Нешта вельмі падобнае за гэты год Янка адкрываў і знаходзіў у свае жонкі, і выходзіла, што ўсё гэта не яе ўласнае, а запазычанае ў сваёй маткі: яблычка ад яблыні недалёка падае. Ён згадзіўся, што будзе асцерагацца, каб не сапсаваць настрою сваёй другой маме, сказаўшы, што будзе называць яе менавіта мамай, і Рагнеда з радасцю ўхваліла яго намер.
Сёння за сталом усё ішло гладка, без ніякіх памарак, маці нікому з іх дваіх не сказала рэзкага слова, хоць Янка ўжо ведаў і ад Рагнеды, і са сваіх нямногіх назіранняў, што маці, калі трохі нешта не так, слоў не выбірае, і пад настрой можа лёгка ўжыць не зусім прыемнае слоўца — не ў сэнсе лаянкі, а ў сэнсе рэзкае, негатыўнае ацэнкі нейкага там твайго ўчынку, ці жэсту, ці не так сказанага слова. Такія людзі вельмі лёгка яго «заводзілі», і ён тут жа гатовы быў кінуцца на слоўную дуэль са сваім суразмоўцам. Але іншая рэч, калі гэта твой таварыш, хоць бы нават і жонка ці сястра, і зусім іншая, калі гэта твая новая цешча. Тут вуха трэба трымаць востра. А калі ўлічыць, што яны яшчэ будуць гаварыць з ёю пра нейкае там перасяленне пасля выхаду на пенсію, пра сумеснае жыццё пад адным дахам, дык тут наогул трэба быць цішэй вады, ніжэй травы. Хоць потым усё гэта можа вылезці наверх, але калі тое будзе! I яшчэ ці будзе...
Апетыт у гасцей з дарогі проста воўчы, усё, што стаяла на стале — а тут было ўсяго шмат, — неяк непрыкметна знікала, у пляшцы таксама засталіся лічаныя кроплі. Янка адчуваў, што ён добра расчырванеўся ад вішнёвае наліўкі, трохі шумела ў галаве, а ва ўсім целе буяла нейкая новая сіла, і ён гатовы быў тут жа рынуцца пыніць нейкую работу, якая б яна ні была цяжкая. А яшчэ лепш — каб пайсці на двор, у сад, упасці на зялёную траву і глядзець у неба, на аблокі, а потым непрыкметна заснуць сном праведніка.
Але яны яшчэ пілі добра завараную, з зёлак, пахучую гарбату з малінавым варэннем, мірна гаварылі пра сёе-тое, а пераважна пра яблыкі — як іх сабраць, як прадаць — каб не прападала дабро. Вось каб у Янкі была машына, дык не было б ніякай праблемы. I тут Рагнеда, якая так баялася за Янку, сама зачапіла балючую тэму — загаварыла пра малодшага матчынага зяця Барыса Рагаткіна.
— А што Альбіна? Не можа яна сказаць свайму палкоўніку, каб прыехаў з машынаю ды памог дарагой цешчы ўправіцца з яблыкамі? Каб у нас была машына... — і не паспела дагаварыць.
— Раз не маеш машыны, дык сядзі і маўчы! — абрэзала яе маці. — I на чужы каравай рота не разяўляй. Не распараджайся чужым, калі свайго не маеш.
Рагнеда пыхнула, пачырванела, хацела нешта сказаць, але толькі прыкрыла сабе рот праваю рукою і апусціла галаву.
Маўчанне зацягнулася, і гэта не абяцала нічога добрага. Янка палічыў, што ў такі адказны момант не трэба маўчаць.
— Праблема з яблыкамі не такая ўжо і страшная. Наадварот: ёсць яблыкі — будуць грошы. Шкода, што сёння субота, канец дня. А так яшчэ можна было б зрабіць нейкую справу. Па-першае, трэба збіраць апад у скрынкі, а ў панядзелак знайсці транспарт ды вазіць на прыёмны пункт. Як вы, мама, на гэта глядзіце? Які ў вас план?
— Бачыш, мой план супадае з вашым. I я так думаю. А транспарт знойдзецца, хоць ручны. Тут у суседзяў Аляксейчыкаў ёсць тачка, такая вялікая каляска — двухколка. У яе можна паставіць тры-чатыры скрынкі — і на прыёмны пункт. Як вы, зможаце?
— Мама, называйце мяне на «ты», — папрасіў яе Янка.
— Я такая твая мама, як ты мой сын... Але хай, буду на «ты», мне так прасцей... Дык ты будзеш кіраваць транспартам, а мы адно будзем паспяваць насыпаць у скрынкі...
— Правільна, раздзяленне працы, будзе жывы канвеер, — падхапіў Янка і дадаў: — Нешта Рагнеда задумалася, мо ў яе яшчэ які план? Кажы, не саромейся!
— Я рада, што прыйшлі да згоды. I далучаюся да вашага плана, гатова памагаць да сёмага поту, — адказала Рагнеда і ўсміхнулася — ажно, здаецца, пасвятлела ў хаце.
На гэтай мінорнай ноце і скончыўся іх позні полудзень.
II
У нядзелю іх рана пабудзіла сонца. Яно неяк ціха і далікатна пусціла свае промні ў іх пакой, дзе яны размясціліся на ноч. Першых яны пачулі птушак, потым дружна брахалі па дварах сабакі, чакаючы ўзнагароды за сваю верную начную службу. Сям-там падавалі галасы руплівыя пеўні.
Янка і Рагнеда былі ўчора вечарам добра стомленыя — яны займаліся зборам ападкаў, назбіралі цекалькі скрынак, а сёння, хоць і нядзеля, думалі завезці іх на прыёмны пункт. Але ў нядзелю пункт быў закрыты, трэба чакаць панядзелка. Ну і добра, у іх ёсць выхадны! Можна рабіць што хочаш, а можна нічога не рабіць. Але яны не былі гультаямі, каб не рабіць нічога. Нешта прыдумаюць. Мо куды сходзяць... Мо да Янкавай сястры, яна недалёка ад Буднікаў, жыве ў вёсцы з мужам і з маткаю, на выхадныя прыязджаюць яе дзеці са сваімі дзецьмі... Яшчэ можна схадзіць на возера, якое адкрылі некалькі гадоў назад: перагарадзілі невялікую рэчку, яна дала ваду, берагі трохі ўмацавалі — і вось для ахвотнікаў адпачынку месца ёсць, для аматараў лавіць рыбу — калі ласка, бяры вуды і лаві. Але ловяць і забароненымі сродкамі, хіба наш чалавек можа здаволіцца тым, што яму дазволена?