У гадзіну дня маці пачала гатаваць абед — з разлікам на гасцей. Янка ўзяўся круціць мясарубку, клаў свіное мяса і ялавічыну ў гарлавіну машынкі. Мяса ўжо мела нездаровы пах, але што зробіш, калі ў маткі халадзільніка няма, а дзеці і зяці пра такую «дробязь» не надта думалі: калі маці маўчыць, то што ім? Яна тут гаспадыня, а не яны. Урэшце, у яе ёсць добры склеп...
Недзе каля трох дня прыехалі доўгачаканыя Рагаткіны: Альбіна з палкоўнікам і маладая пара: іх дачка з зяцем. Навезлі ўсякіх сталічных прысмакаў, нават поўную жароўню з галубцамі. Стол быў прыбраны на сем персонаў, давялося толькі яго рассунуць, каб усе змясціліся. Кіравала ўсім працэсам Альбіна, маці часам падказвала ёй, але неяк далікатна, не так, як яна гаварыла з Рагнедаю, што вельмі здзівіла Янку. Здзівіла і тое, што Альбіна не была падобная на сваю старэйшую сястру Рагнеду. I каб Янка не ведаў, што гэта родныя сёстры, ніколі не падумаў бы, што яны дзеці адных бацькоў. Падобныя яны былі толькі складам цела, камплекцыяй — сярэдняга росту, грудастыя, але Альбіна выглядала больш мажною, чым Рагнеда. I здаецца, не была такою хуткаю, як Рагнеда, а больш паважнай, павольнай. Янка памятаў яе па школе, але тады яна была яшчэ падлеткам, ішла на некалькі класаў пазней за яго. А цяпер стала такая пышная кабета — нездарма палкоўнічыха. А сам палкоўнік у сваёй ахоўнай форме выглядаў вераб’ём перад ёю: невысокі, хударлявы, але фізічна моцны, нават культурыст, адчувалася ў ім шмат схаванай энергіі — гэткі Напалеон, які, нягледзячы на свой незайздросны рост, глядзіць на людзей зверху, нібы яны былі ліліпутамі, а ён адчуваў сябе Гуліверам.
Пілі прывезенае са сталіцы балгарскае віно, хвалілі, палкоўнік не прыстаў да кампаніі, ён быў за рулём, але ў гутарцы ўдзельнічаў, гаварыў ён рэзкім, нават чаканным камандзірскім голасам, ад якога, здаецца, вібравалі вушныя перапонкі. Тыповы савецкі палкоўнік, — падумаў пра яго Янка, тыповы грыбаедаўскі Скалазуб, ён каго хочаш у дзве шарэнгі «построит, а пикнете — так мигом успокоит». Ну і натуральна, што гаварыў ён на чысцейшай рускай мове, нават без невынішчальнага, як кажуць некаторыя, беларускага акцэнту. Ён нават здзіўляецца, што нехта яшчэ гаворыць не па-руску.
— Слушай, Иван, чего это ты в своих стародедовских лаптях щеголяешь? — спытаўся ён у Янкі, які гаварыў за сталом па-беларуску. — Или ты думаешь, что ты умнее всех, кто сегодня изъясняется по-человечески?
Янка адчуў, як у яго кроў ударыла ў галаву, і каб ён даў сабе волю, дык тут быў бы вялікі скандал. Толькі сказаў рэзка:
— Па-першае, не рабі з мяне Івана, я быў і застаюся Янкам. Па-другое, калі ты нашу мову называеш лапцюжнаю, дык ты не арыгінал, так яе даўно называлі прыхадні з усходу і з захаду. I нават плацілі тым, хто плёў такую лухту... Але не трэба забываць, што карыстаецца чужым толькі той, хто свайго не мае. Я, дзякуй Богу, маю сваё, ім і карыстаюся. Наш адзін паэт сказаў, што мова — гэта адзежа душы. Аддаў мову — аддаў душу... Вось ты ўжо без душы. Можаш крыўдзіцца, але толькі на сябе... I на тых, хто ў цябе яе забраў, а ты гэтага нават не заўважыў...
— Да ты несешь, Янка, полную чушь! — загрымеў Рагаткін, ажно, здаецца, зазвінелі некаторыя шыбы ў вокнах. — Ты зачисляешь меня в черт знает какие враги нации. Будто я ей изменил! Поменял язык — и я уже враг!
— Я не такі катэгарычны, як ты і тыя, хто цябе перарабляў. Я не кажу, што ты вораг нацыі, ты — проста блудны сын. А вось тыя, і ты разам з імі, ужо бачыш ува мне ворага, і толькі таму, што я, трымаючыся за сваё, не хачу ад яго адракацца і браць чужое. Ці не так ты разважаеш?
— Ну, ты даёшь! — зноў узвіўся Рагаткін. — Я удивляюсь, как тебя там держат, такого ярого националиста, как тебя не попёрли, не пропёрли!
— Чаму не паперлі? Ды таму, што я не нацыяналіст у бальшавіцкім разуменні гэтага слова. Я беларускі патрыёт, я за тое, каб беларусы былі роўныя з рускімі, а не былі малодшым братам. Каб іх мова была дзяржаўнаю, каб на ёй гаварылі не толькі дома, але і на працы, у школе, у інстытуце, у Вярхоўным Савеце, каб ён называўся па-беларуску — Вярхоўная Рада, а не па-руску — Савет, каб сакратар ЦК гаварыў са сваім народам па-беларуску, і каб ты, абаронца Радзімы, таксама гаварыў на роднай мове і падаваў каманды на гэтай мове. I гэта, каб ты ведаў, не нацыяналізм, гэта права кожнай нацыі мець тое, што мае самая шматлікая ў Саюзе нацыя... I так хочуць не толькі многія беларусы, але і многія ўкраінцы, казахі, грузіны, літоўцы і іншыя, хто сёння насяляе Саюз. I, што важна, нас ужо шмат, і нас ужо нельга, як у 37-м годзе, браць і расстрэльваць, як нацыяналістаў — толькі за тое, што мы гаворым кожны на сваёй мове... Нас шмат, і час ужо не той, дыктатура не ў пашане, нельга з людзьмі абыходзіцца, як з быдлам... I я ўпэўнены, што пройдзе не шмат часу, як ты памяняеш свой погляд на нацыяналізм, адрачэшся ад так званага інтэрнацыяналізму і сам прызнаеш, што быў адурманены савецкаю прапагандаю і лічыў родную мову мужыцкаю, непатрэбнаю, а яна, аказваецца, такая ж панская і людская, як французская, польская, нямецкая і ўсякая іншая, як казаў той жа наш паэт Багушэвіч.