Выбрать главу

Янку, як і кожнаму на яго месцы, не надта прыемна было слухаць такія байкі пра сябе, тым больш, што ў іх да праўды было, як ад зямлі да неба.

Рагнеда спачатку пасмейвалася з Янкі — вось глядзі, які ты ў анфас і ў профіль, мо нават і не падазраваў, што ты такі герой, — а потым пача­ла злаваць: ёсць жа людзі, якім прыемна некага абліць брудам, змяшаць з гразёю, каб яго не пазнавалі нават родныя. Але, дзякаваць Богу, усе, хто добра ведае Янку, могуць сказаць толькі, што ён чалавек як чалавек, нічога грахоўнага і антымаральнага за ім не водзіцца, на што маці тут жа знаходзіла контраргумент: а чаму ён кінуў першую жонку? Калі ён ужо такі добры ды справядлівы, чаго кінуў дзяцей? Няйначай, яму мала было аднае жонкі, яму патрэбны былі палюбоўніцы, якіх у яго было нямала, дык жонка не вынесла такога сямейнага шчасця і выгнала з кватэры.

— Не думайце, — казала маці, — што мне прыемна вам пра такое гава­рыць, пераказваць гэтыя плёткі ў розных варыянтах, але яны плятуцца ўжо даўно, вы напэўна іх і самі чулі не раз.

Плёткі на тое і плятуцца, каб прынізіць чалавека, зрабіць яму балюча, каб даверлівы слухач ім паверыў і павыскаляўся, каб сказаў: бач, які ён разумны, які вучоны, які пісьменнік? Ды ён яшчэ горшы за мяне, хоць я і не выгінаўся, не вылузваўся са скуры, каб уцячы ў горад...

— Каб усё гэта была праўда, — умяшалася Рагнеда, — дык ад Янкі даўно адвярнуліся б усе яго сябры, яго выгналі б з працы, не выдавалі б яго кніжак. Гэта, мама, не проста плёткі, гэта папулярны сродак прынізіць ролю нашай інтэлігенцыі: вось паглядзіце, хто такія вашы пісьменнікі, эліта нацыі: гэта звычайныя п’янтосы і бабнікі, не верце ім, не чытайце іх кніжак, бо там нічога цікавага няма. Не могуць беларускія пісьменнікі стаць інжынерамі чалавечых душаў, бо яны не дараслі да такое высокае місіі, яны разбэшчаныя і некультурный пісакі — усяго толькі.

Маці задумалася, стала сур’ёзнаю, пакратала пальцамі правай рукі свой высокі лоб, нібы шукала нейкую патрэбную думку, і спыталася:

— А каму гэта так трэба бэсціць твайго Янку, калі ён не такі?

— Ёсць чорныя сілы, якім не падабаецца ўсё наша, беларускае, яны тым і займаюцца, што чэрняць нас, паказваюць у крывым люстэрку.

— Мо ты прыдумляеш, Рагнеда? — усумнілася маці. — А што Янка скажа?

Янку было няёмка апраўдвацца, гаварыць пра сябе нешта такое ружовае, светлае, чаго ён не любіў рабіць. Лаюць — ну і няхай лаюць, рана ці позна праўда наверх вылезе, як бы яе глыбока ні закопвалі.

— Трэба сказаць, што ў гэтым пытанні ёсць два бакі: афіцыйны і звычайны, бытавы. Калі ўсё тое, што пра мяне гавораць знізу, на бытавым узроўні, даць у прэсу ці сказаць з нейкай афіцыйнай трыбуны, будзе скан­дал: дасведчаныя людзі скажуць, што гэта хлусня, звычайная лухта, што такое можа гаварыць толькі несумленны чалавек, якога можна прыцягнуць да судовай адказнасці за грубы паклёп. Але можна распускаць знізу, без усякай там прэсы і высокіх трыбунаў, вось такую гразюку, якая некаму ды здаецца праўдзіваю, нехта ды паверыць у гэта і будзе перадаваць сваім сябрам і знаёмым такія вось пікантныя падрабязнасці пра Янку Баркуна. I з плёткамі, як ні дзіўна, нічога нельга зрабіць, іх нельга злавіць і пасадзіць на лаву падсудных. Можна каму-небудзь набіць морду, але што гэта зменіць? Нічога. I плёткі будуць хадзіць датуль, пакуль не пахудзеюць і, як тыя асеннія мухі, самі не перадохнуць.

— А як жа адмыцца ад такога бруду, не насіць яго на сабе? — спыта­лася маці мо трохі іранічна. — Ці ёсць такі спосаб?

— Адзінае выйсце, мне здаецца — гэта трапіць пад праліўны чысты дождж, — адказаў Янка. — Я маю на ўвазе чысты дождж праўды. Ён і змые ўвесь бруд. Але ўсё яно не здарыцца так хутка, як хацелася б. Трэба набрацца цярпення — і працаваць. А кім памрэш — суседзі скажуць, — як раней казалі.

— Як раней казалі, дыму без агню не бывае, — нібы ўсё яшчэ сумнявалася маці ў Янкавых аргументах.

Янка ўжо канчаў свой кампот, вылоўліваў лыжачкаю скрылікі разваранага яблыка. Што ён мог адказаць цешчы? Яна да яго ставіцца з недаверам, ён адчуваў гэта яшчэ напачатку, калі яны з Рагнедаю прыязджалі да яе першы раз. Той недавер не прапаў у яе да цяперашняга часу, тым болей, што ён падаграецца такімі вось чуткамі пра яго — бабнік і алкаш. Не так лёгка змыць з сябе такі ярлык, калі ён на табе даўно, калі яго ўвесь час падмалёўваюць, паднаўляюць.