За апошні год, як яны тут былі, у пакоі нічога не змянілася: на тым жа месцы стаяла вялікая канапа ля заходняга акна пры сцяне, у куце — этажэрка з кнігамі, тумбачка для тэлевізара, якога яшчэ не было, злева ля акна ад дзвярэй стаяла зінгераўская машынка, на якой нешта шылася — ляжала блакітная доўгая кашуля ці нешта падобнае. На сцяне ў левым куце была яшчэ адна этажэрка, ці палічка, ужо вісячая, таксама поўная кніжак. Бліжэй да дзвярэй вісеў вялікі гадзіннік з маятнікам залацістага колеру, але механізм маўчаў.
Пасярэдзіне пакоя, трохі бліжэй да дашчанай сценкі, стаяў круглы, засланы белаю сурвэткаю, стол, які пры патрэбе мог стаць у два разы большы — рассоўваўся, а пры ім — чатыры недарагія крэслы, абабітыя светлаю стракатаю матэрыяй.
— Цяпер суха, можаце не разувацца, — сказала маці. — Вы тут пасядзіце, а я прыгатую што-небудзь перакусіць, час палуднаваць.
— Дык я табе памагу, мама, — сказала ёй дачка.
— Абыдуся і без цябе, — коратка махнула рукою маці.
— Мы тут сяго-таго прывезлі, я зараз дастану. I табе падарункі.
— Якія яшчэ падарункі? — як абурылася маці. — У мяне ўсяго хапае.
— А вось такое начной кашулі і няма. I свэтра такога няма. Вось паглядзі. — I яна дастала з сумкі даволі вялікі пакет, загорнуты ў шэрую паперу. — Кашуля цёплая, на зіму, і свэтар таксама, ружовы, цёплы. Haсі здаровая! — I Рагнеда паклала падарункі на швейную машынку. — А вось яшчэ крэм для рук...
— Ну дзякую, што з вамі зробіш? Нібы ў мяне няма тых кашуляў? Вось шыю сама сабе, адна знаёмая дала матэрыялу. А свэтраў таксама хапае. Вам абы грошы патраціць, — бурчэла маці, але тон яе быў даволі мяккі, падарункі ёй, відаць, спадабаліся.
Тым часам Янка дастаў з чамаданчыка батон доктарскай кілбасы, кавалак галандскага сыру, пачак масла і перадаў Рагнедзе, а яна панесла на кухню.
За ёю пакіравала і маці, там яны пра нешта загаварылі, маці зноў стала адбівацца ад усякай дапамогі.
— А вось вядро амаль пустое, -— сказала Рагнеда, потым крыкнула, каб дайшло да Янкі: — Яначка, бягом па ваду! Вераб’і калодзезь абярнулі! Чуў ты такую прымаўку?
Янка зайшоў на кухню, жынчыны рыхтавалі абед.
— Я й сама прынясу, памочнікі мне знайшліся, — усё яшчэ не здавалася маці, баронячы сваю незалежнасць.
— Як гэта так? Мы сядзім, а ты носіш ваду? Мама, навошта такая ахвярнасць? Мы ж не госці тут у цябе, — даказвала сваё Рагнеда.
— А хто вы, калі не госці? — не згадзілася маці. — Уласнікі? Палавічнікі? А без памочнікаў я абыходжуся...
— Пасля гэтага я маўчу, — сказала пакрыўджана Рагнеда.
— Ну і маўчы, лепей будзе, — абсекла яе маці.
Аднак Янка самахоць узяў амаль пустое вядро і пайшоў па ваду. Яму не спадабалася, што маці неяк нехаця прымае да сябе ўвагу і цеплыню пачуццяў свае дачкі, што не лічыцца з яе меркаваннямі, што паводзіць сябе надта незалежна і не хоча прымаць іх за сваіх памочнікаў, а толькі за гасцей. Навошта ёй так казырацца? Для яго гэта было зусім незразумела, бо ў сям’і, дзе ён рос, усё вырашалася прасцей.
Калодзезь тут быў глыбокі, мо на дзесяць ці болей бетонаў-трубаў, вада ледзь віднелася, пабліскваючы ў паўзмроку. Ён пусціў вядро ўніз, яно загайдалася і стала падаць усё хутчэй і хутчэй, валёк калаўрота круціўся таксама хутчэй, і Янка, як і нядаўна сусед Пятрок, тармазнуў яго далонню, ажно яна стала гарачай. Урэшце вядро плюхнулася на ваду: яно з аднаго боку почапкі мела прывязаную цяжкую шайбу, і гэтая шайба адразу клала вядро набок, яно пачынала заглытваць ваду і тут жа тапілася. Янка крутнуў калаўрот — і вядро паслухмяна пайшло ўверх, расплёскваючы лішнюю ваду, а потым зазвінелі толькі кроплі — цінь-цінь-цінь.
Калі Янка прынёс ваду на кухню, маці і дачка пра нешта мірна гаварылі між сабою, і ён супакоіўся: вось і добра. А сам сказаў:
— Вось і я не дармаед, зарабіў на абед.
Жанчыны засмяяліся, а Рагнеда сказала:
— Ты тут як пабудзеш, то на паўмашыны заробіш.
— А на паўмашыны ты — вось і паедзем адсюль не аўтобусам, а на ўласным аўто, — дадаў ёй у тон Янка.
Маці не далучылася да іх жарцікаў, не сказала што-небудзь такое: «Вельмі вы ў мяне шмат заробіце», а моўчкі крышыла памідоры, у той час як Рагнеда скрыляла кілбасу, раскладвала роўным кружочкам па талерцы.
Янка хацеў напрасіцца накроіць хлеб, але ён ужо быў гатовы і ляжаў на плеценай з лазы хлебніцы.
— Янка, насі на стол, — сказала яму Рагнеда.
— Не трэба, — не згадзілася маці. — Я там памяняю настольнік.
— Дай я памяняю, што ты ўсё сама? — настойвала Рагнеда.
— Таму, што я тут гаспадыня, — адказала маці сур’ёзна. — Як мяне не будзе, тады будзеце вы гаспадарыць.