Выбрать главу

Кожны чалавек, кожная жывая душа дбае перш за ўсё пра сябе, а потым — пра тых, хто яму родны, хто блізкі, ад каго залежыць у нейкай меры і яго ўласнае жыццё. Бывае, што ён клапоціцца толькі пра сябе, і больш ні пра каго, ён ужо як бы адгароджваецца, адколваецца ад грамадства, лічыць, што яно яму не патрэбна, як не патрэбна і дзяржава, якая хоча яшчэ ўварваць сабе ад яго лішні кавалак, нібы яна такая бедная, што без таго кавалка не зможа існаваць, а ён такі багаты, што гатовы раскідацца лішнім кавалкам. Ды няма ў яго лішняга! У яго толькі тое, што на ім, толькі тое, што сёння ён з’есць, а што будзе заўтра — ён не ведае. Але мо такая сітуацыя з чалавекам — як выключэнне?

А вось узяць Рагнедзіну матку. У яе ўсё ёсць: хата, пенсія, сад-агарод. Бракуе ўжо толькі здароўя, няма далягляду — блізіцца фініш. А яна яшчэ вунь як казырыцца: я тут гаспадыня, не люблю, калі што робіцца не па-мойму, я сама і г.д. У яе няма крытычнага погляду на ўсю тую сітуацыю, у якой яна апынулася. Хай бы сказала: і добра, што вы хочаце тут жыць пасля пенсіі, якраз і мяне дагледзіце, не буду гібець адна, нібы ў мяне няма сваіх дзяцей. Калі ласка, пераязджайце! Хоць сёння!

Але не, і не блізка! У яе ёсць свае меркаванні, свае планы. Рагнеда для яе не тая фігура, галоўная для яе — малодшая, Альбіна. Для яе яна жыла і жыве цяпер, яе лічыць сваёю апорай. Але якая яна апора, калі толькі бярэ? Дагледзіць на старасці гадоў? Яшчэ пабачым...

Урэшце, што Янку да яе меркаванняў, да яе прэтэнзіяў і жаданняў? Хай усім сваім яна распараджаецца сама, гэта яе законнае права. Яго толькі здзіўляе, чаму ў яе дочкі такія розныя, такія непадобныя, такія па-рознаму блізкія сваёй матцы? Ці не таму, што яны жылі і нават раслі ў розных умовах? Малодшая пры матцы, любімая дачушка, старэйшая — больш пры бацьку, як падчарка, а не родная дачка.

Не хочацца верыць, што Рагнеда кіруецца толькі сваім інтарэсам, жадаючы перабрацца сюды жыць. Яна думае перш за ўсё пра матку: яна будзе не адна, яна будзе пад апекай свае дачкі, яна будзе дагледжана, і накорм­лена, і абагрэта. А матка — у Янкі такое ўражанне — думае: «Нешта вы мяне раптам убачылі, нешта вас я зацікавіла. Ці не мае соткі, сад-агарод, ці не мой дом вас больш зацікавіў? Дарэмна, даражэнькія! Усё гэта не для вас, не вам яно свеціць. У мяне вунь любімая дачушка Альбіна, яна мяне дагледзіць, яна ад мяне атрымае ўсё тое, што я сёння маю... А вы пажывіце тут месяц ці болей, хто вам не дае? Сёе-тое паможаце, не задарма будзеце мой хлеб есці, я такога не люблю. А работкі ў мяне для вас знойдзецца — і мужчынскай, і жаночай...»

Няхай не тымі словамі, няхай не так рэзка і катэгарычна яна думае, але нешта падобнае круціцца ў галаве.

Капанне Янка скончыў да першага дажджу, праўда, невялікага і не доўгага. Другая задача ў яго была — падрыхтаваць цяпліцу для памідораў. Мо і позна пра гэта падумалі, але хай: ён зробіць так, як яму сказана, не такая тут ужо складаная навука. Зрабіў аснову, каркас, а потым абцягвай яе плёнкаю, мацуй, каб не сарвала ветрам. Ад першага дажджу прайшла мо гадзіна ці болей, як пачаўся другі. Тут ён ужо схаваўся пад плёнкаю, якую нацягваў на раму, у хату не ўцякаў, як раней. Але доўга не ўседзеў, Рагнеда з ганка паклікала яго ў хату, гатовы полудзень. 3 гэтаю ежай цэлая бяда: не паспееш увайсці ў азарт, як тут цябе ўжо валаюць на абед, на вячэру, і застаецца такое ўражанне, што ты цэлы дзень тое і робіш, што ясі, а на работу сапраўдную проста не хапае часу. Але, відаць, такое адчуванне тады, калі твая праца не цяжкі абавязак, а нейкая як гульня, размінка-разрыўка, якая раз-два і скончыцца. Гэта не тое, што цяжкая сялянская праца ад раніцы да ночы, калі ажно цямнее ў вачах, цябе пачынае вадзіць у бакі, ногі ажно падрыгваюць у каленях, як у перагружанага каня. Тут да ператамлення не даходзіць, тут цябе ніхто не падганяе, не ідзе за табою з касою, а ты баішся, каб табе не падрэзалі пяты, бярэш з усяе сілы. Тут ты можаш у любы час зрабіць перадышку, паляжаць на траве ці схадзіць у хату, каб папіць якога квасу. Адным словам, ты ў адпачынку, хоць і робіш нейкую нязначную для сябе работу. Мо тут матцы яна здаецца вунь якою важнаю, цяжкаю, а для яго — гэта забаўка, гульня, гімнастыка ці фізкультура.

Абед быў смачны: салата з памідораў і гуркоў, галубцы — не надта мясныя, але затое шмат, на дэсерт — свежая сліва з цукрам, кампот з яблыкаў, піражкі гарадское выпечкі. Алкаголю — ні кроплі, хоць гутарка пра яго была, праўдзівей, гутарка пра Янку — што ён вядомы як вялікі прыхільнік Бахуса, градуснага бога, з якім ён вельмі сябруе, што няма таго дня, каб ён не прыклаўся да чаркі і не лёг спаць у абдымку з пляшкаю. Гэта быў як бы працяг тае гутаркі, пра якую расказвала Янку Рагнеда, цяпер яе ўдзельнікам быў ужо і Янка, пра якога і была гэтая гутарка-пагаданка. Быццам да маткі такія чуткі даходзілі паступова, порцыямі, яна іх збірала, хоць і не марынавала, яны забываліся, а потым узнаўляліся кім-небудзь і калі-небудзь.