Выбрать главу

— Ты хочаш сказаць, што ёсць людзі, а ёсць героі, да якіх нічога не прыстае, яны ў попеле блішчаць, як тое золата?

Рагнеда нешта хацела адказаць, але тут уступіла ў гутарку маці, якая дагэтуль маўчала, і цяжка было сказаць, на чыім яна баку, хто яе больш пераканаў.

— Паслухайце, што я скажу, — пачала яна, выціраючы пальцы папяроваю сурвэткаю. — Тут у нас па вуліцы ходзіць кабета, высокая, худая. Яна ў тым канцы вуліцы жыве, пад рэчку. Ужо на пенсіі, ледзь ходзіць, дабітая кляча... Яна на піўзаводзе працавала. Дык што вы думаеце? Сама хвалілася, што па пятнаццаць пляшак піва за рабочы дзень выпівала. I што ж, пайшло яно ёй на карысць? Наадварот, бокам вылезла: здароўе прапіла, алкагалічкаю стала. I цяпер без пляшкі не можа жыць, без канца ў людзей пазычае, часам пад плотам валяецца. I хто тут больш вінаваты? Яна ці тыя ўмовы?

— Тут прасцей за ўсё можна сказаць, што сама вінаватая, прагнасць яе загубіла, — першы азваўся Янка. — Але, відаць, было нешта такое, што яе грызла, быў нейкі агонь, які яна гэтым півам залівала.

— А каб не дармовае піва, дык чым бы яна яго залівала, той агонь? — умяшалася Рагнеда. — Саракаградуснаю? Дык яна гарыць. Вось бы ўжо і згарэла дагэтуль, а так яшчэ ходзіць. Вось такі прыклад ну зусім супярэчыць твайму Марксу барадатаму, дарагі Яначка. Шмат мы звальваем свае віны на некага, а як няма на каго, дык на ўмовы, акружэнне, яшчэ невядома на што. Абы не мы самі!

На гэтым і скончылася «п’яная» тэма сённяшняга вечара.

VII

У нядзелю зранку Янка з Рагнедаю адразу пасля снядання вырашылі схадзіць у музей — гісторыка-краязнаўчы музей іх райцэнтра, ля якога яны праходзілі ледзь не кожны дзень, а іншым разам — і часцей. Збіраліся даўно, як толькі прыехалі, а вось ужо недзе палова адпачынку праляцела! Добра, што і так...

Музей, невялікі двухпавярховы домік, стаяў побач з новаю цаглянаю школаю, у якой ён і пачынаўся, доўга быў у падсуседзях, разрастаўся, і настаўнік геаграфіі Чарняк, заснавальнік усёй гэтай справы, стаў дамагацца, каб пабудаваць музею свой будынак.

Якраз яны засталі дырэктара Чарняка на месцы, былі і дзве маладыя дзяўчыны, навуковыя супрацоўніцы-экскурсаводкі. Як ганаровых землякоў гасцей хацелі правесці без білетаў, але Янка запратэставаў: як гэта? Не за плату, а па блату? Заплацілі, узялі квіткі, і сам дырэктар Чарняк, сярэдняга росту сімпатычны мужчына, менавіта чарнявы, павёў іх аглядаць экспазіцыю: спачатку па першым паверсе, потым па другім.

Была і ўступная гутарка: з чаго ўсё пачыналася, як пашыраліся, хто дапамагаў, хто перашкаджаў. Як вынікала з аповеду, хоць гэта не падкрэслівалася, ва ўсім была відаць работа яго, дырэктара і заснавальніка музея -— Чарняка, асабліва з будаўніцтвам памяшкання: дабіцца права на пабудову, правесці каштарыс, выпрасіць ці выбіць грошы, арганізаваць будаўніцтва, потым пашырэнне, але не ў бакі, а ўверх — надбудова другога паверха, — гэта вунь якая доўгая і цяжкая эпапея! Але свет не без добрых людзей: дапамагалі і у райсавеце, і так у розных установах, дзе здараліся затрымкі, дзе не клеілася, дзе гатова было сарвацца. Хто праз гэта не прайшоў, той не ведае, а хто прайшоў, як яны — ніколі не забудзе, — гаварыў ім дырэктар.

Пачалі агляд з дагістарычнага перыяду, можна сказаць, пячорнага: крэмневыя нажы, скрэблы, камяні, вострыя косткі, якія цудам захаваліся, урэшце вырабы з жалеза, якія ўцалелі толькі таму, што ляжалі ў спрыяльных умовах — без доступу паветра, не маглі акісліцца. Далей — болей: наканечнікі стрэлаў, дзідаў, сякеры, потым пайшлі рагаціны, мячы, кісцяні, арбалеты і іншыя забойчыя прылады. Тут прагрэс быў! Знаходкі сустракаліся цікавыя, дырэктар казаў, што іх хацелі выкупіць у музея, давалі немалыя грошы, але ён не аддаў. То былі ўзоры старажытнае зброі, як аркебузы, мушкеты, стрэльбы пачатку семнаццатага стагодцзя, гарматных руляў асаднага тыпу невялікага калібру, каменных ядраў рознага дыяметру — ад памеру курынага яйка да сярэдняй велічыні капуснае галоўкі. Дзе ўсё гэта было знойдзена, хто падараваў — было запісана на тлумачальных таблічках, нават на дзвюх мовах, што вельмі здзівіла Рагнеду.

— А чаму гэта на дзвюх мовах? Няўжо сюды шмат расейцаў прыязджае? — спыталася яна ў дырэктара.

— Такая ўстаноўка, — усміхнуўся дырэктар, — такая палітычная лінія: а што скажуць зверху? Вось яны кажуць, а мы выконваем. Будзем спадзявацца, што гэта часова.

— Няма нічога больш трывалага, чым часовае, — перайначыў Янка вядомае выслоўе пра часовыя цяжкасці.