Выбрать главу

— Мая каралеўна Рагнеда, як ты выспалася? — спытаўся Янка разаспаную жонку, якая ўсё яшчэ не магла прадзерці вочы.

— Дзякуй, смачна спалася, спакойна, я рада, што ты быў джэнтльменам, — адказала Рагнеда і пагладзіла яго па голай руцэ вышэй локця. — А ты ў мяне мускулісты, праўда?

— Ды я трохі працаваў на зямлі — да дваццаці гадоў, сын патомнага земляроба. Не тое, што некаторыя — не буду паказваць пальцам, — кіўнуў ён галавою на Рагнеду, — белая костка і блакітная кроў...

— Не смяшы мяне, бо ў мяне ўсё такое ж, як і ў цябе, — адказала Раг­неда. — Давай лепш будзем уставаць. Апошнія пеўні пяюць.

Толькі сабраліся снедаць, як іх намер сарвала кошачка-рыска. Яна прынесла ў зубах з адрыны кацяня, таксама рыску, пакінула яго каля гаспадыніных ног і зноў недзе пабегла. Праз колькі хвілін прыносіць ім пад стол яшчэ адно, але яно не варушыцца, не пішчыць. Яны прыгледзеліся і ўбачылі, што кацяня нежывое, у яго проста адгрызены азадак — няйначай, гэта работа пацукоў, яны загрызлі кацяня, калі кошка адлучалася. Такую здагадку выказала маці. Янка, як мужчына, павінен быў ратаваць сітуацыю. Ён адабраў у кошкі нежывое кацяня і панёс яго з хаты. На бульбянішчы, дзе яны ўчора капалі бульбу, знайшоў рыдлёўку і на ўзмежку ля плота закапаў беднае кацяня.

Калі ён памыў рукі ля калодзезя і вярнуўся ў хату, там ішла падрыхтоўка кацінага жытла: маці дала кошык, Рагнеда заслала яго кавалкам ватовае коўдры ружовага колеру. Маці паклала туды кацяня, Янка падаў кошачку, але яна доўга не пабыла — па ўсім відаць, пайшла шукаць другое кацяня. Кошык з кацянём Янка вынес на ганак, яны сталі снедаць, хоць апетыту чамусьці не было, асабліва ў жанчын. Маці паставіла на стол учарашнюю недапітую наліўку, і Янка канчаў яе адзін — жанчыны адмовіліся.

Хутка зноў вярнулася кошка, яна была заклапочаная, відаць, ад таго, што не магла знайсці другога кацяняці, пры гэтым працягла мяўкала нейкім ненатуральным голасам — так мяўкае кот, калі ён учадзее, гэта ведаў Янка з вясковага жыцця, і ўсё шнырыла па хаце, шукала па кутах, пад канапаю, а потым палезла наверх, шукала за падушкай, і ўсё прарэзліва, журботна мяўкала. Урэшце маці не вытрымала, пачала лавіць кошку, тая стала ўцякаць, уключыліся дачка і зяць, кошку злавілі, і Янка занёс яе ў веранду разам з кошыкам і кацянём — і зачыніў: няхай пасядзіць, супакоіцца.

Можа, з-за гэтай прыгоды з кошкаю, мо з-за чаго другога, але маці сёння была зусім не ў гуморы, маўчала, а маладыя — пад пяцьдзесят — не ведалі, як сябе паводзіць і што гаварыць, каб яе кепскі настрой яшчэ больш не пагоршыць. Таму і яны або маўчалі, або перакідваліся нязначнымі фразамі: падай мне соль, нешта мне памідоры мала пасоленыя ці: а ваш хлеб не горшы за наш, мінскі, хоць напраўду мясцовы хлеб быў нашмат горшы за сталічны. Але гэта госці адчуюць пазней, як хлеб трохі прыесца, а спачатку ён здаўся вельмі смачным.

А пра дрэнны матчын настрой яны даведаюцца потым, бо высветліцца, што матка ў нядзелю чакае прыезду свайго зяця-палкоўніка і любімай дачкі Альбіны, якія абяцалі прыехаць узяць яблык і трохі бульбы.

Роўна ў дванаццаць вырашылі ісці ў вёску да Янкавай сястры Жэні, недзе кіламетраў пяць дарогі. Можна было б ехаць аўтобусам, але яны выбралі пешы маршрут — іх доўгаю вуліцай да самай рэчкі — і праз пешаходны мосцік недалёка да лесу, а там — дарога ідзе лесам. Толькі потым адумаліся, што нічога не ўзялі з сабою: ні цукерачкі, ні перніка. Няйначай, кошка затлуміла мазгі. Але ж не вяртацца з-за такое дробязі, хоць і яна шмат значыць: прыйшлі ў госці з пустымі рукамі, як якія галадранцы. Палаялі сябе трохі — ды супакоіліся, увайшоўшы ў лес.

У лесе ў Янкі адразу мяняўся настрой. Тут ён нібы трапляў у іншы свет, яму вельмі блізкі і родны — нездарма ён нарадзіўся і рос у лесе на хутары да дзесяці гадоў, а потым іх сям’я пераехала ў другую вёску, там было адкрытае месца, роўнае поле. Цяпер на тым месцы нічога няма, выкарчаваны дрэвы і сад — і больш ніякага знаку.

На нешта падобнае яны натрапілі і тут, на ўскрайку лесу. Як памятала Рагнеда, тут стаяла хата, пры хаце хлеў, гумно і адрына. Гэта быў двор Дземянкевічаў, тут жылі два браты, разам з Рагнедай вучыліся ў вайну ў нямецкай школе, хоць яна была беларускай, а нямецкая мова выкладалася як замежная. Як пераросткаў іх залічылі ў СБМ, Саюз беларускай моладзі, за што іх чакала кара, як толькі немцаў пагналі на захад. Хлопцаў забралі, судзілі, яны прапалі надоўга, ажно да смерці правадыра ўсіх працоўных. Бацькі, відаць, памерлі, будынкі разабралі мо якія сваякі, а хлопцы жылі ўжо хто дзе: адзін у Салігорску, як былы шахцёр з Варкуты, а другі ў Бабруйску. А на месцы іх хаты застаўся толькі падмурак.