Нешта падобнае мог бы сказаць пра Рагнеду чалавек, які ведаў яе з малых гадоў, ішоў побач з ёю, вёў яе за руку. «А чаму вы назвалі яе Рагнедаю? — спытаўся б Янка ў таго чалавека, які быў яе бацькам. — Чаму не Ядвігай, напрыклад?» I пачуў бы мо такі адказ: «Так і стаяла пытанне: Усход ці Захад? Пераважыў Усход — хай будзе князёўна беларуская, крывіцкая, чым каралева польская. Хіба гэта мела якое значэнне? Ніякага, але для жанчыны — гэта вунь што — палова жыцця. А мо каб назвалі Ядвігай, лёс яе быў бы інакшы, цікавейшы? Кажуць, што ад імя шмат залежыць... Але нешта не верыцца...»
Паразважаўшы над сваімі ўласнымі адказамі на свае ж пытанні, Янку стала як бы лягчэй, ён не адчуў сябе такім ужо вінаватым, як яго зрабілі жанчыны — жонка і цешча. Мо гэта і было з яго боку трохі бястактна, груба, але ж асаблівай крамолы ён тут не бачыў: ён жа не прыдумаў гэты факт, ён адбыўся, а калі адбыўся, дык можна яго і тлумачыць, аналізаваць — а чаму, а як? Тым болей, што падзея была так даўно! А вось жа для іх яна засталася нейкім болем, які баліць яшчэ і дагэтуль. Дзіўны народ гэтыя жанчыны! Ну добра, ён папросіць у іх прабачэння, як ён сам смяецца з некаторых вяскоўцаў — скажа «звініце».
Цікава, што прайшло мо хвілін дзесяць, а ён, як аглушаны, сядзеў за сталом, а чаго чакаў — і сам не ведаў. Устаў, агледзеў стол — яшчэ шмат было недаетага-недапітага, абед перарваўся мо на сярэдзіне — якое марнатраўства! Але пайшоў на двор, нікога са сваіх не ўбачыў, пакіраваў да дрывотніка. Узяўся за тапарышча, тузануў-націснуў — не паддаецца, ледзь выдраў з калодкі — так глыбока загнаў. Тут у яго засталося не так і шмат работы — раскалоць і пасекчы некалькі дошак, сукаватых калодак-цурбакоў, абрэзкаў і трухляватых бярвенцаў — няйначай ляжалі на зямлі пад якім матэрыялам.
За работай думкі яго патроху сталі траціць суцэльную плынь, ён стаў уваходзіць у азарт, сачыў, каб не прамахнуцца, каб секануць там, дзе трэба — не па суку, а між сукамі, тады будзе толк. Але думкі, як назойлівыя мухі, не адставалі, зумкалі, кусалі, лезлі ў вочы сляпіцаю. Ну навошта табе было пытаць пра такія даўнія сямейныя таямніцы, ці варта было здзьмухваць з іх стары пыл? Мог бы спытаць у самой Рагнеды, мо яна ўспрыняла б тое пытанне як звычайчую чалавечую цікаўнасць — і не знайшла б у ім ніякай абразы ці чаго непрыстойнага. Проста ён выбраў няўдалы момант, у яго не хапіла такту даслухаць увесь аповед да канца...