Часам жывыя людзі клалі ў труну блізкага чалавека кудзерку сваіх валасоў ці зразалі локан з галавы нябожчыка і пасля бераглі, каб захаваць сувязь з яго душой. Наадварот, для паслаблення такой сувязі (скажам, каб нябожчык не сніўся), неабходна было пасыпаць галаву попелам. Да сацыялістычнай рэвалюцыі 1917 года замужнія жанчыны ў беларускіх вёсках не маглі з’явіцца на вуліцы з непакрытай галавой: падобны выгляд жанчыны — страшэнная ганьба, не меншая, чым паказ сябе на людзях увогуле без адзення. Такое раней і ўявіць нельга было. І ў наш час у хрысціянскі храм дзяўчаты, жанчыны павінны заходзіць з пакрытай галавой. Мужчыны — наадварот, зняўшы галаўны ўбор. Праўда, заходзячы ў сінагогу і мужчыны пакрываюць галаву невялікай шапачкай. Валасы — найлепшыя праваднікі розных энергій, часам не зусім дабратворных. Доўгія валасы жанчын могуць не зусім станоўча паўплываць на асаблівую духоўную атмасферу храма. Калі жанчына вырашае служыць Богу, яе «стрыгуць» у манашкі (сапраўды, адразаюць валасы і гэтым пазбаўляюць ад назапашаных дрэнных энергій: чалавек абнаўляецца). Заўважым, што ў фальклоры і прыгожым пісьменстве жанчыны, звязаныя з іншасветам, з нячыстай сілай, заўсёды з доўгімі валасамі — РУСАЛКІ, ВІЛЫ, УНДЗІНЫ, ВЕДЗЬМЫ. Але і мужчыны — шаманы, ведзьмакі, нават праваслаўныя святары — з доўгімі валасамі. Хоць у мужчын усё ж сіла заключана ў барадзе, бо валос на галаве мала. Найбольшае супраціўленне рускаму цару Пятру Першаму з боку старога баярства тычылася якраз абстрыгання па загаду імператара бародаў. І гэта не забабоны, не дурасць, не коснасць, а тысячагадовыя ўяўленні многіх народаў: пазбавіць чалавека барады — значыць вельмі значна паслабіць яго.
Падстрыганне валасоў у нашых продкаў яшчэ нядаўна жорстка рэгламентавалася ў залежнасці ад полу, узросту і часу. Амаль усе еўрапейскія народы не падстрыгалі дзяцей да года. У нас, у Беларусі, верылі, што гэта запаволіць развіццё мовы. У сербаў некалі дзяцей не стрыглі да сямі год, каб свабодна развіваўся розум. Ні ў якім разе нельга было стрыгчыся цяжарным жанчынам.
Пра сілу валасоў сведчаць многія міфы. Напрыклад, у Бібліі волата САМСОНА загубіла яго каханая ДАЛІЛА, абстрыгшы яму валасы, у якіх была заключана велізарная сіла героя. Праз некаторы час яе супляменнікі-філісцімляне, вырашыўшы паздзеквацца з безабароннага САМСОНА, загадалі прывесці яго на баляванне, але не ўлічылі, што ў турме адраслі яго валасы: асілак абрынуў на ворагаў столь, але і сам загінуў. Іншы міф распавядае пра назву аднаго з сузор’яў. У егіпецкага цара грэка-македонскай дынастыі Пталемея была надзвычай прыгожая жонка Вераніка з залатымі — да падлогі — валасамі. Аднойчы цар пайшоў на вайну і пастаянна цярпеў няўдачы. Жрацы ўгаварылі Вераніку абрэзаць свае валасы і паднесці ў дар багам. Паслухмяная царыца так і зрабіла. Пталемей вярнуўся з перамогай, але быў у гневе, убачыўшы лысую жонку. Тады жрацы паказалі яму на вельмі яркае сузор’е, пераконваючы, што гэта і ёсць залатыя валасы яго жонкі, якія багі забралі на неба. З таго часу сузор’е называецца Валасы Веранікі.
Ёсць і гістарычныя факты таго ж парадку. У архаічным свеце, ды нават і ў эпоху Сярэднявечча, калі браліся асадаю гарады і замкі і стан іх жыхароў быў безвыходны, жанчыны асуджанага паселішча — усе! — абразалі валасы. Такім чынам вызвалялася энергія, заключаная ў валасах, і яна дапамагала гараджанам адбіцца. Валасы ў міфалагічным мысленні — сімвал адухоўленай энергіі.
Надзвычай інфарматыўная і кроў. Калі да ведзьмара трапляе хустка або кашуля, запэцканая крывёю чалавека, чараўнік атрымоўвае поўную ўладу над гэтым чалавекам. Праўда, можа і вылечыць.
Значэнне крыві ў тэорыі сімвалаў амбівалентнае. З аднаго боку, кроў — жыццёвая сіла чалавека (найперш фізічная), з другога — праліццё крыві азначае смерць і ахвяраванне. Ва ўсіх старажытных народаў прыносіліся крывавыя ахвяры, якія ўтаймовывалі варожыя дэманічныя сілы. Эзатэрычная навука лічыць, што, сапраўды, інфернальныя істоты харчуюцца крывёю, таму іх неабходна задобрыць. Нават сёння ў Палессі, будуючы лазню, забіваюць на адпаведным месцы курыцу. Самая вялікая сура Карана называецца «Бакара»: яна загадвае прававерным мусульманам рэзаць буйную рагатую жывёлу. Ёсць нават спецыяльнае свята для ахвярапрынашэння — курбан-байрам. Здаецца, які дзікі звычай! На самай справе — вельмі мудры і выходзіць далёка за межы будзённага жыцця. Зарэзаць, каб пазбавіцца уяўных божышчаў (татэмізм — усё ж вельмі магутная рэлігія), божышчаў не сапраўдных, выдуманых самім чалавекам: нельга людзям ушаноўваць жывёл!