Выбрать главу

Паступова Янка і Рагнеда паглыбляліся ў лес, усё благое і непрыемнае адступала, засланялася ўсім тым, што бачылі вочы. Лес быў малады, пераважна лісцёвы, страявыя сосны і ёлкі за вайну, ды і пасля вайны, высечаны, ад іх засталіся толькі пні, якія ўжо сталі парахнець. А лісцёвы лес больш вясёлы, чым густы ельнік, у ім лёгка дыхаць, галіны яго пранізаны промнямі сонца, і лісце здаецца залатым, ажно адсвечвае, нібы гэта не лісце, а свецяць нейкія фантастычныя ліхтарыкі, якіх так шмат, што ў лесе свет­ла — нават святлей, чым на адкрытым месцы. Асабліва зачароўваў малады беразняк, які ўжо збіраўся скідаць свой залаціста-зялёны ўбор, зямля бы­ла ўслана залатымі і меднымі, бронзавымі і латуннымі манеткамі рознай велічыні, якія ператваралі зямлю ў стракаты залацісты дыван, па якім так прыемна было ісці, — лісце злёгку шапацела-перазвоньвалася, як бы хацела далучыць свой голас да тае музыкі галін і лісцяў, якія яшчэ засталіся ўверсе і спявалі сваю непаўторную песню пад павевамі ветру.

— Як гэта добра зліцца з прыродай, — гаварыла Рагнеда, зачарованая хараством лесу, — адчуць яе спрадвечны голас-покліч да хараства, да аб’яднання, да суладнасці, чаго так не хапае сёння людзям, якія ўсё нечым незадаволены, усё нечага хочуць, а самі не ведаюць чаго, якіх цягне ў вір войнаў, захопаў, разбурэння і руйнавання таго, што ўжо зроблена, чаго нельга разбураць, бо ў гэта ўкладзена чалавечая праца, ды не толькі праца, а душа чалавечая, яго геній, яго надзея на шчасце сваіх дзяцей і ўнукаў, на мірнае і шчаслівае жыццё ўсіх людзей, якія яго акружаюць.

— Каб жа так, каб жа так было, як ты кажаш! — падхапіў Янка, які так­сама быў пад уражаннем ляснога суладдзя і хараства. — Не забывай, што законы прыроды — гэта не тое, што чалавечыя законы. Законы прыроды ўсталяваў нехта вышэйшы за ўсіх, — ён паказаў пальцам у неба, — а людзі пісалі свае законы самі, стараліся, каб яны былі справядлівыя, не жорсткія, а памяркоўныя, а што выходзіць? Закон паварочваецца супраць чалавека, а не за чалавека, як планавалася. Бо закон перайшоў у рукі ўлады, дзяржавы, і цяпер ён служыць не чалавеку, а дзяржаве. А дзяржава ніколі не была за чалавека, яна жыве з яго працы, паразітуе на ім, а калі чалавек хоча скінуць яе з сябе, улада гатова ўжыць сілу супроць таго чалавека, якога яна павінна абараняць. Чалавеку здаецца, што ён аддае дзяржаве ўсё, што можа, усё, што трэба, а ўлада-дзяржава кажа, што гэтага мала, што яшчэ трэба ўзяць у цябе, чалавеча, каб ты вельмі не ганарыўся, што на табе ўсё трымаецца. На ўладзе ўсё трымаецца, на дзяржаве, а не на табе. Так што давай усё тое, што мы табе скажам, а не дасі — забяром па законе, які ў нас ёсць на ўсякі выпадак. А будзеш брыкацца — дамо табе рады, у нас для гэтага ёсць сіла, якая скруціць любую сілу, што не захоча нам служыць. Так што, як казалі раней у Вялікім княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай: ора эт лябора — маліся і працуй.

— Ой, Яначка, суровы ты рэаліст, разбурыў мой светлы замак, які я тут вымудравала. А ты яго — адным махам... Ну навошта так было рабіць? Хай бы ж ты дапамог яго расквеціць, размаляваць ва ўсе колеры вясёлкі, засяліць яго добрымі духамі, светлымі вобразамі, якімі-небудзь незямнымі німфамі і наядамі, каб нам было весялей, святлей, а ты ссадзіў мяне адразу на грэшную зямлю.

— А ты думаеш, што ў гэтым лесе толькі светлыя, святыя справы рабіліся і робяцца? Тут усяго намешана, і ўсе твае маляванні разляцяцца, як пух з дзьмухауца, толькі хай дыхне моцны вецер, наляцяць хмары і грымне гром.

— Ай, не буду я з табою ў лес хадзіць, ты толькі сум наводзіш, на нядобрыя думкі схіляеш, усю паэзію замятаеш ляжалым сатлелым лісцем. Паўзучы рэаліст, як ты пра сябе кажаш. Вельмі табе падыходзіць...

Мо і праўда — дарэмна Янка перасеў з ружовых аблокаў, на якіх яны нядаўна сядзелі, на гэту грэшную зямлю? Дарэмна і Рагнеду скінуў... Але чагосьці яму не хапала ў яе разважаннях, была яна далёкая ад рэальнасці, і гэта ў ёй Янка заўважаў даўно, колькі яе ведаў: яна была трохі паэткаю, мо каб яна пайшла ў філалогію, з яе атрымаўся б неблагі літаратар. Душа ў яе тонкая, паэтычная, яна можа бачыць ці адчуваць тое, чаго не бачыў і не адчуваў «паўзучы рэаліст» Янка, які мог прайсці міма чаго-небудзь такога, перад чым Рагнеда стаяла б як зачараваная, як перад святым абразом ці незвычайнаю з’явай прыроды.