Высокі худы і аброслы мужчына цяпер убачыў яго, кіўнуў галавою і сказаў:
— Што, ад настаўніцы Жаркоўскай прывезлі? Што ж так мала? Давайце памагу пакласці.
— Адкуль вы ведаеце, што ад Жаркоўскай? — здзівіўся Янка.
— Як не ведаць? Лічыце, суседзі, усё відаць. Трэці дзень, як прыехалі ў госці? Не памыліўся?
— Не памыліліся, мы тут прыехалі на адпачынак, — сказаў Янка.
— Ну, і пагоду вы добрую заказалі. На возеры яшчэ не былі?
— Не паспелі, але збіраемся.
Так гаворачы, яны ўскінулі скрынкі на вагі, было ўсяго восемдзесят кілаграмаў, атрымаў Янка на рукі ажно дванаццаць рублёў — больш як на тры пляшкі «Зуброўкі». Выгружалі-высыпалі таксама калектыўна, усё прайшло ў тэмпе. А там пад’язджалі ўжо людзі, нават адзін з возам, поўным мяшкоў.
Янка лёгка пакаціў «тачанку» з пустымі скрынкамі, якія цяпер падскоквалі і грымелі па блясе, — дарога была ў выбоінах. Пачатак зроблены, думаў ён, можна брацца за яблыкі, якія яшчэ сядзяць, страсаць іх ды патроху здаваць, бо потым, як пойдзе канвеер, цяжка будзе ўціснуцца ў чаргу. Але раз гаспадыня маўчыць, то што ім лезці са сваімі падказкамі? Яна не любіць, каб ёй падказвалі, яна ўсё вырашае сама. Янка здаў суседу «тачанку», падзякаваў, сказаўшы на ўсякі выпадак, што, калі трэба, ён гатовы ім памагчы завезці пару «тачанак» з яблыкамі на прыёмны пункт. Але гаспадар таксама падзякаваў і сказаў, што ў іх мала тых яблык, сад у іх малы. Янка ўсміхнуўся сам сабе: кінеш за сабою — знойдзеш перад сабою...
— Нешта ты хутка справіўся, — прывітала яго Рагнеда. — Шмат утаргаваў?
— Ажно дванаццаць рублёў! — пахваліўся Янка і паклаў грошы перад маткаю, якая сядзела за швейнаю машынкаю і нешта кроіла-шыла.
Гаспадыня ўзяла грошы, адняла пяцёрку і сказала Янку:
— Бяры ганарар, як вы кажаце. Зарабіў.
— Ну што вы, — стаў аднеквацца Янка. — Не трэба нам грошай, у нас і сваіх поўна. Наадварот, мы вам павінны даваць, а не вы нам!
— Хто каму павінен, яшчэ падлічым. А вось як даю — дык бярыце і дзякуйце. Усяго толькі. Як гэта беларусы любяць казаць? Як б’юць — уцякай, як даюць — бяры.
Каб не пакрыўдзіць маткі, ён узяў. Рагнеда не ўмешвалася, а прамаўчала, толькі неяк з асуджэннем паглядзела на Янку: не мог адстаяць сваю лінію. Слабак! А яму ўспомніўся анекдот пра беларуса — як яго б’юць трое сутак.
— Добра, калі б’юць, ды яшчэ можна ўцячы. А як не? Вось такі анекдот пра нашага братку-беларуса. Два паны за некую кару прывязалі яго да лаўкі ды давай дубасіць. Дзень б’юць, два, перадыхнуць, перакусяць, вып’юць выбаровай — і далей. А ён маўчыць, як вады ў рот набраўшы, як той нямко. I трэці дзень пачаўся, а яны ўсё б’юць, стаміліся страшэнна, але перадыхнуць — і зноў б’юць. I раптам небараку прарвала, ён ажно заплакаў, узмаліўся: «Ну як так можна, шаноўныя! Я трэці дзень не еўшы, з голаду паміраю, а вы і не падумаеце мяне пакарміць! Злітуйцеся, Богам прашу!»
— А з чаго тут смяяцца? — спыталася Рагнеда з недаўменнем.
— Як з чаго? 3 нашай цярплівасці. Што нас б’юць — толькі тае бяды. А вось што есці не даюць — гэта ўжо вялікая бяда.
— Выходзіць, што нас можна ўзяць толькі голадам? — спыталася Рагнеда.
— Во-во, як не стане чаго есці, тады зразумеем, чаго мы вартыя. Падумаем і ацэнім, і вывады зробім. А пакуль што — пацерпім, скура ў нас тоўстая! — падвёў вынік Янка.
На гэтым іх ранішняя гутарка скончылася, і Янка пайшоў займацца сваімі справамі, якія яго чакалі сёння. Яблыкі былі пачаткам, і даволі ўдалым, гэта яго трохі падбадзёрыла. Цяпер трэба брацца за касу. Хоць яна, відаць, тупая, даўно не кляпаная. Пабачым, пабачым... У адрыне знайшоў касу, агледзеў. Усё рассохлася: каса на коссі варушыцца, кулька таксама паязджае, клёп амаль што зрэзаны. Малатком падбіў клін-запатылак, каса як прырасла да касся, заціснуў кульку, каб не варушылася на кассі, намянціў, прайшоўся па ўзмежку. На роснай траве каса рэжа як мае быць, можна касіць, хоць кляпаць усё роўна трэба. Цікава, хто і калі тут кляпаў матцы гэтую касу? Яшчэ добра, што яна ёсць, а так давялося б пазычаць у суседзяў.