Выбрать главу

Такое вось цяперашняе жыццё. Тэхнічны прагрэс сваім катком ломіць перш за ўсё чалавека, бо ён далікатны, без жалезнага панцыра...

Тое, што адчуваў Янка, цяжка перадаць: ён нібы апынуўся тут голы сярод сваіх, тых людзей, якіх ён пакінуў яшчэ у маладосці і пайшоў шукаць лёгкага хлеба, хоць ён ведаў яшчэ з беднага свайго досведу, што лёгкага хлеба не бывае, і малайцы тыя, што не кідаюцца яго шукаць, а застаюцца тут, з бацькамі, у сваіх сем’ях, жэняцца, нараджаюць дзяцей. Вось на такіх і трымаецца зямля і ўсё жывое на ёй, хоць іх па-сапраўднаму не цэняць, кажуць: вось куркулі, не хочуць кідаць сваіх цёплых гнёздаў, не едуць буда­ваць камунізму, а ядуць сваё сала, п’юць самагонку — і ім гэтага досыць... Было так, што Янка спачатку зайздросціў тым, хто падаўся ў свет і знайшоў недзе там, далёка, свае шчасце, а потым, пажыўшы і сам за светам — не так ужо і далёка, але ж — за светам! — ён ужо стаў зайздросціць тым, што засталіся на гэтай зямлі, завялі свае сем'і, свае гаспадаркі, гадуюць дзяцей, сталі шафёрамі, трактарыстамі, паляводамі, пыняць бясконцую сваю сялянскую працу, па святах — ды і да свят — выпіваюць, шумяць, пяюць песні, але не такія стройныя і мілагучныя, як раней, калі веска была як веска, а горад — як горад. Цяпер гэтай мяжы амаль не відаць, яна сціраецца, бо шмат хто ў весцы ўжо мае сваю машыну, ён ужо не прывязаны наглуха да свайго двара, як на якары, а можа ў вольную часіну недзе адскочыць, нешта купіць, памяняць, прадаць — машына яшчэ яму патрэбна як сродак лепей жыць, шпарчэй круціцца, каб мець з гэтага нейкую выгоду. Выгоду — і толькі!

Пра культуру можна і не гаварыць. Пра культуру няма калі думаць, ды без яе ўрэшце можна неяк пражыць — во колькі яны жывуць — і нічога. Галоўнае, каб не крычаў пусты жывот, каб яму быў занятак, а ўсё астатнее прыкладзецца. Чалавек, сам таго не заўважаючы, прыпадабняецца жывёле, для якой ежа — галоўнае, астатняе не так ужо і важна, якое яно — цеплае ці халоднае. Лепш каб цёплае, але...

Янка адчуваў сябе як голы, у яго ныла аголена душа, яна балела ад кожнага нязначнага дотыку, ад кожнага ўспаміну, ад знаёмага ці блізкага прозвішча, імені, фатаграфіі на абеліску — ад усяго таго, што давялося яму тут перажыць за гэтыя часіны, ходзячы вось па гэтых сцежках, гразкіх дарогах, па зарослых могілках, на якіх шмат яго продкаў, шмат дзядзькоў і цётак, ляжыць нават яго родны брацік, які памёр у вайну пасля родаў...

I сёння ён многа даў бы, каб апынуцца тут аднаму, без сястры і жонкі, тут ён мо пастаяў бы на каленях, паплакаў бы над сваім лёсам і лёсам вось гэтых усіх — мо ўжо некалькіх тысяч — людзей, што знайшлі сабе вечны спачын пасля нялёгкага і не заўсёды складнага зямнога жыцця, што пайшлі з яго адны ў старасці, другія ў маленстве, пасля нараджэння, трэція — у сярэднім веку, калі можна было жыць ды жыць. Ён ішоў тут як босы па бітым шкле — і адчуваў скураю кожны востры адколак гэтага шкла, які ўпіваецца яму ў скуру падэшваў ног. Ён ішоў і нібы бачыў на сабе скіраваныя вочы-душы ўсіх, хто тут сёння ляжыць, сваіх бабкі і дзеда, і ўсіх-усіх, хто яго ведае і не ведае, і яму хацелася ім сказаць: «Даруйце, мае дарагія сваякі, крэўныя, землякі, што я яшчэ не з вамі, што я хаджу яшчэ па зямлі, і хоць рэдка, але яшчэ прыходжу у госці да вас. Мы, жывыя, вельмі-вельмі шмат вінаватыя вам, бо гэта вы першыя прайшлі па тых дарогах і дарожках, вы першыя іх праклалі і пратапталі, а нам за вамі ўжо лягчэй і лацвей ісці. За гэта сёння мы скажам вам толькі дзякуй. А яшчэ вам вялікі дзякуй за тое, што вы пакінулі на гэтым свеце сваіх нашчадкаў, што свет не звядзецца, бо вы паклапаціліся пра ўсіх жывых. Я, мая сястра Жэня — мы дзякуем вам, нашы дзед Павал і бабка Ганна, што мы жывём, што мы ходзім па свеце, радуемся і плачам, цешымся і гаруем, што робім, як усе людзі, каб род наш не звёўся, не прапаў без следу на гэтай грэшнай і святой зямлі. Мы вас шануем, мы вас любім, мы памятаем вас і не забудзем, покуль мы жывыя, покуль нам адведзена Богам. Спіце спакойна, дарагія людзі! Мы памятаем вас!»

Нешта вось такое сказаў бы Янка на развітанне. Цяжка было на сэрцы. І разам з тым ён адчуваў, што цяжар патрохі змяншаецца, растае, хоць у нейкай малой меры ён скінуў з сябе тую віну перад гэтымі людзьмі, якую ён адчуваў заўсёды: жывы вінаваты перад нябожчыкам — ужо нават тым, што ён жыве — яшчэ жывы. Міжволі ўсплывалі прачулыя радкі з «Чыгункі» Някрасава: «Братья! Вы наши плоды пожинаете, нам же в земле истлевать суждено. Всех ли нас, бедных, добром поминаете или забыли давно?..» Някрасаў гаворыць як бы ад імя тых, хто ўжо адышоў у іншы свет, і спадзяецца, што жывыя не забудуць тых, хто адышоў, і будуць удзячны за «плоды», якія яны пажынаюць. Каб жа яно так і было... Але мудрыя словы Някрасава ніколі не састарэюць, яны будуць і будуць біць нам у сэрца, будзіць наша сумленне, ачышчаць яго ад усякіх дробязяў жыцця.