Такое могуць зразумець тыя, хто хоча, каб яна была адзінаю для ўсяго чалавецтва, але ніколі не зразумее і не пагодзіцца той, хто цэніць свае і ніколі не прамяняе яго на чужое, бо яно яму такое ж дарагое, як дарагое яго ўласнае для расейца. Бог стварыў людзей і даў ім розныя мовы для таго, каб яны іх любілі, шанавалі і не давалі ў крыўду, каб не адракаліся ад іх, бо мова родная — гэта самае галоўнае з таго, чым адзін народ адрозніваецца ад другога. Як прырода страціць ад таго, калі прападуць яе хоць і нямногія роды і віды, так і чалавецтва нашмат збяднее, калі нейкі народ страціць сваю мову і стане карыстацца суседавай. Такі народ прападзе для гісторыі, пра яго хутка забудуць — нібы яго і не было зусім.
Дык няўжо мы здольныя на такое дзікунства? Няўжо ў нас высахлі мазгі, што мы не можам адрозніць праўды ад няпраўды, дня ад ночы? Такога не можа быць!
Запрацаваўшыся ці задумаўшыся — цяжка сказаць, — Янка не заўважыў, што побач з ім стаіць Рагнеда і назірае за яго работаю. Азірнуўся — стукнуў сабе па пальцах, засыкаў.
— Бачыш, якое ў цябе вока, — сказаў ён жартам, — што я б’ю не па палене, а па калене.
— Не заглядайся на спадніцу, — сказала Рагнеда. — Я бачу, што яна табе падабаецца — мая шатландка.
— Не яна, а ты ў ёй — разумееш розніцу? — паправіў яе Янка.
— Так я табе і паверу! Не падлізвайся, — жартавала Рагнеда. — і не загаворвай мне зубы. Я прыйшла аб’явіць канец рабочага дня. Мы з мамаю зрабілі сабе перапынак, прыгатаваўшы вячэру.
— Не пакідай на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, — азваўся на гэта Янка. Рагнеда была вясёлая, нават гуллівая, значыць, з маткаю ў яе ўсё ідзе нармальна. «Гэта вельмі добра», — падумаў сам сабе Янка. — Тут у мяне на дзесяць хвілін работы.
— Даю табе дваццаць. Але не спазняйся, астывае вячэра.
— Пастараюся, даражэнькая. Скажы маме, што я па вас ужо засумаваў. Няма з кім загаварыць, паспрачацца. Поўная дэградацыя асобы. Каб не страціць кваліфікацыі поўнасцю... Не забывайся, што я рэдактар, а гэта такі чорны вол, які цягне і маўчыць. Маўчыць і цягне.
— Ах, як ты надарваўся на сваёй рабоце! Проста жах! Трэба будзе цябе падкормліваць, каб трымаўся на нагах. Скажу маме, каб яна што прыстаралася для цябе, — і Рагнеда пайшла ў хату.
Янка хутка завяршыў сваю «мазольную» працу, прыбіў апошнюю дошчачку, палюбаваўся зробленаю спарудай — здаецца, нічога, можна збоку падумаць, што рабіў гэта нейкі нават майстар, а не такі дылетант, як Янка, які ўмудрыўся паабіваць пальцы на левай руцэ — некалькі разоў пацэліў малатком па тым месцы, дзе не трэба. Але такое бяды, жыць можна. Проста яшчэ не вярнуўся да яго той спрыт у руках, які быў раней. Чым больш працуеш, тым больш ты спрытнейшы ў сваім фаху, хоць бы і ў такім мізэрным, як уменне заганяць цвікі.
Янка зайшоў пад калодзезь, каб памыцца. Скінуў кашулю, абліваўся вадою да пояса. Вада ў выварцы была трохі падагрэтая, не то што з калодзезя, і не так дражніла, як свежая. Рукі памыў мылам, як і раней. Добра было б памыць і ногі, але гэта пасля, перад сном. Тым больш, што ён хадзіў босы, і тут ужо без мыцця нельга было абысціся.
Сонца заходзіла хораша. Неба было чыстае, як шклянка, паказвала на добрую пагоду. Сям-там на вуліцы чуліся галасы людзей, брахалі сабакі, з поля — не гналі, як раней, — а вялі на павадках хто карову, хто казу. Машыны праязджалі па іх вуліцы рэдка, як і фурманкі — мала ў каго быў конь, а калі і быў, дык належаў нейкай там гарадской арганізацыі ці канторы. Тут панаваў спакой, трохі запаволены рытм жыцця, не было шмат мітусні, спешкі, якія характарызавалі жыццё вялікага горада. Вось чаму тут можна было адпачыць — і душою, і целам.
Ужо на парозе Рагнеда падала яму ручнік, і ён выціраўся з асалодаю, ажно стагнаў, шаруючы сябе льняным шорсткім палатном — любата вось так зрабіць сабе масаж, разагнаць кроў, расцерціся да чырвані, адчуць сябе паздаравелым і памаладзелым.
На вячэру Янку чакалі дранікі са смятанаю, ён еў і хваліў, не дапытваючыся, хто іх рыхтаваў, па прымаўцы: еж і хвалі, каб болей далі, а апетыт яго пабольшыўся яшчэ ад таго, што за добрую працу атрымаў кілішак «Зуброўкі». Злёгку захмялеў, адчуў як бы нейкую стому, якой не было там, за работаю. Але стома не была цяжкаю, хутчэй гэта млявасць, якая хутка праходзіць і не пакідае прыкрага следу.
За сталом зайшла гутарка пра драўляны дом, які нядаўна вырас перад іх вокнамі на самай мяжы, так што дзверы, калі іх адчыніць, будуць ужо на іхніх сотках. Маці гаворыць, што гэта іх новы сусед, які купіў недзе гэтую хату, заняў тут пляц і збіраецца потым яе прадаваць, калі знойдзецца ахвотнік.
— Давай купім, Яначка, — сказала Рагнеда. — Я думаю, ён шмат не заломіць. Будзем суседзямі з мамаю, будзем ёй памагаць, яна нам. Як ты лічыш?