Выбрать главу

— Ой, добра, што вы ўсе сабраліся, — усклікнула яна. — Хадзем у хату, усё ўжо гатова.

Яна нават пачакала, пакуль яны зайшлі, неяк па-асабліваму глянула на Янку, ці яму так здалося? Відаць, што і ў яе душы ажылі нейкія ўспаміны, нейкія забытыя малюнкі даўно мінулага. Янку нават здалося, што ў яе злёгку ўспацеў яе далікатны нос — тады носік — які некалі смяшыў іх, выдаючы яе хваляванне — на ім высгупалі ледзь прыкметныя расінкі.

Яны прамінулі кухню, апынуліся ў зале, не надта прасторным, бо хата была перагароджана на два пакоі. Янку ўразіла, што пакой быў абстаўлены па-сучаснаму: бардовая канапа, некалькі мяккіх крэслаў такога ж колеру, на сценах — два пейзажы невядомага мастака, рамкі з фатаграфіямі, са столі звісала люстра пад крышталь на пяць ражкоў, сцены аклеены светлымі, у кветкі, шпалерамі.

— Прашу за стол, — сказаў гаспадар і паказаў на расстаўленыя вакол прамавугольнага стала лёгкія крэслы.

Стол быў застаўлены так, што не было вольнага месца, і закускі былі пераважна вясковыя, нават кілбасы свае работы.

— Пакуль вы там гаварылі, мы вам кашы наварылі, — сказала вершам Янкава сястра Жэня. — Нездарма ў мяне брат паэт, і я ад яго навучылася.

— Ён паэт? — здзівіўся Лявон. — Ён жа піша апавяданні, там усякія аповесці, а не вершы.

— А тут сёння нам адзін чалавек сказаў, што ён вершы піша, — патлумачыла Жэня.

— Вялікая бяда, — умяшалася Рагнеда, якая з усмешкаю слухала іх гутарку. — Хай што хоча піша, абы не ленаваўся, а ці вершы, ці прозу — чытач разбярэцца.

— А што, мо яшчэ і вершы пачну пісаць, хто ведае? —- прымірэнча закончыў тэму сам Янка. — Хоць я і не паэт.

За стол селі неяк стыхійна, але сіметрычна: трое гасцей з аднаго боку, трое сваіх — з лругога.

— Гаспадар, налівай у кілішкі, — сказала Манька да мужа, — людзі даўно з дарогі, прагаладаліся.

Янка і яго жанчыны ўсміхнуліся, але не сталі апраўдвацца, што яны не галодныя — хай будзе, як кажа гаспадыня.

Гаспадар пачаў наліваць у кілішкі на доўгіх ножках.

— Каму што? Ёсць чырвонае, ёсць белая.

Жанчыны захацелі віно, мужчыны — гарэлку

— Ну вот, чырвоныя і белыя. Хто за каго першы? — не прайшоў міма колераў Лявон, калісьці гэта была вунь якая палітыка.

— Дай ты ўжо сказаць людзям, — трохі зазлавала на брата Манька. — Ніяк не нагаворышся.

Лявон зрабіў на твары смешную міну, пакруціўся на крэсле і замоўк, чакаючы, што яна скажа сама.

Манька ўстала, узяла свой кілішак з чырвоным віном, уздыхнула, абвяла вачыма супрацьлеглую палову застолля і неяк нават расчулена — выдаваў голас — сказала:

— Я так рада, што да нас завіталі госці... Дарагія госці... Некалешнія нашы суседзі... Мы так любілі быць разам... А потым — вось не бачымся па дзесяць гадоў... Ці мо нават болей...

Янка слухаў яе такі прыемны, але ўжо амаль забыты голас, і не мог паверыць, што гэта ён у сваёй роднай вёсцы, што побач з ім яго землякі, з якімі разам рос, набіраўся сілы і розуму, а потым пакінуў іх, паехаў у свет. I вось вярнуўся, хоць і не надоўга, хоць усё тут ужо моцна змянілася, што хаты ўжо не тыя, у якіх яны раслі, ужо новыя, і стаяць на новых месцах, але ж усё-такі гэта тая зямля, якая іх успаіла і ўскарміла, якая дала ім сілу, каб жыць, да нечага імкнуцца.

— То за здароўе нашых гасцей, — закончыў за жонку гаспадар, ён, няйначай, баяўся, што яна расплачацца.

Яны ўсе дружна чокнуліся, разліваючы белае і чырвонае на квяцісты свежы настольнік, усміхаліся, гаварылі кожны нешта сваё, што цяжка было ўлавіць і перакласці на зразумелую мову. Так жа дружна выпіўшы, сталі разбіраць закуску — што каму падабаецца, бо выбар быў багаты: паляндвіца, апетытныя скрылікі кумпяка, пальцам пханай кілбасы — на першым месцы, а потым ужо печаныя яйкі на свіных скварках — неадымная страва сялянскага застолля.

«Усё гэта лепш было б выдаць касцам, адпраўляючы іх на раніцу касіць», — падумаў сам сабе Янка.

Ад выпітага кілішка ён адразу захмялеў, нібы ён выпіў не чарку, а шклянку. Няўжо на яго сёння так паўплывала сустрэча з роднымі мясцінамі, са знаёмымі і блізкімі людзьмі, з гэтаю зямлёю, якую яны сёння тапталі, хоць і не босымі нагамі, як трыццаць ці болей гадоў назад.

У ім закіпала цэлая бура пачуццяў, ён гатовы быў сёння на нешта такое, аб чым потым шкадаваў бы, мог бы нагаварыць нечага такога, што потым усе пераказвалі б яго словы і рагаталі б, як з апошняга дурня... Не, Янка, не расслабляйся, вазьмі сябе ў рукі, ты павінен пакінуць пасля сябе добры ўспамін. Ты — дробны эпізод у іх жыцці, і не спадзявайся, на большае. Што прайшло, таго ўжо не вернеш...