Выбрать главу

Трэскі, палечча і трухлявыя дошкі, розныя абрэзкі і калодкі Янка насіў мо якіх гадзіны дзве, амаль што да абеду, наклаў мо воз дроў. Работа не сказаць каб цяжкая, але пачынала ўжо балець сярэдзіна, хацелася ўпасці на траву і паляжаць, каб зямля адняла стому. Але нешта не дазваляла — сумленне ці што іншае, мо нават чалавечая годнасць: як гэта, не скончыўшы работы, ты разлёгся тут на траве, як апошні гультай? Мо яшчэ каб адна Рагнеда такое бачыла, ён сцярпеў бы, а як яе маці — нізавошта! Каб потым упікала: во які слабак, панасіў таго ламачча пару гадзін — і ўжо зваліўся з ног, нібы ён тут горы варочаў.

Да абеду Янка яшчэ паскідаў сахаром у кучкі прывялае зелле, скошанае ў суботу, парэдзіў зараснікі бэзу, які так разросся, што вылазіў з усіх дазволеных яму межаў.

Дзіўная рэч выходзіць! Калі ёсць занятак, час ляціць непрыкметна і хутка. Паўдня прамчалася як на крылах: тут ёсць, тут няма. Пасля абеду хацеў прылегчы, з гадзіну паляжаць, але Рагнеда сказала, што збіраецца на дождж, не шкодзіла б накрыць плёнкаю тыя дровы, якія ён цягаў да абеду. Давялося так і зрабіць, бо, калі яны намокнуць, за іх будзе не ўзяцца. Дождж спачатку быў невялікі, як падражніўся, а потым сыпануў буйны і часты. Зелле паспеў паскідаць пад застрэшак, які зрабіў учора, там яшчэ было пуста, якраз вось тут будуць ляжаць дровы, якія ён возьмецца секчы.

У хату ісці не хацелася, але што зробіш? Дождж не пераставаў. Прынёс два вядры вады, хоць трохі і змок. Жанчыны займаліся хто чым: маці шыла, дачка мыла. Нешта яны былі надзьмутыя, ці не пасварыліся. Потым Рагнеда гаварыла Янку, што маці не дае ёй мыць яе рэчы, бялізну: «я сама!» — яе любімае выслоўе. I ўжо ж слабая, ужо няма сілы, але ўсё роўна не хоча траціць фасону — «я сама!». А для чаго прыехала да цябе твая дачка? Каб любавацца вясковымі пейзажамі? Яна прыехала, каб табе памагчы, каб аблегчыць тваю працу, даць адпачынак тваім рукам. Потым будзеш сама, як мы паедзем, яшчэ нацешышся, а цяпер я за цябе зраблю. Не, яе ўгаварыць, пераканаць немагчыма!

Янка ўзяўся за газеты, але толькі прагледзеў загалоўкі, чытаць не хаце­лася, трэба было адпачыць ад усякай палітыкі, хоць яна лезла ў вушы з усіх бакоў. Добра яшчэ, што ў маткі не было тэлевізара, яна хадзіла глядзець навіны ці які серыял да суседзяў Аляксейчыкаў, у сваёй хаце была толькі радыёкропка. Трывожныя падзеі адбываліся ў Ліване: ізраільскія войскі ўвайшлі ў Бейрут, пачаліся жорсткія вулічныя баі. Палесцінскаму лідэру Арафату ніхто не дапамагае, усе арабы ганебна маўчаць — такое было меркаванне аглядальнікаў.

Але вайна ішла далёка, яна не закранала нашых інтарэсаў, таму адносіны да яе даволі халодныя, і хто пераможа — не надта хвалявала людзей. Мо хіба што палітыкі ламалі галовы хто выйграе, хто прайграе, але гэта быў іхні хлеб. Напэўна, для некаторых было важна, каб перамог той, а не другі бок, мо ад гэтага залежаў іх лёс як палітыкаў, таму яны былі актыўныя, выказвалі свае меркаванні, прыводзілі свае довады. На іх думку, усё вырашалі не маленькія дзяржавы — Ізраіль, Ліван ці яшчэ не дзяржава Палесціна, а тыя, хто стаяў у іх за плячыма, такія, як Злучаныя Штаты і Савецкі Саюз. I чый уплыў там мацнейшы, той і пераможа.

Трэці дзень адпачынку быў трохі падобны да папярэдніх, але былі і свае нюансы. Рагнеда, параіўшыся з маткаю, сказала Янку пашырыць плантацыю трускавак. Ён з прыемнасцю згадзіўся, навастрыў рыдлёўку, ачысціў ад іржы і ўзяўся капаць — дзе перакопваць гатовую глебу, а дзе капаць цаліну. Тут было цяжэй, карані травы і малачаю так моцна ўгрызліся ў зямлю, так спрытна перапляліся, што трэба было вунь як рассякаць-драбіць тыя цагліны, якія адразала рыдлёўка, а потым вытрасаць траву і карэнне, выграбаць іх жалезнымі граблямі, даводзіць да кандыцыі. Потым Рагнеда ці маці будуць садзіць тут флянсы трускавак, якіх шмат разраслося на кожнай старой, ужо ўтравелай градцы, дзе Янка касіў.

Дзіўная істота гэты чалавек! Усё яму трэба, усё яму мала, ёсць смачнае, а хочацца яшчэ смачнейшага. Ці не на гэтым трымаецца прагрэс? Нехта недзе сказаў пра мільянера, які не стамляецца множыць свае мільёны, што, калі ён скажа сабе: хопіць! — дык лічы, што ён памёр. Так і кожны чалавек шараговы, звычайны, калі ён скажа: больш не буду сеяць, малаціць, хадзіць на працу, — значыць, спыніўся прагрэс, чалавек і чалавецтва дэградуе, вяртаецца да пячоры, з якое выйшла дзякуючы таму, што трэба было карміць сям’ю — мо тады сям’і яшчэ і не было, — трэба было карміць тых, хто заставаўся ў той пячоры, хто паліў вечны агонь, нешта гатаваў, карміў тых, што ішлі на паляванне, на здабычу новых і новых сродкаў для свайго пражытку.