Выбрать главу

Касіў выбарачна — дзе больш павылазіла крапіва, дзе раскашаўся лопух, лебяда. Лопух быў высозны, магутны, з вялізнымі, як у слана вушы, лісцямі, з ружовымі калючымі макаўкамі-галоўкамі цвету і насення, якое патрохі пачынала выспяваць, а потым пачне рассыпацца-разносіцца па ўсім садзе і агародзе, а сабакі на сваіх хвастах разнясуць яго па ўсім горадзе. Лопух — лекавая расліна, з каранёў робяць настойку, а лісце ўжываюць як кампрэсы ад усякіх рэўматычных і сустаўных боляў, пры ўдарах і пухлінах, нават прыкладваюць да галавы — некалі так рабіла яго бабка Ганна, ды і маці таксама.

Паваяваўшы з лопухам, касіў крапіву, зелле, старыя трускаўкі, каб яны пайшлі ў новыя парасткі.

Касьба — праца хоць і даволі цяжкая, але прыемная, нават карысная — самая лепшая фізкультура, бо працуе-трэніруецца ўвесь арганізм, нават шыйныя мускулы. I часта пасля касьбы на першы-другі дзень баліць менавіта шыя, але ж не толькі шыя, а ўсё ніжэй — рукі, брушны прэс, ногі, нават ступакі. Але праз два дні ўсе болі праходзяць, і чалавек — пасвяжэлы, падужэлы — гатоў касіць ад раніцы да вечара. Хоць найлепей касіць з расою, каса тады рэжа, як брытва, і работы касец зробіць у два разы больш, як па сухой траве. Усё гэта Янка ведаў добра, давялося яму касіць нямала, пачынаючы з якіх дзесяці гадоў — і да цяперашняга часу, хоць цяпер усё менш і менш, бо касьба, як і малацьба, і варка, — усё стала цяпер не ручное, а машыновае. Гэта і добра, гэта лёгка, але тая паэзія, якая была ў фізічнай працы селяніна, прапала разам з гэтаю працай. I Янка не раз аб гэтым шкадаваў, думаў, што дарэмна людзі пайшлі ў гарады, дарэмна адарваліся ад зямлі і ад прыроды. Такое не на карысць людзям, гэта якраз на зло. У гарадах яны больш хварэюць, хутчэй таўсцеюць — і без пары паміраюць, бо не дыхаюць свежым паветрам, бо не працуюць фізічна, больш, чым трэба, п’юць. Хоць і вёска цяпер у гэтым кірунку не адстае ад горада, мо нават апярэджвае. Бо механізатар у вёсцы — гэта той жа гарадскі фабрычны рабочы. Але ў таго сем ці восем гадзін — і ён ужо вольны, а ў вёсцы трактарыст, ці камбайнер, ці шафёр — ад цямна да цямна цягне сваю лямку, як той вол ярмо, аж покуль не ўпадзе.

Усё цяпер памянялася, толькі пытанне — ці ў лепшы бок? Начальнікі верашчаць, што ў лепшы, а практыка паказвае, што наадварот. Не ўгару мы ідзём, а апускаемся ўніз. I калі гэта пакуль што не ўсе бачаць, дык потым, калі мы грукнемся аб дно, адчуюць усе, але будзе позна...

Толькі Янка стаў мянціць касу, як убачыў, што да яго ідзе Рагнеда. Няй­начай, нешта важнае. Але памыліўся: Рагнеда сказала, што трэба схадзіць у горад, купіць хлеба, яшчэ ўсяго шмат.

— А ты адна не магла б? — здзівіўся Янка. — Я толькі ўвайшоў у смак.

— Нічога, адпачынь. А то прыехаў у адпачынак, а з хамута не вылазіш.

— Ах, як ты мяне шкадуеш! Фізічная праца ў меру — найлепшы адпа­чынак, ты ж сама ведаеш.

— Не распачынай дыскусіі, пайшлі! — настойвала Рагнеда.

— Хай будзе, як Сара казала, — скончыў «дыскусію» Янка вядомым у яго мясцінах прыслоўем.

Яны сабраліся і пайшлі ў горад. Яно гучала нават трохі смешна — ісці ў горад. Па-першае, які гэта горад: якіх дзесяць тысяч чалавек, па-другое, ісці было не больш як пяцьсот метраў, можна было па іх вуліцы выйсці ў самы цэнтр, на плошчу, трэба толькі абагнуць некалькі вясковага тыпу дамоў і мясцовы трохпавярховы гатэль, ля якога звычайна стаяла некалькі легкавікоў ці невялікі аўтобус.

Універмаг, двухпавярховы, прасторны, стаяў упрытык да рэстарана, а з другога боку — упрытык да кнігарні, а трошкі далей — гастраном, у якім звычайна людзей было шмат, асабліва як прыязджалі з бліжэйшых вёсак, каб купіць што-небудзь свежае і смачнае, бо ў вясковых крамах выбар быў малы. У вялікую пераменку і ў канцы заняткаў тут было поўна школьнікаў з блізкае адсюль школы, дзеці куплялі марожанае, булачкі ці цукеркі.

Пастаяўшы трохі ў чарзе, яны ўзялі смятаны, кефіру, хлеба і батон, масла, тварагу ў брыкеціках, дзесятак яек і нават «Зуброўкі» — на «заробленыя» Янкам грошы. Матцы ўзялі марожанае і бутэльку напітку. Дарэчы, хлеб у гастраноме быў рэдка, і сёння ім пашэнціла купіць яго, а звычайна ён прадаваўся ў хлебным магазіне, давалі на рукі толькі адзін бохан, яшчэ нават пыталіся, ты гарадскі ці госць. Як госць — маглі не прадаць. А чарга выстройвалася такая, што вылазіла з магазіна, і хвост яе віўся на метраў пяцьдзесят па тратуары. Адным словам, было весела, калі апошнім у чарзе хлеба не хапала: людзі мацюкаліся, лаялі савецкія парадкі, некаторыя іх супакойвалі — глядзіце, дадуць вам лёгкага хлеба, больш не захочацца.