Янка адчуў сябе лішнім і выйшаў на ганак. Нездарма Рагнеда сказала, што ёй далёка да маткі. Адразу паказвае хто ёсць хто: яна гаспадыня, а вы тут часовыя, прыбышы, госці — няпрошаныя. Голасу ў вас свайго няма. Праўдзівей, тут няма, мо там дзе і ёсць, а толькі не тут.
Ён пастаяў трохі на ганку і паволі пайшоў у сад. Сад быў стары, пасаджаны радкава, яблыні мелі мо пяцьдзесят ці болей гадоў, ад некаторых засталіся толькі прыкметныя месцы — вось раней тут расло дрэва. Сёлета на яблынях было шмат пладоў, галіны ажно гнуліся да зямлі, некаторыя нават ламаліся, пад яблынямі ляжалі ападкі. Вось імі і трэба будзе заняцца, — падумаў сабе Янка. А яблыні былі вельмі розныя, не падобныя адна на другую, рэдка якая мела правільную форму. Некаторыя былі ўжо без верху, аднабокія-касабокія, разгалістыя, адны высокія, другія — ніжэйшыя, на іх можна было лёгка залезці. Але, як ні дзіўна, плады давалі спорна, хоць яблыкі на кожнай яблыні мелі нейкі свой выгляд і форму, нягледзячы на тое, што ўсе яны былі антонаўкі, відаць, тое самае можна сказаць і пра іх смак...
Колькі ён прабыў у садзе — мо якіх хвілін дваццаць? — а ўжо адчуў нейкую палёгку, расслабіўся, як цяпер кажуць, і ўжо вяртаўся другім чалавекам — спакойным і лагодным, у якога зляцелі з душы ўсякія клопаты, а з галавы — трывожныя думкі.
Калі Янка вярнуўся ў хату, на круглым стале ўсё было раскладзена як мае быць: стаялі тры плыткія талеркі, ля іх — злева відэлец, справа нож, тут жа папяровыя сурвэткі, у цэнтры красавалася фарфоравая салатніца з памідорамі, залітымі смятанай, на меншых талерках — скрылікі сала, гарадская і сялянская, пханая пальцам, кілбаса. Нарэзаная тонкімі скрылікамі, тут жа — пішчы цыбулі, яшчэ зялёнай, нібы яны нядаўна з грады, хоць у гэтую пару цыбуля, як ведаў Янка, ужо вырасла і саспела, яе пара даставаць з зямлі і сушыць, заплятаць у пляцёнкі і потым вешаць на жэрдачцы дзе-небудзь пры печы. А тут печы няма, ёсць толькі кафляная печка-стаяк, а на кухні — шведская пліта з мноствам фаерак і з духоўкаю.
Янка не ўтрымаўся і спытаў, адкуль узялася зялёная цыбуля, на што маці не без гонару сказала, што ў яе гэтая цыбуля з Польшчы, ёй дала суседка гады тры назад, яна — зімовая, расце круглы год, называецца парэй.
— А я не ведаў, што ёсць такая цыбуля, — здзівіўся Янка. — I калі ўжо пытацца далей, дык што ў вас у гэтай пляшцы, якую я бачу на стале?
— Зараз пакаштуеш і скажаш, — адказала першая Рагнеда. — Гэта з маміных запасаў, не ведаю толькі, якой даўнасці.
— Якой даўнасці? — не ўтрымалася маці, каб не паправіць дачку. — Мне нядаўна суседка дала, яна да мяне па зелле ходзіць. А ты кажаш пра нейкую даўнасць. Ёсць у мяне сёе-тое, будзем каштаваць, як заслужыце, толькі невялікімі дозамі.
— Будзем старацца, — падхапіў Янка. — Як сказаў старажытны доктар Гіпакрат, алкаголь у малых дозах — лякарства, у вялікіх — яд. Прымем гэта за правіла. Хоць у Якуба Коласа яшчэ лепш сказана: як ракам стаў — ужо даволі. Але гэта жарт, хоць і не надта вясёлы.
— Гіпакрата ў нас мала хто ведае, а вось Коласаваю парадай шмат хто карыстаецца, — з падколам зазначыла Рагнеда, бліснуўшы вачыма на Янку: маўляў, і ты, Брут!
Урэшце селі за стол, а за круглым лепш, чым за кантовым: дзе ні сядзь, усё роўна ты ў цэнтры, а не з краю. Янка сядзеў побач з Рагнедаю, пры ёй села маці — бліжэй да дзвярэй у кухню. Падзялілі на талеркі яечню з патэльні, Янка адбіваўся, што яму шмат паклалі, але маці сказала, што работніка трэба накарміць, а тады ўжо запрагаць у работу.
Выпілі вішнёвае наліўкі, яна была надта салодкая, але моцная, няйначай, нечага яшчэ падмешана, мо нават спірту, бо п’ецца як лікёр, — так, ва ўсякім разе, здалося Янку. Але бярэ за галаву, ён адчуў гэта праз кароткі час, а як выпіў яшчэ кілішак, дык зразумеў, што ўжо даволі — не хапала яшчэ апраставалосіцца, бо жанчыны толькі каштавалі, а ён піў да дна, нібы яго хто прымушаў.
Ён, як мог, стараўся быць далікатным за сталом: акуратна еў, не плямкаў губамі, карыстаўся нажом, як маці і яе дачка, хоць дома, у сваёй сям’і, яму хапала аднаго відэльца ці адной лыжкі, каб падзяліць ці раздушыць якую катлету ці нешта добра разваранае. Усё гэта ён рабіў не так для сябе, як для Рагнеды, якая, калі яны яшчэ ехалі ў аўтобусе, прасіла яго не паказваць сваіх сялянскіх замашак, якія ў ім моцна сядзелі і вельмі лёгка вылазілі наверх менавіта вось у такія моманты, як застолле. Прасіла яшчэ, каб не пачынаў з маткаю спрэчак, бо яна вельмі не любіць, калі з яе думкаю не лічацца, лезуць са сваімі довадамі-доказамі. Як яна сказала, так і правільна, як яна сказала — так і павінна быць.