся без хаты. У яго ёсць толькі гарадская кватэра, адзін выменяны пакой. Ён сам не надта наракае на лёс, ну і няхай. А вось я падумала сабе: няхай у нашага Янкі будзе хоць нейкая сімвалічная хата, трохі падобнае да тое, у якой ён нарадзіўся і рос да дзесяці гадоў у той глухой лясной і балотнай вёсачцы Вадзяніца. I таму я хачу пабудаваць тут на бацькоўскім котлішчы ў нашым гарадку такую хатку, мо яна з цягам часу стане літаратурным клубам, дзе будзе збірацца літаратурная моладзь, а потым можа быць і стане літаратурным музеем Янкі Баркуна. I ўдзячныя нашчадкі нашы будуць прыходзіць туды і здымаць шапкі перад сціплым бюстам свайго земляка, разглядаць яго рукапісы, яго кніжкі — і ганарыц- ца чалавекам, які праславіў свае мясціны — і сваё імя. Што вы на гэта скажаце, шаноўныя сваякі і родзічы?

Усе былі проста як аглушаныя — і маўчалі. Першы апамятаўся Янка, і мо таму, што ў гэтай задуме яму належала першая роля. I паколькі першым ён мала калі быў і мала да гэтага рваўся, дык яго трохі ўкалола тое, што яго, не спытаўшыся, хочуць пасадзіць на белага каня. Па той народнай показцы: не ўмею ні пісаць, ні чытаць — хочуць за караля абраць. Мо каб Рагнеда параілася з ім, каб хоць сказала аб сваёй задуме, ён, падумаўшы, мог бы з усякімі агаворкамі і згадзіцца, але так раптоўна, як гром з яснага неба? Яго проста разабраў смех, і ён разрагатаўся, і ўжо на яго глядзелі як на ненкага калі не дзівака, дык парушальніка парадку — этыкету: тут гаворыць чалавек пра сур’ёзныя рэчы, а ён выскаляецца! Хіба ж так можна? Нарагатаўшыся, ён сказаў, як заклікаў усё роўна:

— Апладысменты! Прашу апладысменты нашай прамоўцы, мецэнатцы, фундатарцы, папулярызатарцы і гэтак далей спадарыні Рагнедзе, якая хоча ўвекавечыць сціплую постаць свайго мужа і пабудаваць яму музей пры жыцці, як бы ён там ні выглядаў — ці як хатка на курынай назе, ці як замак Радзівілаў.

Рагнеда, відаць, пакрыўдзілася, таму маўчала — нават надзьмулася, маці мо шмат чаго не зразумела з таго, што сказаў Янка, і таму таксама як чакала працягу размовы, таму першай азвалася на яго смех і такія модныя чужыя словы яго сястра Жэня:

— Што ты зубы прадаеш, братко, як блазан? Што смешнага ты пачуў? Тут якраз не смяяцца, а плакаць трэба. Над тваім лёсам, над нашым, а ты рагочаш, як п’яны, хоць сёння мы, дзякуй Богу, і не пілі.

— А што, табе не смешна? Ты пастаў сябе на маё месца, дык і табе будзе смешна. Ніколі я пра ніякія ўшанаванні самога сябе не думаў і думаць не збіраюся. Калі я нешта варты — хай потым што робяць, калі не — тым болей не трэба загадзя агарод гарадзіць.

— Калі ўсе так будуць разважаць, у нас ніколі культуры не будзе, а будзе роўнае поле, зарослае пустазеллем, без ніякага знаку, нібы тут і людзі ніколі не жылі, нічога не збудавалі, нічога не мелі, — далучылася да Жэні Рагнеда. — А ў сціплага гуляеш мо па сваёй ляноце: навошта табе лішні клопат? Гэта ж твой лозунг: навошта мне лішні клопат?

— Правільна! Навошта ён мне лішні? Мне і запланаваных клопатаў хапае. Лішніх я не хачу мець! — пачаў ужо злаваць Янка.

— Што, літаратура — гэта лішні клопат? Ты пра яе не дбаеш? А колькі ты людзей вывеў у літаратуру, памог маладым знайсці сваю дарогу, свой голас? Гэта быў запланаваны клопат, як ты кажаш? — прыпірала Янку да сценкі Рагнеда. — Аддай сэрца людзям — усё, без астатку! Тады ты нешта значыш, а калі ты вымяраеш: адгэтуль дагэтуль — мае, а там, чые хочаце, — так ты шмат не зробіш, даражэнькі, і сапраўды цябе не стануць увекавечваць, знойдуцца іншыя — і іх увекавечаць, бо яны аддалі сэрца людзям без астатку, згарэлі на працы — у імя ідэі, калі хочаш ведаць. А ты ў імя ідэі не хочаш паварушыць лішні раз і пальцам. Навошта табе лішні клопат?