Выбрать главу

Янку падумалася, што нешта такое варушылася ў галаве цешчы, калі яна сядзела вось тут побач з імі за гэтым круглым сталом, дзе яны елі, пілі віно і гаварылі.

— Я бачу, Яначка, што ты надта прыліп да гэтай пляшкі, гатоў з ёю і ў пасцель легчы, — пажартавала Рагнеда, бачачы, як падлівае сабе Янка.

— Ну, у мяне ёсць з кім у пасцель легчы, а з паняю-пляшкаю можна і пафліртаваць, пакуль яна не апусцела, — адказаў Янка на закід.

— Апусцее адна — знойдзецца другая, — падтрымала гутарку маці. — У тым і бяда, што людзі ні ў чым меры не ведаюць, асабліва ў піцці. Цяпер гэтулькі аматараў выпіць горкага зелля, што проста бяда. Вось настаўнік наш адзін, яшчэ малады, так запіў, што дайшоў да белае гарачкі. Усё яму чэрці здаваліся, палохалі яго, ганяліся за ім, а ён уцякаў ад іх як мог, нават у халадзільнік схаваўся. Забралі ў бальніцу... А наш сусед Паўлюк таксама любіць з пляшкаю ў абдымкі хадзіць, але робіць перадышкі. Казаў, што і ён бачыў чарцей — невялічкія, у чорных капелюшах і з хвастамі. Зайшлі на кухню, а ён як угледзеў іх, дык ледзь не абамлеў.

Яны смяяліся разам, але, як падумаць, было не да смеху. Бо ледзь не ў кожнай хаце, у кожнай кватэры жыў чалавек, які ўжо не мог абысціся без таго, каб не выпіць хоць адзін раз у дзень, а былі ж і такія, што не абыходзіліся адным разам. Цяжка нават паверыць, што чалавек за дзень можа выпіць адну, а то і дзве пляшкі гарэлкі — і так з дня ў дзень. Як жа можа вытрымаць сэрца такую нагрузку? Як можа вытрымаць сямейны бюджэт такія выдаткі? Урэшце, як можа вытрымаць жонка, бедныя дзеці, што іх бацька прыходзіць дадому вечна п’яны, грубы, сярдзіты?

I вось такія людзі паміраюць без пары: сорак-пяцьдзесят — і іх няма. Самая сіла, а яны гатовы... Доктар неяк гаварыў па тэлевізары: нам прывозяць людзей і просяць — ратуйце! A іх ужо нельга выратаваць — інфаркт або інсульт. Потым, пры ўскрыцці, бачыш сэрца гэтага чалавека і можаш падумаць, што яму сто гадоў, яно, як зношаны лапаць. А яно належала саракагадоваму мужчыну! ·

— А чаму людзі п’юць без усякай меры? — спыталася Рагнеда нібы знарок, каб пачуць працяг гэтай не надта вясёлай гутаркі.

— О, кэль кэсцьён, — як кажуць французы,— якое пытанне! — усклікнуў Янка, адчуваючы спрэчку за іх круглым сталом. — Адны скажуць, што самі людзі вінаваты, другія — гэта Бог карае людзей за іхнія грахі, трэція кажуць: п’янства — хвароба сацыяльная, не людзі вінаватыя, а тыя ўмовы, у якіх людзі жывуць. I сказаў гэта не хто-небудзь, а сам Карл Маркс барадаты. Чалавек робіцца бесчалавечным таму, што жыве ў бесчалавечных умовах. I з гэтым тэзісам нельга не згадзіцца, з ім можа спрачацца толькі прэм’ер якой-небудзь дзяржавы, будзе перакладваць віну за ўсе зямныя грахі на самога чалавека.

— Выходзіць, я вінавата, што мой першы муж піў? Так ты хочаш ска­заць, Яначка? — абурылася Рагнеда, вочы яе загарэліся ад нейкага ўнутранага агню. Няйначай, ад успамінаў...

— Я так не кажу, але і тое акружэнне, у якім ён быў, мела нейкі, хай сабе неістотны ўплыў. Была нейкая душэўная незадаволенасць, незаспакоенасць, адным словам, варушыўся чарвяк, якога трэба было заспакоіць, даць яму чаго градуснага — як найменш.

— Ды ён з вайны ўжо вярнуўся алкаголікам, сам казаў, што ўсю вайну афіцэры пілі, не прасыхаючы. А ён маёрам быў, дывізіёнам камандаваў...

— Пілі недзе ў другой палове вайны, а ў першай ім і вады не хапала, не тое, што гарэлкі, — не згадзіўся з Рагнедаю Янка. — А ў сорак чацвёртым-сорак пятым ужо і салдатам давалі перад боем, гэта мне не адзін чала­век казаў. Каб смялей салдат на смерць ішоў, думаў, што яго куля абміне. А як вайна скончылася, дык афіцэры чаго плакалі? Не ад радасці, а наадварот! Што іх маліна канчаецца, што трэба будзе скідаць пагоны ды нейкую работу цягнуць, а тут іх і пояць, і кормяць, і рабіць нічога не трэба, яшчэ і кабета якая падвернецца, тэлефаністка ці медсястра. Гэта мне таксама не адзін афіцэр расказваў. А афіцэры хто былі? Учарашнія салдаты: выжыў год ці два, не забіла яго — вось яму спачатку лычкі на пагоны, а потым і зорку. I пайшло, у канцы вайны мог у маёры выбіцца, а то і вышэй. А ў самога пяць-сем класаў за плячыма. I так вось яны і камандавалі, таму ў нас і страты такія — самі ішлі на ўбой і салдатаў не шкадавалі.

— Усё ты ведаеш, Яначка, нібы ты сам усю вайну прайшоў, — сказала Рагнеда, якой, відаць, прыелася слухаць такую доўгую Янкаву тыраду, ды яшчэ з нейкімі закідамі ў яе агарод. — Але ж не ўсе з вайны вярнуліся п’яніцамі, як быў чалавек, дык і застаўся чалавекам. Параненым у вайну наркотыкі давалі, а вось жа не сталі людзі ад гэтага наркаманамі. Як слабы чалавек духам, дык яго і лёгка зламаць, а як моцны, усё вынесе.