Выбрать главу

— Мама, колькі ты будзеш прыслугоўваць гэтым гастралёрам? Хіба яны самі, маці і маладая дачка, не маглі падаць на стол? Нават памыць посуд пасля сябе? Ці яны самі не ведаюць, дзе што расце, дзе ляжыць, што ўзяць ? Яны і без цябе ўсё ведаюць — і зробяць самі. А ты проста пасядзі, палюбуйся, пацешся на сваю змену. Колькі можна высільвацца?

Сёння маці не хацела пачынаць спрэчкі, відаць, стамілася. А Рагнеда мо якраз хацела скарыстаць момант: я табе, мамка, усё скажу, што ў мяне на душы, ты толькі слухай.

Маці казырала сваімі заслугамі не толькі перад Альбінаю, але і перад ёю, Рагнедаю. Гэта яна выгадавала Рагнедзе сыноў — і старэйшага Гарыка, і малодшага Юрыка. А Юрыку і грошай на вяселле дала, ажно пяцьсот рублёў. А пасля яшчэ, як прыязджаў з жонкаю на матацыкле, вадзіла іх у магазін, купіла нявестцы аксамітную сукенку, туфлі, гардзіны ў кватэру... Што яна гадавала ёй дзяцей, ёсць дакументы: фота, лісты, запіс у пенсійнай кніжцы, калі ёй пенсію пераводзілі адгэтуль у Мінск, дзе яна сядзела пры Рагнедзіных дзецях...

— Я табе, мама, шчыра дзякую за гэта, але чаму ты мне не памагла вучыцца, як мне было цяжка? У цябе нават мне яблыка не знаходзілася, ты ўсё аддавала Альбіне, якая і так жыла бязбедна за сваім афіцэрам.

— Каб не я, яны голыя хадзілі б, што тая афіцэрская зарплата? Няўжо мне Альбіна няпраўду гаварыла і гаворыць?

— Якраз яна і гаворыць табе няпраўду. Яна проста запалохала цябе сваёю беднасцю, ты стала пастаўляць ёй усё, што ты можаш, жыць для яе і яе сям’і. Ты пахавала сябе як чалавека, ператварылася ў яе прыслугу. Мала гэтага: Альбіна ўсяляк нагаворвала на мяне — што я сякая і такая, што памагаць мне не трэба, усё роўна яна прагуляе. I ты ёй верыла, нібы ты мяне ведала горш за сваю Альбіну.

Маці слаба адбівалася, яе аргументы былі нейкія непераканаўчыя. Раг­неда, як здалося Янку, загнала яе ў кут, з якога дарогі назад няма.

— А колькі я памага Альбіне? — наступала яна на матку. — Мо яна ўжо забылася? Колькі яна ў мяне жыла? Хто памог паступіць ёй у ін’яз, дзе яна правучылася ўсяго адзін семестр і была адлічана за непаспяховасць? А потым я ўладкавала яе ў геафізічную партыю ў Слуцк, дзе яна і знайшла свайго лейтэнанта, цяпер палкоўніка... А потым жылі ў мяне, як вярнуліся з Цюмені, чатыры душы... I за гэта яна плаціла мне вось такімі нагаворамі: я прапашчая, гуляшчая, навошта ёй памагаць? Усё гэта хлусня, няпраўда ад пачатку і да канца. Я была бедная, гэта так, але сваё цела не прадавала. Я мела сваю медсястрынскую зарплату, а працавала як праклятая, брала звышурочныя, каб пракарміць сваіх хлопцаў, апрануць, адправіць у школу. I яны не выглядалі горшымі за ўсіх дзяцей, і вучыліся выдатна... А ты ў Мінск перасылала сваёй Альбіне мяшкамі бульбу, гародніну, яблыкі, а мне рэдка калі твой зяць перадаваў які мяшэчак пабітых яблык... Не хто-небудзь, а твае суседзі пыталіся ў цябе, чаму ты пасылаеш толькі адной дачцэ, а другой, старэйшай, амаль нічогі, ты адказвала, што старэйшая і так пражыве, а малодшая зусім бедная, ёй трэба памагаць.

Маці ўжо нават не адказвала на Рагнедзіны закіды, яна стала нейкая як каменная, зацялася і маўчала, апусціўшы галаву на грудзі, і можна было падумаць, што яна дрэмле.

Янку ўжо рабілася шкада старое жанчыны, а тым болей — маткі яго жонкі, і ён шукаў моманту, каб спыніць фантан Рагнедзінага — не сказаць каб красамоўства, але нечага такога тэатральнага, як маналог абвінаваўцы. Яму прыйшла ў галаву думка, што Рагнеда магла б стаць неблагою артысткай, і ўсе якасці для гэтага ў яе былі: прывабная знешнасць, дасканалая жаноцкая постаць, тэмперамент, голас, выразныя сінія вочы, — усё гэта прыцягвала да сябе ўвагу гледача. Сёння яна вяла сваю ролю выдатна, выступала як ярасны абаронца справядлівасці, а не толькі свае асобы. I вось яна пачала яшчэ адну тэму, якую маці ніколі не закранала, нібы яе ўвогуле і не было: пра Рагнедзінага бацьку, пра свайго мужа Івана Паўлавіча.

— Цяпер, мамачка, я хачу ведаць, чаму ты адправіла майго бацьку ў вар’яцкі дом, чым ён заслужыў такую, з дазволу сказаць, ласку? Не думай, што я табе паверыла... Я потым знарок пайшла працаваць у тую бальніцу, куды яго запраторылі. I там я знайшла дакументы, дзе чорным па белым было напісана: агульны склероз, пнеўманія. I ніякае не вар’яцтва, як ты ўсім хацела даказаць. — Рагнеда замоўкла, чакаючы адказу, — і ён прагучаў адразу ж.

Маці раптоўна ўстрапянулася — адкуль узяліся ў яе сілы? — і пачала расказваць трохі нервовым тонам, з нейкімі як перабіўкамі між словамі, як ён сябе паводзіў апошнім часам, як збіраўся рабіць даклад у Вашынгтоне перад Кангрэсам — ну быў проста натуральны вар’ят: лез на сцяну і кідаўся на яе з кулакамі... Вось таму яна і выклікала людзей — урача і фельчара, потым суседзяў, і яго адправілі ў Мінск. А з пошты вярнулі пісьмо Сталіну, якое ён напісаў перад гэтым.