Выбрать главу

Рагнеда нечакана для ўсіх запляскала ў далоні і сказала гучна:

— Малайчына, Янка, ты сказаў тое, што трэба! Проста малайчына!

— Тое, што трэба? — перакрывіў яе Рагаткін. — Да за такие слова надо к стенке ставить!

— А вось і не паставіш! — ужо са злосцю сказала Рагнеда. — Хопіць, што ставілі да вайны, вынішчылі ўсю нашу інтэлігенцыю.

— Шмат хто, ну не вельмі шмат, — паправіўся Янка, — і сёння гатовы ставіць нас да сценкі, але баяцца, каб не атрымаўся адваротны эфект — каб не паставілі да сценкі іх самых, тых, хто хоча выкапаць магілы нам, патрыётам. Мы ж не заклікаем біць рускіх, хай жывуць на здароўе. Мы толькі хочам, каб рускія не глядзелі крывым вокам на таго, хто гаворыць на сваёй мове, а не на расейскай, хто хоча, каб яго дзеці гаварылі і вучыліся на роднай мове...

Паўза была надта кароткай, але яе тут жа скарыстаў Рагаткін:

— А где вы раньше были? Почему отдали позиции? Почему не защи­щали свой язык, когда его у вас забирали? Да вы сидели как мыши под метлой, боялись разинуть рот, потому что это грозило пулей. А теперь вы поднимаете вой, вам жалко языка! Да его уже нет, его и не будет, поздно вы очухались. И масса вас не поддержит, она вас не поймет. Она практична, прагматична: кто говорит на вашей мове? Такие крикуны, как ты, а вас не так уж и много...

— Нас многа, а будзе яшчэ больш, — адказаў Янка. — I гэты час не за гарамі. Бо праўды нельга схаваць, яе нельга закапаць, яна ўсё роўна выйдзе наверх. Усе расстраляныя — рэабілітаваны, з іх знята ранейшая выдуманая віна. Правы расстраляныя, а не тыя, хто іх расстрэльваў, у каго была ўлада... I я не думаю, што ты з гэтым не згодзішся, таварыш палкоўнік, — сказаў ужо больш спакойным тонам Янка.

— Напрасно стараешься, не думай, что ты меня переубедил, — скрывіўся Рагаткін, нібы ў яго раптам забалеў зуб.

— Гэта недадае табе гонару. Адмаўляць відавочнае можа хто? Не хачу называць крыўднага слова... — і Янка асекся.

— Крыўднага слова? — паўтарыў Рагаткін без усякага акцэнту. — Какое это крыўднае слова ты мне хотел сказать? Говори, не стесняйся, не красней!

— Не слова, а ёсць вядомае лацінскае выслоўе. Яно гучыць так: Asinus asinorum in secula seculorum.

— Ну и что тут зашифровано? — спытаўся Рагаткін са скепсісам.

— Калі хочаш, я табе перакладу, — умяшалася Рагнеда.

Рагаткін весела зарагатаў:

— Смотри ты, и она латынь понимает! Давай-давай, переводи!

— 3 песні слова не выкінеш, пераклад такі: асёл аслом на вечныя часы, ці на векі вякоў.

Рагаткін зноў зарагатаў, але яшчэ больш гучна, нават, як здалося Янку, неяк фальшыва, не ад душы, і хутка закругліўся.

— Да это как раз будто о тебе сказано, глубокоуважаемый Янка, о твоей ослиной упрямости, которая не дает тебе открыть шире глаза и посмотреть правде в лицо. А правда такова, что ваша мова отжила свой век, это ее закат мы видим, и ты зря ерепенишься, защищаешь то, что уже нельзя воскре­сить, — як канчатковы прысуд, прамовіў Рагаткін чаканнымі словамі.

— Дарэмна ты так лічыш, таварыш палкоўнік, такое гаварылі ўжо дзвесце гадоў назад расейскія палкоўнікі, тыя, што вешалі Кастуся Каліноўскага. Аднак яны, як мы ўсе бачым, памыліліся на ўсе сто працэнтаў: наша мова жыве і жыве Беларусь, значыць, жыве і надзея на наша адраджэнне.

Колькі б яшчэ цягнулася спрэчка, невядома, але тут маці ўстала з-за стала, зрабіла жэст, што затыкае вушы, скрывіла твар, як ад вялікага болю і сказала да іх, што спрачаліся:

— Вы, мужчынкі, прабачце, як тыя два казлы на кладцы: хто каго спіхне ў ваду. А хутчэй, дык вы абодва туды трапіце. Таму, пакуль вы яшчэ сухія, разыдзіцеся і памірыцеся, і дайце нам спокуй. А спрэчку вы закончыце другім разам, цяпер пара збірацца ў дарогу.

Апошнія яе словы прагучалі як каманда: хопіць круціць пустыя жорны, трэба і меру знаць. Абед скончыўся, хто ўстаў з-за стала, хто яшчэ застаўся. На стале шмат заставалася, сем персонаў яшчэ раз трэба было б пасадзіць у застолле, тады мо стала б і чыста. Рагаткін выйшаў на двор закурыць, потым пайшоў у сад. Маладая пара круцілася ля бабулі, тут жа была і Альбіна. Янка і Рагнеда былі ну зусім лішнія, стараліся ім не замінаць.