Шырокая, гладкая і не такая ўжо выбітая дарога ў лесе нечакана дала адростак направа, трохі як бы ўздымалася вышэй таго ўзроўню, па якім яны ішлі дагэтуль, — калісьці даўно гэта было. Яны ледзь пралезлі праз навісь галін, дарога была малаезджаная, але звярнулі на яе не выпадкова — іх вёў інстынкт: тут яны калісьці хадзілі. Яны прайшлі яшчэ метраў сто і апынуліся на вялікай паляне.
— А Божа, дык гэта ж тут была леснічоўка! — усклікнула Рагнеда. — Тут жыў ляснік Вячорка. I хата яго стаяла во каля гэтай вялізнае грушы, што цяпер тут адна раскашуецца.
Рагнеда гаварыла праўду, гэтае месца Янка добра ведаў, бо хадзіў па грыбы, як прыязджаў да сястры Жэні, якая тут, непадалёку, пасялілася некалькі гадоў назад. I бачыў яшчэ адзінокую вялікую хату, у якой ніхто не жыў, бо яе гаспадара, польскага лесніка Вячорку, вывезлі Саветы пасля вайны разам з сям'ёю, і дзе яны цяпер — ніхто не ведаў.
А далей, на тым баку паляны, яны ўбачылі некалькі чалавек, якія падграбалі атаву і складалі ў невялікія копкі. Пры дарозе стаяў чырвоны «масквіч» з адчыненымі дзверцамі, ля яго на траве віднеўся трохлітровы слоік з вадою.
— Хоць ты папрасі ў іх вады, — сказала сама сабе Рагнеда. — Але не буду, выцерплю...
Зграбалі атаву малады мужчына, адных гадоў з ім жанчына, мо яго жонка, і старэйшая за іх жанчына, няйначай, маці некаторага з маладых.
Яны мінулі паляну, і Рагнеда пачала расказваць:
— Ведаеш, у вайну зімою я тут была, у гэтых Вячоркаў. Яны мелі дачку, яна вучылася ў гарадку. Моладзь ужо хапалі і вывозілі ў Германію. I вось аднойчы мы ўцякалі ад аблавы, я і яшчэ адна дзяўчынка, прымчаліся да іх. I гаспадар нас разам са сваёю дачкою схаваў у капцы бульбы. Бульбу ўжо бралі, там былі пустоты, шмат саломы. Мы залезлі ўсе трое і прасядзелі некалькі гадзін. Было сыра і холадна, я моцна прастудзілася, балелі ныркі. Прабач, я мачылася крывёю. Усе ўжо лічылі, што мне канцы, нават дактары. Але мяне выратаваў нямецкі доктар, жыў недалёка ад нас, вайсковы. Нават яго прозвішча запомніла — Губер, ужо ў гадах чалавек.
— Дык і мы прывозілі да яго маю старэйшую сястру, у яе быў нейкі нервовы зрыў, і ён яе вылечыў таксама, — сказаў Янка. — Толькі я не ведаў яго прозвішча.
Так яны ішлі лесам, гаворачы, успамінаючы. Тут былі густыя зараснікі грабу, пераважна маладога, тонкага і гонкага, многія дрэўцы проста гнуліся ў дугу і верхам сваім ледзь не даставалі да зямлі. Пачалі сустракацца грыбы — сыраежкі, падбярозавікі, нават праўдзівікі, але нейкія падазроныя, ці не фальшывыя. Янка спрабаваў іх нават на зуб, і яны не былі горкія, але Рагнеда не дала іх браць з сабою.
Урэшце яны выбіліся на край лесу, пайшлі па дарозе. Справа віднеліся хаты вёскі, у якой жыла Янкава сястра. Да яе хаты яны па сцежцы падышлі з тылу, ад хлява, якраз на дварэ ўбачылі жанчыну, і Янка адразу пазнаў сваю матку. Невысокая, у доўгай чорнай спадніцы, у камізэльцы на мультановую, у клетачку, кашулю, у светлай хустцы на галаве, твар быў у маршчынах, загарэлы, вочы запалі. Маці несла з летняе кухні ў хату вялізную патэльню, накрытую анучкаю, і каструлю з адваранаю бульбаю, з якой яшчэ ішла пара — няйначай, толькі што адцэджаная.
— А дзеткі ж мае, я ж нават не падумала, што гэта вы. Палічыла, што так якія людзі ідуць з лесу праз наш двор. А вас мы чакалі з аўтобуса. Ажно вы пехатою! Мо стаміліся? Мо прагаладаліся? Якраз во будзем палуднаваць. Картопля параная, скаварада сала, хопіць на ўсіх.
Рагнеда падзякавала за клопат, сказала, што вельмі вінаватыя перад імі, ішлі лесам, не праз магазін, таму і з пустымі рукамі, хай яны ўжо даруюць.
— Такое бяды! — супакоіла іх маці. — Хіба мы тут тае цукеркі не бачым? Дзецям часам купляем, то і сабе іншым разам якую цукерку ў рот возьмеш. Выкіньце з галавы, каб што...
Тут выйшла на двор Жэня, павіталася — пацалавалася з братавою, з братам, паўшчувала, што не заглядаюць да іх, бедных сваякоў, запрасіла на абед. Яна была паўнацелая, нейкая непаваротлівая, як усё роўна хворая.
У агародчыку перад хатаю стаяў столік, яго накрылі настольнікам, вынеслі некалькі табурэтак, невялікі ўслончык на два пасадачныя месцы, расселіся ўсе, хто быў на той час дома, — яшчэ з хаты выйшла Жэніна малодшая дачка Наташа з дзяўчынкаю гадоў двух, вяла яе за ручку. Гаспа- дар недзе адлучыўся, пайшоў да сваіх «братоў» — тут у іх арганізавалася нейкае «брацтва», начальнік у горадзе нешта на яго сварыцца.
Жэня распытвала, як яны жывуць, ставіла перад кожным жалезную пабяляную талерку, давала відэлец, лыжку, раскладала скрылікі смажанага сала, клала вялікаю лыжкаю бульбу, кіслыя гуркі, а кіслае малако са смятанаю сказала браць усім з аднае місы, як гэта рабілі некалі нашы дзяды. Дачка Наташа толькі што-небудзь прыносіла, дапамагала, а першую скрыпку вяла сама Жэня, як у Будніках Рагнедзіна маці. Старыя не хацелі здаваць сваіх пазіцыяў, цягнулі ўсе самі, пакуль есць яшчэ сілы.