— Дзе тое пісьмо, дзе ты яго падзела ? — перабіла яе Рагнеда.
Маці толькі вяла махнула рукою і працягвала:
— Яго павезлі ў Мінск з партфелем, набітым усякімі паперамі, ён з ім не разлучаўся, нанач клаў пад падушку. Ямy сказалі, што ён у Мінску будзе чытаць лекцыю перад нейкімі акадэмікамі...
— А дзе той партфель, куды ён падзеўся? — дапытвалася Рагнеда.
— А хіба я ведаю? Мне яго не аддалі, — апраўдвалася маці.
— Як гэта не аддалі? Павінны былі вярнуць! — настойвала Рагнеда.
— Шукай ветру ў полі! — маці зноў махнула рукою, ужо са злосцю. — Потым я два разы ездзіла да яго ў Мінск. Першы раз мяне да яго не пусцілі, не ведаю чаму... Паехала другі раз, заходжу ў палату, а ён ляжыць, прывязаны да ложка — за рукі і ногі. I сустрэў мяне яхідным смехам. Нічога не сказаў, нібы яму мову адняло. Сястра дала яму лыжку вады, ён папярхнуўся, выплюнуў... А як ён Альбіну прыняў — гэта жах! Ён кінуўся да яе, закрычаў, выганяў з палаты, выкруціў ёй вялікі палец на руцэ. А тыя апельсіны, што яна яму прынесла, шпурляў на падлогу і таптаў нагамі. Вось так ён прыняў тваю сястру... А ты ж у яго была?
— Не магла я ў яго быць, ты ж ведаеш, я ўпала і разбіла калена, самую рэпку, таму і не магла яго наведаць. Каб я там была, партфель не прапаў бы, яны не мелі ніякага права яго забіраць, гэта яго рэч, яе павінны былі вярнуць разам з ім...
— Мелі ці не мелі — пайдзі дакажы. Цяпер канцоў не знойдзеш. Мо ён і там крычаў, што памёр тыран? Ведаеш, што за такія словы яму пагражала? А мне? А вам усім? Цяпер вы смелыя, а тады хто мы былі? Ніхто! Маглі прыехаць, забраць, судзіць ці без суда адправіць, куды ім захочацца...
— Дык вось, ты, мамка, бацькам ад іх і адкупілася, — падвяла вынік Рагнеда. — Таму ты і захацела ад яго адгарадзіцца!
— Я хацела вас выратаваць, пра сябе я не думала, — адказала маці нейкім панылым тонам.
— Я ведаю, за каго ты баялася! За Альбіну! Каб у яе Рагаткіна пагоны не паляцелі з плеч.
Янка ўжо чуў гэта ўсё ад Рагнеды раней, а цяпер ён нібы глядзеў невялікі сямейны спектакль, у якім маці і дачка хочуць даказаць сваю праўду і вінавацяць адна адну ў розных грахах. Само сабою зразумела, што ён быў за Рагнеду, але разам з тым у яго душы варушыўся жаль да яе старое маткі, якой выпала нямала перажыць страхаў і напасцяў, маючы такога мужа, якім быў Іван Паўлавіч Жаркоўскі. Вось пра гэты страх яны якраз і гаварылі цяпер. I гаварыць ужо можна. А тады...
— Я табе скажу, — спакойна азвалася маці, — што за Альбіну я больш баялася, чым за цябе. У цябе муж быў парторгам высокай установы, выкладаў недзе там сваю матэматыку, ён удзельнік вайны, былы афіцэр, паранены, — яго не вельмі возьмеш абы за што. А Альбінін малады афіцэр — яму раз — і пагоны паляцелі б, як ты кажаш. I што тады рабіць Альбіне? Куды ёй з дзвюма малымі дочкамі? У яе ж ніякай прафесіі, у цябе хоць зачэпкая нейкая ёсць, а у яе — нічагуткі...
— А хто ёй не даваў? Хай бы не ленавалася, дык бы і інстытут скончыла. А як я хацела вучыцца, дык вы мне фігу з макам...
— Цябе Бог не абдзяліў талентамі, усё ты пабрала, а вось яна засталася ў мяне у чым стаіць.
— Не кажы, мамка, ты на яе дзьмухала, ты з яе пушынкі здымала, ты яе ад усякай працы аберагала, ты яе вучыцца не прымушала — вось яна і вырасла такая безабаронная. Толькі замуж умела выйсці, тут яна спрытная.
— А што ты хочаш? Яна не прамахнулася, так як ты, хоць ты ў нас вунь якая спрытная і таленавітая. А яна бездапаможная. Але затое яна гаспадыня, вунь бачыш, прывезла цэлую жароўню галубцоў, як смачна іх елі за маліну, як хвалілі.
— Як мукі скрыня, дык і свіння гаспадыня. Хай бы яна на маю зарплату разагналася! Я суп варыла з аднае моркаўкі, дзвюх бульбін, заскварвала падсмажанаю на алеі цыбуляю, у мяне кількі былі палічаны — колькі каму. Я была донарам, кроў здавала, каб неяк выжыць... А яна жыла як пані, капейкі не лічыла. Так, як ты некалі, за такім дрэнным, ліхім мужам, маім бацькам. Колькі бацька меў у месяц, як быў дырэктарам школы пры паляках?
— А недзе трыста злотых...
— А што за іх можна было купіць?
— Што хочаш купляй, можна не скуліцца. Карова каштавала сто пяцьдзесят злотых на рынку. А пуд жыта каштаваў два злотых.
— Вось бачыш, якая ты была каралева за маім бацькам! А ты яго, не раўнуючы, як у заготскот здала...
Янка чакаў, што вось яны пагаварылі на высокіх нотах, а пад канец перайшлі на мірны тон, усе укладваецца у нармальныя рамкі — і тут такая вось канцоўка! Нават яму разанула вуха такая Рагнедзіна фраза, а што ўжо гаварыць пра матку? Не ўмее Рагнеда быць дыпламаткаю, мо таму яе маці і недалюблівае, што яна за словам у кішэню не лезе, можа секануць з пляча.